Адміністратару тэлеграм-суполкі прысудзілі 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Гомельская вясна».
Уладзімера Буцькаўца затрымалі ў верасьні 2022 году. Гэтаму папярэднічала яшчэ адно затрыманьне і адміністрацыйны арышт. Калі Уладзімера затрымалі другі раз, на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, або ўдзел у ім) за адміністраваньне суполкі «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!», якая за кароткі час да гэтага была прызнаная «экстрэмісцкай».
Новы арышт вакаліста
Вакаліста гурту «Бан Жвірба» Дзьмітрыя Гаўрыліна зноў арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта паведаміў гомельскі грамадзкі актывіст Ільля Міронаў.
Гаўрыліна разам з жонкай затрымалі ў канцы студзеня. Пазьней яму прысудзілі 15 дзён арышту, пасьля якіх ён павінен быў выйсьці на волю 9 лютага.
«Зноў затрыманьне, як гэта правільней сказаць, і чарговыя 15 сутак. Калі адбылося судовае паседжаньне і па якім артыкуле, невядома», — піша Міронаў.
«Бан Жвірба» — вядомы музычны гурт з Гомля, заснаваны ў 1999 годзе. Грае музыку ў жанры фольк-рок. Гаўрылін іграе ў гурце ад самага пачатку ягонай дзейнасьці. Калектыў выдаў некалькі альбомаў, выступаў на нацыянальных і міжнародных фэстывалях у Беларусі, Украіне, Польшчы і Расеі.