Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І каб ніякага каханьня! Чаму беларускім студэнтам забаранілі сьвяткаваць Дзень сьвятога Валянціна


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьвята — гэта заўжды маленькае чараўніцтва. Дзень, калі мы верым у нейкі цуд. А рэжым Лукашэнкі ня можа дазволіць, каб людзі ў Беларусі верылі ў цуды.

Адной з маіх улюблёных дысцыплін ва ўнівэрсытэце была філязофія паўсядзённасьці. Тады я даведалася, што сутнасьць сьвятаў у тым, каб гэтую самую паўсядзённасьць разьбіваць. Яны становяцца гэткім перапынкам, калі мы робім ня тое, што звычайна, выглядаем ня так, як звычайна, кажам незвычайныя словы.

Асаблівасьць таталітарных рэжымаў у тым, што ім неабходна кантраляваць ня толькі паўсядзённае жыцьцё людзей, але і сьвяты, каб каб ад рэжыму і любові да яго не было аніякіх перапынкаў. І Беларусь у гэтым пляне вельмі хутка разьвіваецца.

Лепш бы, вядома ж, у краіне разьвіваліся сучасныя мэдычныя тэхналёгіі і інавацыйны бізнэс, але пакуль што ў Беларусі не да таго. Там жа — страшна сказаць — студэнты зьбіраліся сьвяткаваць Дзень усіх закаханых, а такія фрывольствы цяпер недапушчальныя.

І мой сарказм насамрэч вельмі сумны. Колькі б абсурду ні было ў цяперашняй Беларусі, я працягваю эмацыйна рэагаваць на кожную новую дурную прыдумку ўладаў. Абавязковыя элемэнты ў школьнай форме былі, падаецца, гэткай спробай пяра. Далей чынавенства быццам штораз падвышае стаўкі. Абавязковы гімн у школах, сумеснае мерапрыемства Ліцэя БДУ і КДБ, забарона сьвяткаваць Гэлаўін, забарона цацак хагі-вагі, а цяпер — забарона сьвяткаваць Дзень сьвятога Валянціна. І, каб не было прасторы для фантазій, загад правесьці ў Дзень усіх закаханых сьвяты, прысьвечаныя любові да Радзімы.

Сьвяты — гэта тое, чаго людзі чакаюць, і тое, што ўзгадваюць яшчэ нейкі час пасьля сканчэньня. Яны займаюць асаблівае месца ў нашым жыцьці, і якой бы справядлівай ні была крытыка празьмернага спажываньня, сьвяты да яго аднаго ня зводзяцца. Гэта заўжды маленькае чараўніцтва. Дзень, калі мы верым у нейкі цуд. А рэжым Лукашэнкі ня можа дазволіць, каб людзі ў Беларусі верылі ў цуды.

Таксама ён ня можа дазволіць, каб перапынкі ад паўсядзённасьці ў Беларусі выглядалі гэтак жа, як на ненавісным Захадзе. Ад праклятых бездухоўных эўрапейцаў і амэрыканцаў беларусы мусяць адрозьнівацца так моцна, як толькі гэта можна ўявіць. Таму я не зьдзіўлюся, калі ў найбліжэйшыя гады тэндэнцыя са зьменай сьвятаў будзе працягвацца і выходзіць на новыя ўзроўні абсурду.

Замест Раства можна сьвяткаваць дзень народзінаў Лукашэнкі, і ўсе дзеці, адпаведна, будуць не атрымліваць падарункі, а дарыць іх галоўнаму герою сьвята. Новы год можна перанесьці на Дажынкі ці дзень пачатку пасяўной, а замест Міжнароднага дня абароны дзяцей адзначаць дзень знаёмства дзяцей зь беларускай міліцыяй.

Бо ва ўсе дні — і звычайныя, і сьвяточныя — усе думкі беларусак і беларусаў павінны быць пра Беларусь. Лукашэнкаўскую Беларусь.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG