Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Познані адкрылася культурніцкая фундацыя «Кут». Расказваем, чым яна займаецца


Здымкі з фотавыставы. Фота з прыватнага архіву гераіні.
Здымкі з фотавыставы. Фота з прыватнага архіву гераіні.

Паразмаўлялі з сузаснавальніцай фундацыі Вольгай Стрыжнёвай. Даведаліся, як прыйшла ідэя, якія праекты робіць фундацыя і чаму гэта важна.

«Жыць у Польшчы і рабіць толькі для сэктару беларускага — гэта трошкі няшчыра»

Нядаўна ў Познані пачала дзейнічаць беларуская культурніцкая фундацыя «Кут». Ідэя такога праекту зьявілася, калі Вольга Стрыжнёва разам зь сяброўкай Насьцяй адкрылі сваю кавярню «Мы».

«Мы тады намацвалі свае ідэі і мэты, бо ня ведалі да канца, як хочам, каб выглядала гэтая кавярня. Ужо тады мы запрашалі беларусаў з культурнага сэктару. Пра стварэньне фундацыі мы думалі даўно, пра гэта нам казалі яшчэ і нашыя сябры. Летась мы пачалі падаваць заяўкі на разгляд нашай справы па адкрыцьці фундацыі. І афіцыйна мы зь сябрам Валерам Шацілам яе адчынілі, але неафіцыйна нам дапамагае вялікая колькасьць людзей: гэта ўсе, хто працягвае працаваць у „МЫ“, хто там пазнаёміўся, і таксама тыя, хто проста разьвівае культуру і прамой датычнасьці да кавярні ня мае», — апавядае сузаснавальніца фундацыі «Кут» Вольга Стрыжнёва.

«Кут» рэалізуе праекты, накіраваныя на беларускую супольнасьць у Познані. Імпрэзы праводзяцца на беларускай і расейскай мовах, але завітваюць і палякі, кажа Вольга.

«Мы ўвогуле сябруем з польскімі інстытуцыямі і спадзяёмся, што далей мы будзем рабіць і інтэграцыйныя нейкія мерапрыемствы, і імпрэзы па распаўсюджаньні культуры і польскай, і беларускай. І гэта не для таго, каб нас усе любілі, а каб мы самі разьвіваліся больш, бо жыць у Польшчы і рабіць толькі для сэктару беларускага — гэта трошкі няшчыра».

Гэта зусім ня значыць, што фундацыя хоча адысьці ад беларускага кірунку, падкрэсьлівае Вольга.

Вольга Стрыжнёва
Вольга Стрыжнёва

«Мы хочам дапамагаць беларусам спазнаваць той край, у якім яны апынуліся, але таксама палякам даведвацца пра беларусаў. Зрабіць так, каб гэта не былі такія зусім паралельныя лініі, якія ідуць сваім шляхам асобным, а каб гэта было больш інтэгравана».

Назва фундацыі «Кут» зьявілася зь некалькіх прычын, кажа Вольга.

«Канечне, назва пайшла і ад „Мой родны кут“. Але кожны з нас слова „кут“ па-свойму тлумачыць. Гэта такое матэматычнае слова ў нейкім сэнсе. Яшчэ „кут“ — гэта пункт, у якім пачынаеш задумвацца: а ці гэта не канец? Ці гэта новы пачатак? Можа, трэба завярнуцца ў другі бок і выйсьці з кута? Эстэтыка слова ў тым, што яно заахвочвае задумацца над жыцьцёвымі пытаньнямі, такое экзыстэнцыяльнае слова. Калі мы ўсе ў куце — гэта можна быць пачаткам новага шляху. А яшчэ нас уціснулі ў кут, а мы зь яго выйдзем».

«Мы дазваляем па-новаму адкрыць сабе сябе»

Праекты фундацыі «Кут» зьвязаныя з супольнасьцю, якая сфармавалася ў кавярні «Мы», кажа Вольга, і большасьць іх там і рэалізуецца.

«Калі мы толькі адчыняліся, мы рабілі мастацкія серады, бо я сама мастачка, я натхняла людзей маляваць такія накіды, проста седзячы, размаўляючы ў кавярні разам. Мне хацелася, каб людзі нешта рабілі творчае, а ня толькі сядзелі зь віном ці півам. Цяпер мы гэты праект зь іншымі мастакамі і мастачкамі перанесьлі ў супольную дзейнасьць фундацыі».

Таксама ў фундацыі праводзяць паэтычныя вечары. Цяпер больш за 90% людзей чытаюць вершы па-беларуску, заўважае сузаснавальніца.

«Вельмі радуемся, што нам удалося распачаць яшчэ і моўныя заняткі для ўсіх у нефармальнай атмасфэры. Таксама ў нас ужо два месяцы вельмі інтэнсіўна адбываюцца сустрэчы з мастакамі. Апошні раз з мастакоў у гасьцях быў Аляксей Лунёў, праект „ЦЯЧЭ“, безь якога складана ўявіць разьвіцьцё беларускай сучаснай культуры, праходзяць лекцыі Вольгі Архіпавай пра мастацтва Беларусі. Вольга і Аляксей Лунёў, дарэчы, прадстаўляюць клюб „І-ДЗЕ-Я“ — такая дыскусійная нефармальная ініцыятыва. У панядзелак быў у нас Маляваныч — Аляксандар Ждановіч. Ён шмат радасьці падараваў дзецям і дарослым. А ўчора было адкрыцьцё выставы Сяргея Русака „Культурны слой“».

Галоўная мэта — падараваць магчымасьць сустрэчаў людзям, якія зьехалі зь Беларусі, каб разам паглядзець і паслухаць нешта пра мастацтва.

«Гэта такі абмен інфармацыяй, новым досьведам. Мы ня толькі дзелімся зь людзьмі, але мы яшчэ дазваляем па-новаму адкрыць сабе сябе. Бо мне падаецца, што ўсе мы — і мэдыя, і культурныя дзеячы — пакуль жылі ў Беларусі, не да канца цанілі сябе. І якое шчасьце ўвогуле, што мы можам так паразмаўляць спакойна, не сьпяшацца нікуды. Таму цяпер мы адкрываем Беларусь па-новаму».

Цяпер над актыўнасьцямі фундацыі працуюць каля пяці чалавек.

«Мы не адмовімся ад дапамогі. Ну і, канечне, мы марым, каб кавярня і прастора пашырылася і ў нас было больш месца. Наша кавярня працуе больш за 2 гады, і ў нас ужо было шмат выставаў, сьняданкі за агульным сталом, імпрэзы на Ноч расстраляных паэтаў, стэндапы на беларускай мове, спэктаклі. Таму такой падзякай будзе тое, што вы проста прыйдзеце ў кавярню, усьміхняцеся нам, нешта замовіце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG