29 студзеня Фонд салідарнасьці BySol абвясьціў збор грошай, якія патрэбныя на перавоз з зоны баявых дзеяньняў на Данбасе цела беларуса Эдуарда Лобава і пахаваньне яго ў Польшчы, дзе цяпер жывуць бацькі.
Раніцай 30 студзеня патрэбная сума была сабраная. Збор быў абвешчаны пра ўзгадненьні з маці Эдуарда Марынай. Цела Эдуарда хочуць пахаваць у Варшаве, дзе жывуць ягоныя бацькі і малодшы брат.
Як стала вядома Свабодзе, спачатку цела Эдуарда адвязуць у горад Белая Царква побач з Кіевам, дзе знаходзіцца ягоная вайсковая частка. У гэты час будуць рыхтаваць дакумэнты, каб транспартаваць цела ў Польшчу і атрымаць месца на могілках у Варшаве.
Хто такі Эдуард Лобаў
Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.
Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску.
У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.
У 2015 годзе Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем. У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:
«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей, і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару дзён».