У сваім фэйсбуку Аляксей Мярэжка напісаў, што «паведамленьне пра пагрозу жыцьцю беларускага журналіста, вязьня сумленьня Ігара Лосіка ўспрымаецца з абурэньнем».
«Зьняволеньне Ігара Лосіка і яго жонкі Дар’і па беспадстаўных і незаконных рашэньнях лукашэнкаўскага суду — адзін з многіх ганебных прыкладаў аўтарытарызму і жорсткасьці нелегітымнай беларускай улады. Мы рашуча асуджаем рэпрэсіўна-карны характар беларускай сыстэмы! Мы патрабуем выкананьня ўсіх стандартаў гуманнага стаўленьня да палітвязьняў у Беларусі!
Заклікаем прэзыдэнта і ўрад Украіны працягваць узмацненьне санкцыйнага ціску на прадстаўнікоў беларускай улады, датычных да злачынстваў агрэсіі і парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі!
Мы заклікаем нашых эўрапейскіх калег аб’яднаць намаганьні, каб дамагчыся вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі і гарантаваць ім магчымасьць пакінуць тэрыторыю гэтай краіны!
Жыве Беларусь!
Слава Україні!»
Палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік можа зараз знаходзіцца ў ШЫЗА, а не ў мэдсанчастцы, як 20 сакавіка паведамілі праваабаронцы «Вясны». Як стала вядома Свабодзе, нейкі час таму Ігар нібыта адмовіўся «займацца прыбіраньнем памяшканьня», і яму прыгразілі, што зьмесьцяць у ШЫЗА. Лосік у адказ дэманстратыўна ў прысутнасьці іншых асуджаных лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка ў Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму, дзе Ігар Лосік адбывае 15-гадовае пакараньне.
21 сакавіка Вярхоўны суд адхіліў скаргу жонкі Ігара — Дар’і Лосік на прысуд у 2 гады калёніі.
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.