Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Пачобут падаў апэляцыю на вырак, яго тыдзень трымалі ў адзіночнай камэры


Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 16 студзеня 2023
Анджэй Пачобут у судзе. Горадня, 16 студзеня 2023

Журналісту Пачобуту раней прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пачобут падаў апэляцыю на вырак

Як стала вядома Свабодзе, Анджэй Пачобут у лісьце з Горадзенскага СІЗА прасіў перадаць вітаньні і падзяку за памяць пра яго «як мага большай колькасьці людзей».

Ад сваякоў палітвязьня стала вядома, што Анджэй падаў апэляцыйную скаргу на вынесены яму вырак.

Анджэй піша, што ў турме яму нечакана вырашылі зладзіць «вясёлае жыцьцё». Вядома, што тыдзень яго трымалі ў камэры-адзіночцы, а на пытаньне, калі ў яго зьявяцца суседзі, атрымаў адказ: «Зьвяртайся да опэра».

Працэс над Анджэем Пачобутам праходзіў у Горадзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі зь невядомых прычын.

8 лютага судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прызнаў палітзьняволенага журналіста вінаватым паводле

  • ч. 3 арт. 130 КК («зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасьці і зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму»);
  • ч. 3 арт. 361 КК («заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»)

і прысудзіў яму 8 гадоў зьняволеньня з адбываньнем у калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведаміла БелТА.

У кастрычніку ўлады дадалі Пачобута ў «сьпіс тэрарыстаў». Ён за кратамі ўжо больш за паўтара года. Зьняволены мае праблемы з страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Раней паведамлялі, што Пачобут моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, толькі дыетычныя кашы.

Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году разам зь іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасьці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус. З таго часу ён за кратамі: спачатку ў сьледчай турме Жодзіна, пасьля — у СІЗА № 1 Менску, ад верасьня 2022-га — у СІЗА Горадні.

Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG