Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася новае мэдыя, прысьвечанае правам чалавека і дыскрымінацыі: «Ня сёньня, ня заўтра, ня ўчора»


Мэта праекту «Ня сёньня, ня заўтра, ня ўчора» — барацьба са стыгмай і дапамога тым, хто сутыкнуўся з парушэньнем правоў ці непаразуменьнем грамадзтва.

Новы беларускамоўны рэсурс «Ня сёньня, ня заўтра, ня ўчора» пачаў працаваць на днях — пра яго запуск на сваёй старонцы ў сацсетках паведаміла кінэматаграфістка і журналістка Марта-Дар’я Клінава.

«Сяброўкі ды сябры! Мы нарэшце запусьцілі наша мэдыя! „Ня сёньня, ня заўтра, ня ўчора“ — гэта праект пра людзей, якім прыходзіцца змагацца ў гэтым сьвеце. А яшчэ — пра падтрымку ды салідарнасьць», — паведаміла Клінава.

Як падкрэсьлівае каманда рэсурсу, мэта мэдыя — барацьба са стыгмамі ды дапамога тым, хто знаходзіцца ў няпростай сытуацыі, сутыкнуўся з дыскрымінацыяй ці непаразуменьнем грамадзтва.

«Мы расказваем гісторыі людзей, якія апынуліся ў незвычайным становішчы, — дадаюць стваральнікі. — „Ня сёньня, ня заўтра, ня ўчора“ — гэта пляцоўка, дзе можна падзяліцца сваім досьведам ды атрымаць падтрымку».

На сайце ўжо заяўлена некалькі рубрык: «Гендар», «Эміграцыя», «Псыхалёгія», «Актывізм». На гэты момант на пляцоўцы можна пачытаць сэрыю эмігранцкіх гісторый беларусаў. Сайт функцыянуе дзякуючы дапамозе сяброў і энтузіязму стваральнікаў.

Стварыла рэсурс беларуская каманда, якая ў 2021 годзе пераехала ва Ўкраіну, а з пачаткам вайны — у Польшчу. Героі новага праекту — беларусы ў эміграцыі і тыя, хто застаўся ўнутры краіны.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG