Сьцісла:
- Кіеў не жадае прызнаваць легітымнасьць і абсалютны прыярытэт Ціханоўскай на міжнароднай арэне.
- Ці баіцца Кіеў раздражняць Лукашэнку? Глупства. Украіна стварае ўзброенае фармаваньне, якое заяўляе, што гатова ісьці вызваляць Беларусь.
- Украіна вымушана гуляць на беларускім полі значна больш актыўна, чым гэта могуць дазволіць сабе заходнія сталіцы.
- Кіеў разумее: калі Крэмль прыме рашэньне наступаць зь Беларусі, то гэта будзе зроблена. Ніякія «ўгоды» зь Менскам нічога не гарантуюць
— Палітычна актыўнае грамадзтва абмяркоўвае інфармацыю, нібыта афіцыйны Кіеў чыніць перашкоды для ўдзелу Сьвятланы Ціханоўскай у супольных з эўрапейцамі імпрэзах. Аднак, паводле крыніц Радыё Свабода ў Брусэлі, яны ня маюць інфармацыі аб тым, што Ўкраіна гэта робіць. Тым ня менш многія ўпэўнены, што Кіеў такім чынам імкнецца залагодзіць Лукашэнку. Ці лічыце вы, што ў Кіеве сапраўды прынялі такое рашэньне?
— Калі мы гаворым пра Ўкраіну, то тут беларускія палітычныя аналітыкі робяць дзьве памылкі. Па-першае, надта шмат арыентуюцца на выказваньні, а трэба больш увагі зьвяртаць на справы, дзеяньні.
Па-другое, існуе неразуменьне інтарэсаў Украіны. Відавочна, што пасьля пачатку вайны асноўная мэты Ўкраіны ў стаўленьні да Беларусі — гэта мець рычагі ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. І дастаткова ўдалым праектам у гэтым сэнсе стаў полк Каліноўскага, існаваньне якога прымушае беларускія ўлады пастаянна нэрвова рэагаваць. Сам Лукашэнка яго згадвае ледзьве ня кожны тыдзень.
Больш за тое, некаторыя ўкраінскія палітыкі бачаць сэнс у стварэньні на аснове беларускіх вайсковых фармаваньняў палітычнай арганізацыі, якая б аб’ядноўвала нацыянальна арыентаваныя і антырасейскія сілы Беларусі. Адпаведна, калі зыходзіць з жаданьня стварыць новы палітычны суб’ект, іншыя падобныя суб’екты так ці інакш выступаюць канкурэнтамі.
Адсюль зразумела, чаму ў Кіева стаўленьне да Ціханоўскай, скажам так, даволі асьцярожнае. У адпаведнасьці з выбраным падыходам Кіеў ня мае асаблівага жаданьня прызнаваць легітымнасьць і абсалютны прыярытэт Ціханоўскай як лідэра беларускага дэмакратычнага руху.
І я б не пагадзіўся з думкамі, што «Ўкраіна баіцца раздражняць Лукашэнку». Гэта глупства. Калі Ўкраіна стварае і ўсяляк падтрымлівае ўзброеныя фармаваньні, якія адкрыта заяўляюць, што ў свой час гатовыя пайсьці на Менск, то вось гэта сапраўдная падстава для раздражненьня і нават ваеннага адказу. На фоне гэтага афіцыйная сустрэча зь Ціханоўскай у якасьці «раздражняльніка» выглядае вельмі сьціпла.
— Але хіба нельга пазьбегнуць такой канкурэнцыі? Чаму нельга аб’яднаць патэнцыялы штабу Ціханоўскай і палка Каліноўскага? Тым больш што, наколькі вядома, прадстаўнікі Ціханоўскай увесь час спрабуюць наладзіць пэўны кантакт?
— Па-першае, сярод многіх беларускіх нацыянальна арыентаваных палітыкаў ёсьць насьцярожанасьць і нават варожасьць у дачыненьні да Ціханоўскай. Дастаткова паглядзець тэматычныя онлайн-рэсурсы. На некаторых зь іх крытыцы офісу Ціханоўскай адводзіцца больш месца, чым крытыцы Пуціна і Лукашэнкі. Маўляў, гэта «маскоўскі» праект, карумпаваны асяродак і г. д. Але, акрамя гэтых закідаў, маюць месца рэўнасьць ды канкурэнцыя. Прызнаньне Ціханоўскай для такіх лідэраў, як Пазьняк, — гэта страта асабістых амбіцыяў.
Аднак, магчыма, гэта ўсё будзе пераадолена ці зьнікне па меры афармленьня ў Кіеве новага палітычнага суб’екта. Напэўна, потым будзе ісьці пошук устойлівых фарматаў працы з Офісам і кабінэтам Ціханоўскай.
Для ўкраінскіх жа палітыкаў пакуль незразумела, што можа даць такое аб’яданьне. Ім было б зручней працаваць і з адной, і з другой групай, каб па-рознаму ўплываць на беларускае грамадзтва.
— Украіну не бянтэжыць, што яны ставяцца да Ціханоўскай зусім па-іншаму, у адрозьненьне ад сваіх асноўных палітычных партнэраў на Захадзе?
— Кіеў вымушаны гуляць на беларускім полі значна больш актыўна, чым гэта робяць заходнія сталіцы. Заходнім палітыкам прасьцей прызнаць адзіны цэнтар у асобе Ціханоўскай, працаваць зь ім, а ва ўнутраную «кухню» ня ўмешвацца. Ва ўмовах вайны Ўкраіне важна мець магчымасьць уплываць.
Калі рэканструяваць актуальную ўкраінскую стратэгію да Беларусі, то яе можна зьвесьці да двух прынцыпаў. Па-першае, падтрымка антырасейскіх сіл і настрояў у Беларусі. Па-другое, спрабаваць парушыць бесьперабойнае функцыянаваньне альянсу Пуціна і Лукашэнкі — падвысіць недавер, пасеяць сумневы, перасьцярогі, можна нават нешта прапанаваць. Украіна спрабуе рабіць першае і другое адначасова, таму захады Кіева ў інфармацыйным полі, асаблівую пазыцыю адносна санкцыяў варта разглядаць часткай гэтага працэсу.
— Менавіта на гэтую тэму зьявілася некалькі цікавых заяваў. Лукашэнка яшчэ на сустрэчы з Лаўровым «пахваліў» Украіну, якая не нападае на Беларусь, хаця, маўляў, Захад яе да гэтага і прымушае. Потым заявіў, што Кіеў прапаноўвае яму падпісаць акт аб ненападзе. Ці сапраўды вядуцца нейкія закулісныя перамовы, або Лукашэнка проста такім чынам выкарыстоўвае інфармацыйнае поле?
— Думаю, найперш гэта закранае інфармацыйную сфэру. Але вядома, пэўныя кантакты ёсьць. Я думаю, украінцы разумеюць, што максымум, чаго яны тут могуць дабіцца, гэта паспрабаваць убіць нейкі клін паміж Пуціным і Лукашэнкам, падвысіць узровень недаверу паміж імі; можа быць, сарваць асобныя інтэграцыйныя ініцыятывы. Але я думаю, Кіеў разумее, што калі Крэмль прыме рашэньні наступаць зь Беларусі, то гэта будзе зроблена. Лукашэнка гэтаму перашкаджаць ня будзе і ня можа. Таму ніякія «ўгоды» зь Менскам нічога не гарантуюць. Але трэба прынамсі спрабаваць аслабіць расейскія пазыцыі ў Беларусі, зрабіць альянс зь Менскам не такім простым і зручным.
Калі глядзець на дзеяньні, а ня словы, то мы бачым, што Ўкраіна рыхтуецца да магчымай абароны ад нападу з поўначы. Узмацняе мяжу, трымае тут пэўныя сілы. Нішто ня сьведчыць, што Кіеў усур’ёз вядзе нейкія перамовы і спадзяецца, што дамоўленасьці з Лукашэнкам могуць прадухіліць напад зь беларускага кірунку.
Разам з тым кантакты паміж Менскам і Кіевам ёсьць. Тычацца яны вайны, гуманітарных пытаньняў. Магчыма, эканомікі, тых жа нафтапрадуктаў і некаторых іншых тавараў. Але я ня думаю, што нейкая істотная дамова паміж Менскам і Кіевам магчымая. Яна немагчымая, бо ёсьць чыньнік Расеі, які і вызначае, якімі будуць стасункі Менску і Кіева.
— Той скандальны момант, калі Зяленскі не згадаў Беларусь у прамове пра паўстаньне 1863 году, ці сьведчыць гэта, сярод іншага, што Кіеў ігнаруе пачуцьці дэмакратычных праэўрапейскіх беларусаў, наўмысна не адрозьнівае Беларусь лукашэнкаўскую ад Беларусі дэмакратычнай? Можна ўспомніць і той факт, што ва ўсіх украінскіх прэзыдэнтаў былі добрыя адносіны з Лукашэнкам, а ня з тымі сіламі, якія яму супрацьстаяць.
— Па-першае, я б не перабольшваў дасьведчанасьць у беларускай гісторыі спічрайтэраў, якія пішуць прамовы Зяленскаму. Магу сказаць, што і ў літоўскай, і нават у польскай гістарыяграфіі часам складана знайсьці беларускі элемэнт у паўстаньні 1863-1864 гадоў. Для ўкраінцаў гэта паўстаньне — далёкая і невядомая пэрыфэрыя гістарычнай памяці. Зусім нядаўна была глыбокая дыскусія з украінскімі гісторыкамі, і асноўная выснова, якую можна зрабіць: Беларусі проста няма ва ўкраінскім поглядзе на гісторыю.
Што тычыцца таго, ці разьдзяляюць у Кіеве беларускія ўлады і беларускае грамадзтва, то такі падзел робіцца. Сацыялёгія паказвае, што 60-70 працэнтаў украінцаў ведаюць пра полк Каліноўскага, рэйкавых партызанаў, беларускую апазыцыю. Хаця, натуральна, хапае і тых, для каго сьвет пасьля 24 лютага стаў чорна-белым.