Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ПЭН за год зафіксаваў 1,4 тысячы парушэньняў правоў беларусаў у сфэры культуры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Летась зафіксавалі ня менш як 1390 парушэньняў культурных правоў і правоў чалавека супраць дзеячоў культуры, сьведчыць маніторынг Беларускага ПЭНу «Права на культуру. Беларусь 2022».

Паводле апублікаваных матэрыялаў, колькасьць палітзьняволеных дзеячаў культуры склала 108 чалавек, прымусова зьліквідавалі 74 арганізацыі культурнай накіраванасьці.

«Сярод фактаў 1004 парушэньні супраць 518 дзеячаў культуры і асоб, 217 парушэньняў супраць 185 культурных арганізацый і супольнасьцяў, 113 — у адносінах да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ці беларускай мовы», — гаворыцца ў матэрыялах маніторынгу.

Аўтары дакумэнта таксама ўключылі ў агульны ўлік 56 матэрыялаў, якія зьмяшчаюць кантэнт на культурную тэматыку (сайты, youtube-каналы, артыкулы, кліпы, кнігі) або датычаць дзеячоў культуры (старонкі ў сацыяльных сетках), уключаных Міністэрствам інфармацыі Беларусі ў сьпіс экстрэмісцкіх.

Сярод кірункаў парушэньняў правоў аўтары справаздачы адзначылі

  • цэнзуру і адміністрацыйныя перашкоды,
  • «нечалавечыя ўмовы ўтрыманьня ў зьняволеньні і практыку ўзмацненьня жорсткасьці рэжыму»,
  • перасьлед за антываенную пазыцыю і падтрымку Ўкраіны,
  • задушэньне іншадумства і любых формаў выказваньня думак пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам,
  • прапаганду варожасьці,
  • «ціск на ўсё нацыянальнае, русыфікацыю і прасоўваньне «русскога мира».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG