Больш за 80 чалавек выжылі і былі эвакуіраваны берагавой аховай; 21 чалавек шпіталізаваны.
Крушэньне адбылося каля ўсходняга берага Італіі, у правінцыі Калябрыя. На борце судна знаходзіліся каля 250 мігрантаў з Ірану, Пакістану і Афганістану.
Прэм’ер-міністрка Італіі Джорджа Мэлёні выказала глыбокае шкадаваньне наконт здарэньня, назваўшы злачынствам той факт, што на 20-мэтровай лодцы знаходзілася столькі людзей. «Бесчалавечна абменьваць жыцьці мужчын, жанчын і дзяцей на цану „білета“, аплачанага імі ў ілжывай пэрспэктыве бясьпечнага падарожжа», — сказала яна.
Італія — адзін з галоўных «пунктаў прызначэньня» для нелегальнай міграцыі з краін Блізкага Усходу і паўночнай Афрыкі. Мігранты спрабуюць дабрацца туды на караблях ці лодках, каб папрасіць прытулку ў Эўразьвязе. Нярэдка яны гінуць па дарозе. Паводле зьвестак міжнароднай арганізацыі Missing Migrants Project, з 2014 году пры спробах перасекчы Міжземнае мора з мэтай міграцыі загінулі або зьніклі бязь вестак 20333 чалавекі.