Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве стужкі з удзелам беларусак — сярод пераможцаў міжнароднага кінафэстывалю Artdocfest/Riga


Воля Чайкоўская, прадусарка фільму «Ёёгі».
Воля Чайкоўская, прадусарка фільму «Ёёгі».

У сталіцы Латвіі прайшоў міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно Artdocfest/Riga. У ліку ляўрэатаў — два фільмы з удзелам беларускіх кінэматаграфістак.

Прыз «Найлепшая рэжысура» журы прысудзіла Сашы Кулак за фільм «Ястраб памерам з каня» за «адкрытую і ўсьвядомленую манеру працы рэжысэра пры стварэньні фільму на невядомай раней псыхалягічнай тэрыторыі».

У цэнтры фільму Сашы Кулак — арнітоляг Лідзія Каташук з падмаскоўнай Шчарбінкі, піша «Reform-by». Гераіня пабудавала драўляны дом, у якім аднавіла атмасфэру сэрыялу Дэвіда Лінча «Твін Пікс», і здымае там сваю вэрсію з альтэрнатыўнай канцоўкай. У выніку Саша Кулак здымае фільм пра фільм Лідзіі. У працэсе здымак рэжысэрка сама становіцца пэрсанажам рэдкага кінэматаграфічнага вопыту. «Гледзячы гэты фільм, ня можаш зразумець, што больш мудрагеліста — гераіня ці само відовішча», — адзначыў у рэцэнзіі на фільм кінакрытык Антон Долін.

У конкурсе «Балтыйскі фокус» Макс Галамідаў атрымаў узнагароду «Найлепшы рэжысэр» за дакумэнтальны фільм «Ёёгі». Прысуджэньне прэміі эстонскаму рэжысэру, які цяпер жыве ў Токіё, журы матывавала наступным чынам: «За ўменьне рэжысэра цярпліва назіраць за разнастайнымі цудамі сьвету і назіраць за імі ў замкнёнай прасторы парку». Прадусарка гэтага фільму — беларуская кінэматаграфістка Воля Чайкоўская (разам зь Іва Фэльт і Ю Накадзіма), дырэктарка фэстывалю кіно краінаў Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае зьзяньне».

«У гэтым фільме спалучаюцца дзьве дзіўныя і, здавалася б, перасякальныя рысы, — адзначаецца ў анатацыі да „Ёёгі“. — З аднаго боку, адасобленае, амаль навуковае ў сваёй сухасьці назіраньне за звычайнымі сцэнамі жыцьця людзей у парку, з другога — адчуваньне нейкай магіі і немагчымасьці таго, што адбываецца».

«Ёёгі — гэта месца свабоды і выхаду за межы ўсяго чалавечага. Як першы палёт у неба», — адзначаецца ў анатацыі.

Гран-пры ў асноўных конкурсах фэстывалю атрымалі: у Artdocfest Open — карціна Энджы Вінчыта «Маніфэст» за «незвычайную моц, зь якой паказана нараджэньне зла, і безнадзейнасьць, зь якой яму супрацьстаіць невядомае пакаленьне»; у Baltic Focus — фільм Леі Глоб «Апалонія, Апалонія» за «прыгожы і кранальны двайны партрэт дзьвюх маладых мастачак. Гэта фільм, які дасьледуе барацьбу з даросласьцю, мастацтвам і жаноцкасьцю, аднаўляючы нашу веру ў сяброўства і свабоду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG