Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віленская друкарня, якую заснавала палітзьняволеная беларуска, выпусьціла адзеньне з цытатамі Андрэя Скурко


Андрэй Скурко
Андрэй Скурко

У асартымэнце некалькі колераў і некалькі цытат вядомага журналіста і пісьменьніка.

Віленская друкарня A2.print зрабіла сувэніры з цытатамі нашаніўца, палітвязьня Андрэя Скурко. У продажы ёсьць майкі, сьвітшоты, худзі і торбачкі з надпісамі «Як раней ня будзе. Будзе лепей», «Шчасьце ўнутры нас», «Усё мінецца, а мы застанёмся» і «Захаваць сябе да часу, калі мы зноў будзем разам», піша «Наша ніва».

На выпушчаным адзеньні разьмешчаныя цытаты Андрэя, якія сталі афарызмамі.

Андрэй Скурко знаходзіцца за кратамі з 8 ліпеня 2021 году. Дома яго чакаюць жонка Паўліна і сын Тамаш. Андрэй піша для сына вясёлыя вершыкі і дасылае малюнкі. Адзін зь іх — сланянё — апынулася на прынце A2.print побач са словамі «Шчасьце ўнутры нас».

«Для нас гэта важны праект. Вельмі важна не забываць палітвязьняў. Гэта і наша асабістая гісторыя, мы хочам, каб не забывалі і нашу сузаснавальніцу Алесю Буневіч, каб людзі падтрымлівалі яе і іншых палітвязьняў», — сказалі ў друкарні A2.print.

Друкарня дасылае рэчы па ўсім сьвеце, толькі з дастаўкай у Беларусь, па прычынах, якія ад іх не залежаць, могуць узьнікнуць праблемы.

Заказаць футболкі можна па 15 эўра, сьвітшоты 25 эўра, худзі — 30 эўра, торбачкі — 10 эўра. Колер розны — чорны, белы, шэры, ружовы, зялёны ды іншыя, толькі некаторыя рэдкія колеры прыйдзецца пачакаць. Калі заказаць 10 і больш адзінак, то можна атрымаць зьніжку.

Андрэй Скурко — кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу газэты «Наша ніва», у розныя гады быў яе аўтарам і рэдактарам, з 2006 па 2017 год — галоўным рэдактарам, а таксама пісаў для часопіса «Наша гісторыя». Ён таксама сузаснавальнік, бас-гітарыст і аўтар тэкстаў для гурта «Цмокі» (Band A).

У ліпені 2021 году Скурко і іншых ягоных калегаў арыштавалі нібыта за арганізацыю пратэстаў, але ў выніку ў сувязі з пратэстамі ня выставілі наагул ніякіх абвінавачаньняў. Андрэя асудзілі на 2,5 года пазбаўленьня волі паводле артыкула 216 («Прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу»).

Алеся Буневіч — дырэктарка віленскай друкарні, яе затрымалі 4 красавіка ў рамках крымінальнай справы пасьля таго, як яна прыехала зь Літвы ў Беларусь на гадавіну сьмерці маці. У Горадзенскім раённым судзе 18 лістапада 2022 яе асудзілі на 3,5 года калёніі паводле ч. 3 арт. 371 КК («наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, зьдзейсьненае арганізаванай групай»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG