Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парлямэнце Ўкраіны пасьля заяў Лукашэнкі заклікалі Зяленскага разарваць дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусьсю


Вярхоўная Рада Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Вярхоўная Рада Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Дэпутаты патрабуюць ад кіраўніцтва Ўкраіны, каб яе палітыкай адносна Беларусі стаў дэмантаж саюзнай дзяржавы, дэакупацыя Беларусі, аднаўленьне дэмакратычнай легітымнай улады, прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі да міжнароднага трыбуналу.

Міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднаньне ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны «За дэмакратычную Беларусь» заклікала кіраўніцтва дзяржавы даць палітычную і прававую ацэнку дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі пасьля заяў аб інцыдэнце на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах і абразах у адрас прэзыдэнта Ўкраіны.

«Зьвяртае ўвагу той факт, што чарговыя агрэсіўныя, неадэкватныя і хамскія заявы Аляксандра Лукашэнкі прагучалі пасьля ягонага наведваньня Кітайскай Народнай Рэспублікі, што выклікае дадатковыя сумневы ў міратворчых ініцыятывах Кітаю», — адзначаецца ў заяве міжфракцыйнага аб’яднаньня.

Улічваючы, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца расейская вайсковая і авіяцыйная тэхніка, а Лукашэнка падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны і такім чынам спрыяе генацыду ўкраінскага народу, дэпутаты заклікалі сваю ўладу разарваць дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусьсю.

Апроч таго, дэпутаты заклікалі сваіх калег падтрымаць пастанову аб прызнаньні Беларусі часовай акупаванай Расеяй тэрыторыяй.

Як адзначаецца ў заяве міжфракцыйнага аб’яданьня, палітыкай Украіны датычна Беларусі мусіць стаць «дэмантаж саюзнай дзяржавы, дэакупацыя Беларусі, аднаўленьне дэмакратычнай легітымнай улады», а таксама прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі да міжнароднага трыбуналу па пакараньне за агрэсію і спрыяньне генацыду ўкраінскага народу.

Сакратарыят Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў кастрычніку 2022 году зарэгістраваў праект пастановы аб прызнаньні Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй.

У ёй прапануецца зьвярнуцца да міжнароднай супольнасьці з просьбай прызнаць тэрыторыю Беларусі часова акупаванай Расеяй, пазбавіць урад Лукашэнкі міжнароднай правасуб’ектнасці, спыніць удзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ і інш.), сынхранізаваць санкцыі супраць Расеі і Беларусі як акупаванай тэрыторыі і выключыць магчымасьць абыходу Расеяй санкцый празь Беларусь і выкарыстаньня Беларусі як афшорнай зоны.

26 лютага 2023 году ByPol і лідэры апазыцыі ў выгнаньні паведамілі, што расейскі самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А-50У быў пашкоджаны ў выніку атакі бесьпілётнікаў на авіябазу ў Мачулішчах.

7 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэтую дывэрсію ўчынілі ўкраінскія спэцслужбы, і назваў прэзыдэнта Ўкраіны «гнідай».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG