Блогер зь Бярозы Аляксандар Кабанаў адбыў трохгадовае зьняволеньне. У сьнежні ён выйшаў на волю з магілёўскай турмы №4. У канцы студзеня Аляксандар пераехаў у Вільню. Аляксандар Кабанаў разам зь Сяргеем Пятрухіным вялі ютуб-канал «Народны рэпарцёр». Вялікую вядомасьць яны набылі, калі асьвятлялі сытуацыю вакол будаўніцтва ў Берасьці акумулятарнага заводу. У 2020 годзе Кабанаў да свайго арышту фактычна выконваў функцыі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай. У вялікім інтэрвію для Радыё Свабода Аляксандар Кабанаў расказаў пра тое, як трэнаваў Сьвятлану Ціханоўскую, пра адносіны зь яе мужам Сяргеем, пра зьдзекі ў наваполацкай калёніі і пра тое, як па вызваленьні спрабаваў уладкавацца ў бярозаўскую раённую газэту галоўным рэдактарам.