Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Чарнагорыі абурыліся адменай канцэртаў «Ляпіса Трубяцкога» ў краіне


Будва
Будва

Да адмены выступленьняў беларускага гурту прывялі пратэсты прасэрбскіх актывістаў, якія адначасова падтрымліваюць і Расею ў вайне з Украінай.

«Народная амбасада Беларусі ў Чарнагорыі» ў сваім тэлеграм-канале выказала занепакоенасьць зрывам выступаў беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі» ў краіне.

Канцэрты меліся адбыцца ў чарнагорскіх гарадах Котар і Будве 14-15 лютага, перад гэтым выступ быў адменены ў сталіцы Сэрбіі Бялградзе. Гурту адмовілі ў прадастаўленьні пляцовак для канцэртаў. Музыкі патлумачылі гэта палітычным ціскам.

«Чарнагорыя стала новым домам для мноства беларусаў, якія перасьледуюцца ў іх роднай краіне за імкненьне да праўды і свабоды слова. Тут беларусы могуць адчуваць сябе ў бясьпецы, а гэтая агрэсія ў бок беларуска-ўкраінскага гурту, які падтрымлівае беларусаў і ўкраінцаў у іх барацьбе за свабоду, беспрэцэдэнтная», — гаворыцца ў паведамленьні «Народнай амбасады».

Для адмены канцэрту каля клюбу ў Будве адбылася маніфэстацыя прасэрбскіх актывістаў. Распаўсюджвалася інфармацыя пра магчымыя бомбы ў будынку. Акрамя таго, магчыма, што кіраўніцтву пляцовак, дзе плянаваліся канцэрты, таксама пагражалі.

«Мы спадзяёмся, што праваахоўныя органы Чарнагорыі зробяць усё магчымае, каб падобныя інцыдэнты не паўтарыліся, і ў будучыні Чарнагорыя застанецца гасьціннай краінай, адкрытай для ўсіх творчых асоб і культурных мерапрыемстваў», — напісала «Народная амбасада».

Будва стала адным зь месцаў, якое прыняло шэраг украінскіх уцекачоў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны 24 лютага 2022 году.

Беларусы Чарнагорыі выказалі ўдзячнасьць за актыўную пазыцыю кааліцыі арганізатараў антываенных акцый у Чарнагорыі, якая накіравала зварот да прэм’ер-міністра ў тэхнічным мандаце Дрытану Абазавічу, у Міністэрства ўнутраных спраў і пасольства Ўкраіны ў Чарнагорыі, якое таксама выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды адмены канцэрту.

У Чарнагорыі няма афіцыйнага дыпляматычнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь, яго функцыі выконвае Пасольства Рэспублікі Беларусь у Бялградзе (Сэрбія). Таму функцыі абароны правоў і інтарэсаў беларусаў у Чарнагорыі ўзяла на сябе «Народная амбасада беларусаў у Чарнагорыі», якая «прадстаўляе пазыцыю дэмакратычнай Беларусі ў асобе нацыянальнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай і Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК)».

На мінулым тыдні прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду згадала грамадзян Чарнагорыі і Беларусі сярод магчымых удзельнікаў выкрытага пляну прарасейскага перавароту ў дзяржаве. Таксама там згадваліся грамадзяне Сэрбіі. У Чарнагорыі частка насельніцтва мае прасэрбскія настроі і адмаўляе існаваньне самастойных чарнагорскіх нацыі і мовы. Гэтая катэгорыя насельніцтва мае, як правіла, і прарасейскія погляды, падтрымліваючы вайну супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG