Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры: Здраднікам ня месца на сцэне, на дзяржаўных імпрэзах ці канцэрце ў аграгарадку


Міністар культуры Анатоль Маркевіч
Міністар культуры Анатоль Маркевіч

Міністар культуры Анатоль Маркевіч рэзка выказаўся аб артыстах, якія не падтрымліваюць улады.

«Здраднікам ня месца на сцэне, нават калі гэта будзе дзяржспэцмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку», — цытуе Маркевіча прэс-служба Міністэрства культуры.

Міністар адзначыў, што да «кожнага артыста або творчага калектыву, які заявіў аб адрачэньні ад ранейшых поглядаў і жаданьні працаваць на карысьць Беларусі, прымяняецца індывідуальны падыход».

«Калі чалавек шчыра раскайваецца ў сваіх словах, пастах, лайках, гатовы працаваць на дзяржаву і публічна заявіць аб сваёй грамадзянскай пазыцыі, яму даецца другі шанц. Калі словы пакаяньня аказваюцца хлусьнёй, з такімі людзьмі мы расстаёмся адразу і назаўжды», — заявіў Маркевіч.

Ён таксама сказаў, што для таго, «каб жыць лепш, трэба не балбатаць, а працаваць». Галоўнай задачай 2023 году Маркевіч назваў пераход на парытэтнае фінансаваньне тэатраў — «задача няпростая, але выканальная».

Адной з ключавых задач міністэрства Маркевіч назваў павышэньне заробку работнікам сфэры культуры.

Рэпрэсіі супраць музыкаў

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года рэпрэсіі закранулі і сфэру культуры ў Беларусі. Улады зьліквідавалі шматлікія культурныя ўстановы, шмат прадстаўнікоў творчай сфэры знаходзяцца сёньня за кратамі.

Днямі ў публічнай прасторы зьявіўся «стоп-ліст» абсалютна розных выканаўцаў — па стылі, мове песень і краіне паходжаньня, піша BY_culture. У яго трапілі, сярод іншых, Іна Афанасьева, Шэр, «Ляпіс Трубяцкі», гурт «Нэрвы», «Нэўра Дзюбель», «Крамбамбуля», Lady Gaga, Макс Корж, Ларыса Грыбалёва і яшчэ каля 80 выканаўцаў.

На пачатку 2023 году ўлады рэзка ўзмацнілі рэпрэсіі супраць музыкаў. За адзін тыдзень, 23–29 студзеня 2023 году ў Беларусі затрымалі:

  • музыку Аляксандра Бурака з Магілёва. Яму прысудзілі 10 дзён арышту;
  • сьпявачку Аляксандру Захарык зь Менску (артыкул 342 КК);
  • барда Андрэя Мельнікава з Гомля. Яго арыштавалі да 5 лютага.
  • На віцебскага музыканта і арт-мэнэджара Ўладзімера Булаўскага завялі крымінальную справу;
  • У сярэдзіне студзеня пад адміністрацыйны арышт адправілі вулічнага музыку, які граў «Воины света».
  • 20 студзеня музычны гурт Tor Band упершыню ў Беларусі прызналі «эстрэмісцкім фармаваньнем». На трох удзельнікаў гурту завялі крымінальныя справы.
  • 31 студзеня за пратэсты пачалі судзіць уласьніка бару «Банки-бутылки» Андрэя Жука і ягоную жонку Марыю. У гэтым бары песьню «Окена Эльзи» выканала сьпявачка Мэрыем Герасіменка, якую за гэта ўжо асудзілі на «хатнюю хімію».

Перасьлед у тэатрах

Раней сыстэматычны перасьлед зазналі супрацоўнікі Опэрнага тэатру, на які абрынуліся адны з самых масавых рэпрэсій.

Пачынаючы з 2020 году, з Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі мусілі сысьці Вячаслаў Чарнуха-Воліч, Андрэй Галанаў і Іван Касьцяхін. Ад таго часу тэатар страціў яшчэ шмат супрацоўнікаў, вядомых далёка па-за межамі Беларусі. Саліст Нацыянальнага тэатру опэры і балету Павал Пятроў пакінуў калектыў разам з жонкай. Звольнілі сьпевака Ільлю Сільчукова, канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну, хормайстра Івана Цітова.

Тэатар не працягнуў кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, сьпявачкам Натальлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай. Некалькі чалавек звольніліся па ўласным жаданьні — у тым ліку адзін з найлепшых маладых дырыгентаў сьвету Дзьмітры Мацьвіенка і рэжысэркі Дар’я Пататурка і Алена Медзякова. Раней праз ідэалягічныя рознагалосьсі з адміністрацыяй пакінула тэатар сьпявачка Маргарыта Ляўчук.

Масавы сыход зорак беларускага мастацтва з тэатру працягнуўся найбольш інтэнсіўнымі тэмпамі пасьля прызначэньня ў траўні 2021-га дырэктарам тэатру Вячаслава Гарбузава, дзяржаўнага ідэоляга і актывіста БРСМ, які да 2017 году ня меў дачыненьня да мастацкай галіны, а ў тым годзе адразу быў пастаўлены кіраваць Берасьцейскім тэатрам драмы.

Яшчэ ў 2020 радзіму пакінулі асноўныя акторы Купалаўскага тэатру, якія заснавалі незалежную тэатральную групу за мяжой і даюць свае спэктаклі, у тым ліку ў рэжыме онлайн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG