Прэм’ер-міністарка Рэспублікі Малдова Натальля Гаўрыліца 10 лютага абвясьціла, што падае ў адстаўку пасьля паўтара года знаходжаньня на пасадзе. Адстаўка кіраўніка ўраду цягне за сабой адстаўку ўсяго Кабінэту міністраў.
Як паведаміла малдоўская служба Радыё Свабода, Натальля Гаўрыліца заявіла, што краіна ўступае ў новую фазу, у якой прыярытэтам зьяўляецца бясьпека. У сваім выступе прэмʼер адзначыла, што яе ўрад паўтара года выконваў абавязкі ва ўмовах сталага крызісу, але пры гэтым змог, у прыватнасьці, дамагчыся ад Эўразьвязу прызнаньня статусу Малдовы як кандыдата на ўступ у ЭЗ.
Прэзыдэнтка Мая Санду заявіла, што правядзе кансультацыі з парлямэнцкімі фракцыямі, а затым вылучыць кандыдата на пасаду прэмʼер-міністра.
Натальля Гаўрыліца ўваходзіла ў тую ж палітычную сілу, што і Санду — праэўрапейскую «Партыю дзеяньня і салідарнасьці», якая мае большасьць у парлямэнце.
Сярод верагодных прычын адстаўкі называюць магчымую барацьбу між рознымі групамі кіроўнай партыі. Апроч таго, адстаўка прэм’ер-міністра адбылася на тле паведамленьняў аб «расейскім пляне дэстабілізацыі сытуацыі ў Малдове». Аб гэтым 9 лютага ў Брусэлі паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
У апошнія месяцы ў Малдове адбываліся масавыя акцыі пратэсту супраць палітыкі ўлады. Кіраўніцтва краіны абвінавачвалі ў іх арганізацыі прарасейскія сілы.