Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумнеўная партыя. Палітычны экспэрымэнт зь няпэўнымі наступствамі


На зьезьдзе арганізацыі «Белая Русь». Архіўнае фота
На зьезьдзе арганізацыі «Белая Русь». Архіўнае фота

У мінулую суботу абвясьцілі пра стварэньне праўладнай палітычнай партыі «Белая Русь», адбыўся ўстаноўчы зьезд. Лукашэнкі на зьезьдзе не было.

І складваецца ўражаньне, што ён так да канца і ня вызначыўся, што рабіць з гэтай структурай, навошта яна патрэбная.

Сьцісла:

  • На зьезд партыі, якая нібыта павінна стаць «партыяй улады», Лукашэнка не прыйшоў. І гэта вельмі адметна.
  • Мяркуючы па ўсім, менавіта Натальлі Качанавай даручылі быць куратаркай гэтага праекту.
  • Здаецца, зьмена юрыдычнага статусу «Белай Русі» мала паўплывае на яе фактычны статус.
  • Відавочна, што новая структура ня мае пэрспэктываў ва ўмовах дэмакратычных выбараў, то бок ва ўмовах рэальнай палітычнай барацьбы, свабоднай канкурэнцыі партый.

Месяц таму, калі было абвешчана аб ператварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» у партыю, у экспэртным асяродзьдзі выказваліся розныя вэрсіі таго, як гэта паўплывае на палітычную сыстэму Беларусі. Ці то яна стане новай КПСС, якая будзе мець манаполію на ўладу? Ці ствараецца беларуская вэрсія расейскай «партыі ўлады» «Адзіная Расея»? Ці будуецца яшчэ адна праўладная партыя, кшталту Аграрнай ці Сацыяльна-спартыўнай партый (то бок нейкая дэкарацыя без рэальнага палітычнага ўплыву)?

І вось 18 сакавіка адбыўся ўстаноўчы зьезд, абвешчана аб стварэньні партыі «Белая Русь». Аднак гэты факт не ператварыўся ў нейкую больш-менш важную палітычную падзею. Піяр у дзяржаўных мэдыя быў даволі сьціплы.

І самае галоўнае: на зьезд нібыта «партыі ўлады» не прыйшоў сам уладар Лукашэнка. На зьезды БРСМ, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, нейкіх прафэсійных аб’яднаньняў (напрыклад, саюзу юрыстаў) прыходзіў, выступаў, даваў устаноўкі. А тут не палічыў патрэбным.

Больш за тое, Лукашэнка нават не прыслаў свайго прывітаньня зьезду. На афіцыйным сайце апошнімі днямі зьмешчаны віншаваньні Беларускаму саюзу вэтэранаў вайны ў Афганістане, калектыву Гарадзкога гінэкалягічнага шпіталя Менску, прывітаньне ўдзельнікам спаборніцтваў «Залатая шайба». А зьезду партыі, на якім яму прамаўлялі бясконцыя дыфірамбы, заснавальнікамі якой зьяўляюцца амаль 16 тысяч чалавек, не даслаў нічога. Нібыта не заўважыў.

Дарэчы, у Расеі Пуцін прыходзіў на зьезд праўладнай партыі «Адзіная Расея», выступаў з натхняльнымі прамовамі.

З афіцыйных асобаў зьезд наведала і выступіла старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Праўда, незразумела, ці ўступіла яна сама ў гэту новую партыю, бо ў кіроўны орган — Вышэйшы палітычны савет — не ўвайшла. Мяркуючы па ўсім, менавіта Качанавай даручылі быць куратарам гэтага праекту. Бо адначасова зь ёй у працы зьезду ўдзельнічалі яшчэ 13 чальцоў Савету Рэспублікі. А намесьнік Качанавай Валеры Бельскі ўвайшоў у склад Вышэйшага палітычнага савету.

Высокіх чыноўнікаў зь іншых дзяржаўных структур, напрыклад ураду, на зьезьдзе не было заўважана.

Што з усяго гэтага вынікае?

Ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка так да канца і ня вызначыўся, што рабіць з гэтай структурай. Не разумее да канца, навошта яна патрэбная. Ставіцца хутчэй з падазрэньнем, бо гэтая структура ж прэтэндуе на ўладу. А ва ўмовах пэрсаналісцкага рэжыму гэта заўсёды небясьпечна. Нейкі «чамадан бяз ручкі» — і кінуць шкада, і несьці нязручна. Маўляў, спачатку пагляджу, як вы сябе праявіце, і толькі тады буду аказваць нейкія знакі ўвагі.

У такім выпадку зьмена юрыдычнага статусу «Белай Русі» мала паўплывае на яе фактычны статус. Можна меркаваць, ідзецца пра палітычны экспэрымэнт зь няпэўнымі наступствамі.

Старшынёй новай партыі выбралі Алега Раманава. Калі ў ліпені 2022 году замест Генадзя Давыдзька ён стаў кіраўніком аб’яднаньня «Белая Русь», здавалася, на палітычным небасхіле беларускага рэжыму зьяўляецца новая постаць. Аднак нічым асаблівым ён сябе не праявіў. Людзі, якія яго трохі ведаюць, сьведчаць, што гэты чалавек радыкальна прарасейскіх поглядаў, імпэрац. Такія цяпер у фаворы.

Відавочна, што новая структура ня мае пэрспэктываў ва ўмовах дэмакратычных выбараў, то бок ва ўмовах рэальнай палітычнай барацьбы, свабоднай канкурэнцыі партый. Арганізацыя, дзе ўстаноўчы зьезд праходзіць цягам некалькі гадзін, усе рашэньні прымаюцца аднагалосна, без дыскусій, зьяўляецца «мёртвай». Але яна і не ствараецца дзеля рэальнай палітычнай барацьбы. Проста ўзьнікла яшчэ адна дадатковая падпорка аўтарытарнага рэжыму. Але, наколькі яна моцная, добра выявілася падчас пратэстаў 2020 году. Тыя падзеі паказалі, што ніякай апорай рэжыму «Белая Русь» не зьяўляецца, хоць фармальна і налічвае 200 тысяч «неабыякавых патрыётаў». Ператварэньне грамадзкай арганізацыі ў партыю ў гэтым пляне мала што памяняе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG