Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня суд, а прапагандысцкі спэктакль». Завочна асуджаны ў справе «Вясны» Салаўёў заклікаў да новых санкцыяў супраць уладаў


Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота
Зьміцер Салаўёў, архіўнае фота

Зьміцер Салаўёў назваў суд і вырак над вясноўцамі спробай нэўтралізаваць праваабаронцаў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча.

Гэта заказныя тэрміны, якія паступілі непасрэдна ад Лукашэнкі, сказаў Салаўёў у інтэрвію Свабодзе.

«Гэта ня суд, а прапагандысцкі спэктакль, гэта расправа над праваабаронцамі, зьверскія тэрміны, якія яны прызначылі праваабаронцам, — гэта помста за тую дзейнасьць, якую праводзіў Праваабарончы цэнтар „Вясна“ 27 гадоў», — так пракамэнтаваў вырак адзін з падсудных у справе «Вясны» Зьміцер Салаўёў, якога прысудзілі завочна да 8 гадоў зьняволеньня і штрафу.

На думку Салаўёва, мэта ўладаў — каб не было незалежнага назіраньня, не паступала інфармацыя зь Беларусі аб сытуацыі з правамі чалавека, аб катаваньнях, аб забойствах, але «ў іх гэта не атрымаецца».

«Гэта спроба нэўтралізаваць праваабаронцаў — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча. Гэта заказныя тэрміны, якія паступілі непасрэдна з самага верху гэтай дыктатарскай улады, якія ператварылі краіну ў канцлягер», — падкрэсьліў ён.

Тое, што праваабаронцаў трымалі ў кайданках у клетцы, — гэта дэманстрацыя ўсяму сьвету жорсткасьці, зь якой гэтыя ўлады распраўляюцца з апанэнтамі, адзначае праваабаронца.

«Улады ператварылі краіну ў канцлягер і цягнуць зь яе ўсе магчымыя рэсурсы. У праваабаронцаў каштоўнасьці — гэта жыцьцё і правы кожнага чалавека. Тут і адбываецца каштоўнасны раскол паміж праваабаронцамі і ўладай, з такой уладай мы і ня можам сысьціся. Усе свабоды, якія запісаныя ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ў тым ліку падпісала і Беларусь, якую яна абавязана выконваць, але не выконвае, таму мы, праваабаронцы, усе гэта фіксуем і даводзім да сусьветнай грамадзкасьці. І атрымліваем пасьля гэтага помсту рэжыму», — кажа ён.

Зьміцер Салаўёў разьлічвае на рашучую міжнародную рэакцыю на гэты вырак:

«Я ўпэўнены, што зараз сьвет ускалыхнецца і будзе рабіць адпаведныя дзеяньні. Я ўпэўнены, што ня могуць на гэта глядзець і абмяжоўвацца рознымі заявамі аб занепакоенасьці самыя буйныя актары — Эўразьвяз і ЗША, іншыя дэмакратычныя суб’екты. Я выступаю, каб санкцыі былі павялічаныя, таму што гэта ненармальна — гандляваць з рэжымам, даваць яму магчымасьць зарабляць грошы, яшчэ трэба ўлічыць, што гэты рэжым дапамагае Расеі забіваць украінцаў».

Паводле праваабаронцы, нельга таксама забываць, што менавіта з боку Беларусі быў напад на Кіеў, і рэжым Лукашэнкі, «па сутнасьці, саўдзельнік тых злачынстваў, якія робяць акупанты ва Ўкраіне супраць людзей, супраць чалавецтва».

Салаўёў, які зьехаў за мяжу, заявіў, што ягоных паплечнікаў катуюць:

«Мы бачым катаваньні праваабаронцаў, я за тое, каб была адкрытая справа ў межах міжнароднай юрысдыкцыі за катаваньні праваабаронцаў. Увесь гэты працэс — гэта катаваньні ў адносінах да Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча».

Пра свой 8-гадовы вырак, вынесены завочна Салаўёў сказаў:

«Я той спэктакль ніякім судом не лічу. На маім прыкладзе паказана, што гэта за завочная працэдура. Прызначылі нейкую фэйкавую адвакатку, каторая зрабіла проста фэнамэнальную заяву (мусіць, гэта самая кароткая прамова адваката ў гісторыі), яна сказала „Асудзіце яго па справядлівасьці“. Гэта паказвае, што гэта не адвакат, а падстаўная асоба. Аказваецца, аплата гэтай асобы будзе яшчэ і за мой кошт. Прададуць маю маёмасьць, каб заплаціць грошы ёй і штраф».

3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны». Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:

  • Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
  • Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
  • Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
  • Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Разгляд крымінальнай справы праходзіў у судзе Ленінскага раёну Менску з 5 студзеня.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзімір Лабковіч не прызналі сваёй віны цалкам.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Кароль на пасяджэньні 9 лютага запатрабаваў асудзіць Бяляцкага на 12 гадоў калёніі, Стэфановіча — на 11, Лабковіча — на 9. Салаўёву, якога судзяць завочна, ён прапанаваў прысудзіць 10 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG