Расейская лябараторная служба «Helix» купіла сетку Synevo ў Беларусі, цяпер ёй належыць 100% долі найбуйнейшай сеткі лябараторый прыватнай дыягностыкі ў краіне, піша расейскае выданьне Fontanka.
Да зьдзелкі беларуская «Synevo» была часткай эўрапейскай сеткі лябараторый «Medicover», заснаванай у 2007 годзе, а таксама адзінай лябараторыяй у краіне, якая мела права праводзіць мікрабіялягічныя дасьледаваньні.
Хто сыходзіць?
Synevo — самая буйная на сёньняшні дзень дыягнастычная сетка Беларусі, у яе ўваходзяць лябараторыя і каля 60 пунктаў здачы аналізаў у 25 гарадах краіны. Працуюць тут больш за 500 чалавек. Першы дыягнастычны цэнтар адкрыўся ў Менску ў 2009 годзе.
Уладальнік сеткі і брэнду — швэдзкі холдынг Medicover, якому належаць мэдцэнтры і лябараторыі ў Польшчы, Нямеччыне, Румыніі, Украіне, Грузіі, Малдове, Сэрбіі і Баўгарыі. Заснавальнік Medicover — Ёнас аф Ёкнік, вядомы беларусам па сваім іншым праекце — Oriflame.
Беларускія актывы Medicover ацэньваліся ў €14,5 мільёна. Выручка холдынгу ў Беларусі склала ў 2021 годзе €21,7 мільёна, за дзевяць месяцаў 2022 году — €15,3 мільёна.
Хто прыходзіць?
У складзе сеткі — 58 лябараторных пунктаў у 23 гарадах і цэнтральны ў Менску, усе яны будуць інтэграваныя ў «Хеликс». Рэбрэндынг пройдзе паступова на працягу 2023 году.
«Некаторы час сетка будзе працаваць адначасова пад двума брэндамі — „Synevo“ і Helix, а потым пяройдзе цалкам пад брэнд Helix», — паведаміў Юры Андрайчук, заснавальнік і генэральны дырэктар «Helix».
У сетцы «Лябараторная служба Helix» больш за 600 дыягнастычных цэнтраў і лябараторных пунктаў у 200 гарадах Расеі і Казахстане, 5 лябараторных комплексаў у Маскве, Пецярбургу, Екацярынбургу, Краснадары і Новасібірску. За 2021 год выручка кампаніі склала 16,1 мільярда рублёў, чысты прыбытак — 1,69 мільярда.
Заснавальнік і генэральны дырэктар Helix — Юрый Андрайчук, выпускнік біяфаку Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Кампанія пачала значны рост пасьля пачатку эпідэміі ковіду, тады яны аднымі зь першых запусьцілі масавыя ПЦР-тэсты.