Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 лістапада: затрыманьні сяброў БСДП; рэйд сілавікоў у Бабруйску; затрымалі вядомага сьпевака


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Затрыманьні сябраў БСДП

Хваля перадвыбарных затрыманьняў закранула і сяброў зьліквідаванай уладамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, паведамілі ў партыйным тэлеграм-канале.

Вядома пра выпадкі затрыманьня сяброў партыі ў Берасьцейскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцях. Большасьць затрыманых ужо на волі, аднак пад падпіскай аб невыдаваньні і з новымі заведзенымі адміністрацыйнымі справамі.

У партыі адзначылі, што ў дачыненьні да многіх затрыманых сілавікі выкарысталі «новы падыход» — адключэньне мабільнай сувязі ня толькі ў іх саміх, але і ва ўсіх родных і блізкіх людзей падчас і пасьля затрыманьня.

У Бабруйску прайшоў рэйд сілавікоў

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», на мінулым тыдні ў Бабруйску прайшоў рэйд сілавікоў. У людзей праводзілі ператрусы, некаторых пасьля затрымлівалі. Вядома, што некаторыя пазьней выйшлі на волю, а нехта дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

Паведамляецца, што сярод затрыманых і тыя, каго не затрымлівалі ў адміністрацыйных справах раней.

13 чалавек асудзілі на Віцебшчыне

Адразу 13 чалавек за дзень учора судзілі ў Віцебскай вобласьці, даведаліся праваабаронцы.

Сярод асуджаных — Натальля Сізінцава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 2. Яна падрыхтавала шмат выпускнікоў-стабальнікаў і пераможцаў рэспубліканскіх алімпіядаў у грамадазнаўстве. Аб прысудзе піша vitebsk_info.

Аршанку абвінавацілі паводле ч. 2 ст. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Судзіў яе Мікалай Драгуноў.

Агулам, паводле інфармацыі праваабаронцаў, у палітычных адміністрацыйных справах адбылося пяць судоў у Глыбокім, па тры ў Воршы і Полацку і два ў Лепелі.

Прызналі «экстрэмісцкімі» старонку ByPol і Youtube-канал праекту «Беларускі Гаюн»

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» інстаграм-старонку ініцыятывы ByPol і ютуб-канал праекту «Беларускі Гаюн», заўважыў праваабарончы цэнтар «Вясна».

Акрамя таго, сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніў акаўнт актора Андрэя Бардухаева-Арла і старонка крамы CiesnaBrama ў Instagram, а таксама профіль «Грустный Коленька» «УКантакце» (на старонку гэтага парадыйнага праекту, які вядуць нібыта ад імя Мікалая Лукашэнкі, былі падпісаныя 2659 чалавек, апошні раз яна абнаўлялася ўлетку 2020 году).

У названым пераліку апынуўся і TikTok-акаўнт Grec Company Group.

Берасьцейцаў судзяць за ўдзел у пратэстах

5 лістапада ў судзе Ленінскага раёну Берасьця пачынаюць судзіць Міхаіла Ляшкевіча, Ільлю Мельнічука, Дзьмітрыя Максімука. Як паведамляе «Вясна», іх абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Семянчук.

Вядома, што Дзьмітрыя Максімука затрымалі ў сьнежні 2024 году. На відэа, якое апублікавалі праўладныя каналы, відаць, што да яго прыйшлі як мінімум трое ўзброеных сілавікоў у рыштунку. На камэру затрыманы казаў, што быў на акцыі пратэсту на праспэкце Машэрава, а таксама што прайшоў рэгістрацыю ў чаце-боце «Перамога» і накіроўваў інфармацыю ў чат-бот праекту «Голас».

Затрымалі вядомага сьпевака і вядоўцу Дзядю Ваню

Стала вядома, што 44-гадовага артыста, сапраўднае імя якога Іван Вабішчэвіч, затрымалі яшчэ ў верасьні. Што яму інкрымінуецца, невядома. Таксама няясна, што зь ім цяпер і дзе ён.

Instagram Івана Вабішчэвіча апошні раз абнаўляўся 26 верасьня. Прыкладна з гэтага часу ён неактыўны і ў іншых сацыяльных сетках і мэсэнджарах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG