— Мы катэгарычна адхіляем інсынуацыі Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта датычнасьць украінскага боку да падзей на аэрадроме Мачулішчы. Відавочна, што гэта чарговая спроба стварыць штучную пагрозу з боку Ўкраіны, каб абгрунтаваць падтрымку расейскай агрэсіі.
Пагрозу трэба шукаць не ва Ўкраіне, якая змагаецца за сябе і шукае міру. Яна ў Расеі, якая ўсімі сродкамі спрабуе яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну, канчаткова пазбавіць яе незалежнасьці і сувэрэнітэту. Аляксандар Лукашэнка таксама дазволіў сабе грубы асабісты выпад у адрас прэзыдэнта Ўкраіны. Мы пакінем гэты акт бясьсільля без адказу.
- Служба бясьпекі Ўкраіны: «СБУ ня мае намераў камэнтаваць словы чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі. Што ж датычыць любых выпадкаў „бавоўны“, то пра яе мы зможам дэталёва пагаварыць пасьля нашай перамогі».
- У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны назвалі заяву Аляксандра Лукашэнкі цынічнай, бо ён такім чынам «выстаўляе сябе ахвярай вайны і паказвае свайму насельніцтву, што ён супраць вайны, хоць ужо больш як год спрыяе расейскай агрэсіі... Паплечнік Пуціна таксама раскрыў хлусьню сваёй прапаганды, што пашкоджаньняў (самалёта) не было ўвогуле».
- Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Міхайла Падаляк: «Трэба вызначыцца з азначэньнямі. Тэракт — гэта калі ракеты абстрэльваюць украінскія гарады з тэрыторыі Беларусі. Дывэрсія — калі ДРГ заяжджаюць з боку беларускай мяжы. Напад на самалёт-карэктавальнік А-50 — гэта антытэрарыстычны акт, які, дарэчы, зьдзейсьнілі мясцовыя партызаны».