9 лютага адбыліся спрэчкі бакоў у справе праваабарончага цэнтру «Вясна». Праваабаронцаў абвінавачваюць у «кантрабандзе арганізаванай групай» (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 2 арт. 342 КК).
Пракурор Аляксандр Кароль запрасіў яе фігурантам вялікія тэрміны:
- Алесю Бяляцкаму — 12 гадоў зьняволеньня,
- Уладзю Лабковічу — 9 гадоў зьняволеньня,
- Валянціну Стэфановічу — 11 гадоў зьняволеньня,
- Дзьмітрыю Салаўёву — 10 гадоў зьняволеньня.
Правааабаронца Дзьмітры Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, у камэнтары Свабодзе адрэагаваў на завочны суд над ім і выступ пракурора:
«Ніякіх злачынстваў мы, праваабаронцы, не рабілі. „Вясна“ не займалася ні кантрабандай, ні фінансаваньнем пратэстаў. Ніхто з падсудных гэтым не займаўся. Усе абвінавачаньні лжывыя, а справа сфальшаваная, відавочны палітычны падтэкст. Гэта проста расправа над праваабаронцамі за шматгадовую праваабарончую дзейнасьць, за тое, што дакумэнтавалі праўду аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Дакумэнтавалі катаваньні, выпускалі аналітычныя агляды пра парушэньні правоў чалавека. Увесь сьвет ведаў, што адбываецца ў Беларусі, дзякуючы працы праваабарончага цэнтру „Вясна“»,-- адзначыў Салаўёў.
На пытаньне, ці зьвярталіся да яго з суду, ці ўдзельнічаў ён хоць неяк у гэтым працэсе, Салаўёў адказаў:
«Я лічу, што гэта незаконны працэс, гэты суд ня мае легітымнасьці ў краіне, дзе няма легітымнай улады. Я не зьбіраюся ніякім чынам удзельнічаць у ім. Гэта ня мае нічога агульнага з правам, гэта расправа над праваабаронцамі. Я крымінальнаму перасьледуюся паводле дзіўнай працэдуры, якая не адпавядае міжнародным стандартам, гэта пазбаўляе мяне права на абарону. Фізычна ўдзельнічаць там я ня мог, да мяне ніхто не зьвяртаўся. Пра тое, што мне прызначылі нейкага адваката: я ня ведаю, хто гэты адвакат, даверу да яго ў мяне няма, размовы зь ім у мяне не было», — кажа Дзьмітры Салаўёў.
«Я зьвяртаюся да ўсяго сьвету, каб падтрымалі тых праваабаронцаў, якія зараз знаходзяцца за кратамі, праводзілі як мага больш акцый салідарнасьці, пісалі ім лісты. Гэта вельмі важна, каб пісалі тысячы, сотні тысяч лістоў і зваротаў, каб сьвет не забыўся пра нобэлеўскага ляўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага, таксама пра Валянціна Стэфановіча і Ўладзя Лабковіча. І рабіў усе магчымае, каб яны як мага хутчэй вышлі на волю», — заклікаў праваабаронца.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.