Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прысуд можа быць толькі апраўдальным», — адвакаты фігурантаў справы «Вясны»


Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Дзьмітры Салаўёў (ззаду). Каляж
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Дзьмітры Салаўёў (ззаду). Каляж

9 лютага пракурор Аляксандар Кароль запрасіў тэрміны зьняволеньня для праваабаронцаў «Вясны»: ад 9 да 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адвакаты настойваюць на невінаватасьці праваабаронцаў і просяць суд апраўдаць іх.

У судзе Ленінскага раёну Менску больш за месяц ідзе судовы разбор у крымінальнай справе супраць старшыні «Вясны», ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, ягонага намесьніка, віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча і праваабаронцы Дзьмітрыя Салаўёва (завочна, у парадку так званага спэцыяльнага вядзеньня).

9 лютага пракурор на працэсе Аляксандар Кароль запрасіў тэрміны для праваабаронцаў «Вясны»: ад 9 да 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адвакаты настойваюць на невінаватасьці праваабаронцаў і просяць суд апраўдаць іх.

«Вясна» апублікавала вытрымкі прамовы ў судовых спрэчках адвакатаў Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча Тацяны Курадавец, Андрэя Доўнара і Галіны Тарнаўскене.

Што сказала абаронца Стэфановіча

У абвінавачаньні паказваецца, што нібыта ў зьдзяйсьненьні кантрабанды арганізаванай групай Стэфановіч дзейнічаў з карысьлівых меркаваньняў, якія выявіліся ў жаданьні атрымліваць для сябе выгаду маёмаснага характару ў выглядзе сыстэматычнага атрыманьня ўзнагароджаньня за ажыцьцяўленьне незаконнай дзейнасьці. Адвакатка Тацяна Курадавец лічыць, што доказаў гэтаму няма.

«Усе атрыманыя грашовыя сродкі ад арганізацыі Pavasaris былі Стэфановічам задэкляраваныя ў вызначаныя тэрміны ў адпаведнасьці з заканадаўствам з выплатай падаходнага падатку», — заявіла Кудравец.

На думку абароны, нягледзячы на тое, што заснавальнікамі Pavasaris зьяўляліся асобы, якія маюць дачыненьне да дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна», доказаў таго, што гэтая арганізацыя была створана менавіта для спрыяньня нейкай злачыннай дзейнасьці, таксама ня маецца. Наадварот, абвінавачаныя паказалі падчас допыту, што гэтая арганізацыя зьяўлялася самастойнай юрыдычнай асобай, ажыцьцяўляла дзейнасьць на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі, несла там адпаведныя выдаткі і мела пэўныя крыніцы даходу.

У абвінавачаньні таксама ўказана, што дзейнасьць «Вясны» фінансавалася замежнымі дзяржавамі, замежнымі і міжнароднымі арганізацыямі, у прыватнасьці дзейнасьць па назіраньні за выбарамі, якія праводзяцца ў Беларусі , што ў адпаведнасьці з арт. 48 Выбарчага кодэксу забаронена.

«Хачу адзначыць, што ў адпаведнасьці з названай нормай Выбарчага кодэксу забарона вызначана на фінансаваньне замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, міжнароднымі арганізацыямі падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, але не назіраньня за імі. Гэта значыць, дадзеная норма прыведзена тут, зноў жа, памылкова», — заявіла Кудравец.

Што тычыцца дзейнасьці абвінавачаных у аплаце штрафаў і кампэнсацый сродкаў, як той, што парушае нормы КаАП і цягне вызваленьне ад адміністрацыйнага спагнаньня альбо адміністрацыйнай адказнасьці, Тацьцяна Курадавец указала, што падставы вызваленьня ад адміністрацыйнай адказнасьці прадугледжаныя гл. 8 КаАП і робяцца па пастанове органу, які вядзе адміністрацыйны працэс:

«Аплата штрафу пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня не цягне ні вызваленьня ад адказнасьці, паколькі яна ўжо панесеная, ні вызваленьня ад адміністрацыйнага спагнаньня, паколькі яно ўступае ў сілу і падлягае выкананьню».

Адвакатка Стэфановіча адзначыла ўнутраную супярэчнасьць у пазыцыі дзяржабвінаваўцы: у абвінавачаньні пазначана, што перамяшчаліся грашовыя сродкі для дзейнасьці ПЦ «Вясна», у той жа час прымяняецца норма мытнага заканадаўства, якая рэгулюе парадак перамяшчэньня наяўных грашовых сродкаў для асабістых патрэбаў.

«Нічым не пацьверджана, што Стэфановіч знайшоў асобаў, а потым шляхам каардынацыі іх дзеяньняў і дачы ўказаньняў, даручэньняў, інструкцый, саветаў, набыцьця для іх праязных білетаў ажыцьцявіў незаконнае перамяшчэньне з адзіным намерам наяўных грашовых сродкаў у буйным памеры, — лічыць адвакатка Кудравец. — Ніякіх доказаў узаемадзеяньня Стэфановіча з асобамі, названымі як асобы, з дапамогай якіх былі перамешчаны грашовыя сродкі, ня маецца. Больш за тое, тыя асобы, якія прадстаўлены як доказ бокам абвінавачваньня, у сваіх паказаньнях не пацьвердзілі факт таго, што яны перамяшчалі якія-небудзь грашовыя сродкі па просьбе абвінавачаных ці іншых асобаў. Шэраг з названых асобаў наагул не дапытаныя, а большасьць не ўстаноўленыя».

Абарона прыходзіць да высновы, што ў лягічным ланцужку боку абвінавачаньня ёсьць мноства прабелаў, не ўстаноўленых, не даказаных, дадуманых сьледзтвам фактаў, само абвінавачаньне па ч. 4 арт. 228 КК заснавана на здагадках, а доказаў датычнасьці Стэфановіча да падрыхтоўкі і зьдзяйсьненьня дзеяньняў у перамяшчэньні наяўных грашовых сродкаў ня маецца.

Прысуд у дачыненьні да Стэфановіча можа быць толькі апраўдальным, заявіла ягоная адвакатка.

Што сказаў абаронца Лабковіча

Адвакат Уладзімера Лабковіча Андрэй Доўнар зьвярнуў ўвагу, што ўсе абвінавачаныя, якім вызначана роля ў стварэньні арганізаванай злачыннай групы і ўдзелу ў ёй, гэтыя абставіны адмаўляюць, як адмаўляюць сваю віну па ўсіх складах злачынстваў, якія ім ставяцца ў віну.

«Ніхто з дапытаных у межах гэтай крымінальнай справы асоб не паказваў на наяўнасьць арганізаванай злачыннай групы як такой і ўдзел у ёй».

Адвакат Лабковіча адзначыў, што, калі абвінавачаньне канстатуе арганізаваную групу, то павінны быць вызначаны яе выканаўцы, аб'яднаныя адзіным намерам. Таксама, паводле абаронцы Лабковіча, у ходзе папярэдняга расьсьледаваньня была дапытана велізарная колькасьць сьведак наконт іх дачыненьня да незаконнага перамяшчэньня грошай. Тым ня менш у матэрыялах крымінальнай справы няма ніводнага сьведкі, які б у сваіх паказаньнях паказаў на сваё дачыненьне да злачыннай дзейнасьці і паказаньні якога суд бы мог пакласьці ў аснову прысуду.

Абаронца Ўладзіміра Лабковіча адзначыў, што паказаньні двух засакрэчаных сьведак ня могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачаньня.

Што гаварыў абаронца Алеся Бяляцкага, пакуль не вядома. 13 лютага падсудныя павінны выступіць з апошнім словам у працэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG