Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларушчынай зацікавіўся, калі пачаў рыхтавацца да гутаркі на „карту паляка“». Размова з блогерам Ягорам Тубялевічам


Ягор і Дар'я Тубялевічы з сынам
Ягор і Дар'я Тубялевічы з сынам

Паразмаўлялі зь беларускамоўным інфлюэнсэрам пра перасьлед, жыцьцё ў эміграцыі, блог і пра тое, чаму цяпер важна рабіць увесь кантэнт па-беларуску.

«Адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗІКу запэўніваў мяне, што сутак“ ня будзе»

Ягор Тубялевіч родам зь Ліды, вучыўся ў каледжы на радзіме, потым ва Ўроцлаўскай палітэхніцы, якую ня скончыў, бо хацеў жыць у Беларусі. Паступіў на гістарычны факультэт БДУ, але сам напісаў заяву на адлічэньне — праз вымушаны ад’езд з прычыны палітычнага перасьледу.

На момант пратэстаў Ягор актыўна вёў сацыяльныя сеткі, шмат расказваў у блогу пра сучасныя падзеі ў Беларусі, гісторыю. Нягледзячы на актыўную дзейнасьць, не чакаў, што да яго прыйдуць сілавікі. Гэта адбылося, калі ішла толькі першая хваля затрыманьняў.

«Да мяне прыйшлі з вобшукам у крымінальнай справе, якую завёў пракурор Горадзенскай вобласьці. Быў адзін з артыкулаў, па якіх цяпер судзяць рэйкавых партызанаў, толькі тады яшчэ ў мірны час. Мне прад’явілі, быццам я ў 2020 годзе займаўся ў Лідзкім раёне нейкай дзейнасьцю з „такога дня па такі“. Самае цікавае, што я год ня быў у Лідзе і раёне. У той час не было так шмат крымінальных спраў, затрыманьняў, яны не былі штодзённымі. А мне паказалі паперу, што я быў у Лідзе, калі мяне проста там не было фізычна», — апавядае Ягор Тубялевіч.

У выніку Ягора забралі на „суткі“ на Акрэсьціна, а потым у Жодзіна.

«Адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗІКу ўпэўніваў мяне, што „сутак“ ня будзе, бо ў мяне малое дзіця і жонка, яны ў мяне на ўтрыманьні. І ты думаеш: можа, ён штосьці ведае? Але я паехаў на „суткі“, прабыў на Акрэсьціна, потым трапіў у Жодзіна. Калі я толькі прыйшоў, там быў курорт, але празь некалькі дзён стала горш. І калі мы спыталі ў аднаго з супрацоўнікаў калёніі ў Жодзіне аб прычынах, нам адказалі, што хтосьці выйшаў, даў інтэрвію пра тое, якія ўмовы ўтрыманьня нармальныя. І, маўляў, цяпер атрымлівайце. Нават я калі трапіў, мне людзі казалі: «Не хвалюйся, калі ты прыехаў з Акрэсьціна, тут усё нармальна, тут у нас і матрацы і ўсё ёсьць, усё горшае засталося ў мінулым».

Пасьля затрыманьня супрацоўнік ГУБАЗІКу, які дапытваў Ягора, намякнуў, што калі хлопец ня зьедзе, яго не пакінуць у спакоі: будуць хадзіць з адміністрацыйнымі справамі, а потым завядуць крымінальную.

«Жонка казала: „Нам ня трэба легалізавацца ва Ўкраіне, трэба кудысьці выяжджаць, бо пачнецца вайна“»

Празь месяц Ягор зьехаў у Кіеў, потым сям’я перабралася ў Ірпень. Ва Ўкраіне Тубялевічы не маглі заставацца, бо не ўдалося атрымаць дазвол на жыхарства. За тры месяцы да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну сям’я пераехала ў Батумі.

«Жонка пастаянна казала: „Нам ня трэба легалізавацца ва Ўкраіне, трэба кудысьці выяжджаць, бо пачнецца вайна“. Я ёй тады казаў, што вайна ідзе з 2014 году, як можа быць яшчэ штосьці? Мяне моцна зьдзівілі яе словы. Мы вырашылі, што калі няма магчымасьці вярнуцца ў Беларусь, то паляцім туды, дзе мора і цёпла».

У Грузіі Тубялевічы пражылі больш за год, цяпер пераехалі ў Беласток. Ягор кажа, што ў Батумі было цяжкавата праз адрозную ад беларускай мэнтальнасьць.

«Вядома, у Грузіі клімат прыемны, гэта для мяне быў адзіны плюс. Я заўжды ставіўся з павагай да грузінаў, да ўлады за тое, што нас прытулілі. Але беларуская мэнтальнасьць больш эўрапейская. І цяпер такі ўзрост у сына, што вельмі важна для мяне і жонкі, каб ён трапіў у садок і школу зь беларускай мовай навучаньня, а такіх няма ў Батумі. Там ёсьць заняткі і садок на беларускай мове, але для дзетак старэйшых. Так мы вырашылі пераехаць у Польшчу. І мы тут толькі два тыдні, але ўжо адчуваецца вялікая розьніца», — апавядае Ягор.

Хлопец кажа, што ва ўсіх краінах беларусы ў дыяспары гатовыя дапамагаць адзін аднаму.

«Я заўважаў, што да 2020-га беларусы вельмі моцна асыміляваліся зь іншымі народамі, а цяпер яны групуюцца між сабой у розных гарадах і стараюцца адзін аднаму дапамагаць».

«У беларусах вельмі глыбока сядзіць „русский мир“»

Ягор расказвае, што пачаў цікавіцца беларушчынай у 2018 годзе, тады ж і пачаў весьці свой блог.

«Гэта пачалося, калі я пайшоў на заняткі па гісторыі Польшчы ў Лідзе, дзеля таго каб падрыхтавацца да гутаркі на атрыманьне „карты паляка“ і паступіць у польскую ВНУ, — сьмяецца Ягор. — Я заўжды цікавіўся гісторыяй, але ў нейкі момант гэта стала больш глыбока, былі некаторыя тэмы, якія пачаў у вольны час вывучаць. Паўстаньне Каліноўскага, хто кіраваў нашымі землямі і іншае. З часам я пачаў паглыбляцца, вывучаць, што было на Лідчыне. У 2018-м прыйшла ідэя блогу, бо я разумеў, што няма людзей, якія расказваюць пра гісторыю навукова-папулярна, папулярызуюць беларускую мову. Вырашыў паспрабаваць».

Хлопец кажа, што беларусаў вельмі цяжка адвучыць ад расейскага кантэнту, уплыву.

«Праблема — што ў нас, у беларусах, вельмі глыбока сядзіць „русский мир“. Цяпер вельмі мала беларускамоўнага кантэнту. Канечне, людзі, якія прачытаюць інтэрвію, скажуць, што яго дастаткова. Але я заходжу на ютуб, я бачу, што ёсьць навуковы кантэнт, навіны, па гісторыі Беларусі, пра мову. А дзе кантэнт, каб проста зайсьці, расслабіцца? Ва ўкраінскім ютубе ён ёсьць, у расейскім, у польскім, а ў нас няма».

Ягор падкрэсьлівае, што беларускі ютуб павінен быць абавязкова па-беларуску.

«Зразумела, што ёсьць кантэнт на расейскай мове, які можна ідэнтыфікаваць як беларускі, але яго мала. Напрыклад, я гляджу Хадасевіча пра беларускі футбол, яго лёгка ідэнтыфікаваць. Але як ідэнтыфікаваць, калі чалавек гаворыць па-расейску на якую-небудзь тэму, якая не зьвязаная зь Беларусьсю?»

Блогер заўважае, што праблема яшчэ ў тым, што на вытворчасьць якаснага кантэнту і яго рэкляму патрэбныя вялікія грошы.

«Каб людзі даведваліся пра кантэнт, трэба запускаць кантэкставую, таргетаваную рэкляму. І ў самім прасоўваньні ёсьць праблема, бо Google не дазваляе запускаць рэкляму на беларускай мове. Я ведаю выпадкі, калі людзі пісалі ў кампанію і ў іх атрымлівалася такое зрабіць. Але афіцыйна ў Google беларускай мовы няма, і ён яе блякуе, бо гэта „неподдерживаемый язык“».

З жонкай Дар'яй
З жонкай Дар'яй

«Мы цяпер у сытуацыі, калі ідзе вялікі ўплыў „русского мира“, татальная расеізацыя ў Беларусі»

«Праблема — што да беларусаў нават якасны беларускі кантэнт можа не даходзіць, бо патрэбны сродкі на прасоўваньне. І большасьць усё роўна абярэ расейскамоўны ці іншы кантэнт, бо сядзіць недзе ўнутры глыбока расейскі сьвет. Мы глядзім на ютубе расейскі кантэнт, бо ён зьвязаны з нашым дзяцінствам, а гэта звычайна нешта цёплае, роднае — і гэта таксама вялікая праблема. Вось чаму шмат хто глядзеў гэтае вію Дудзя з Кучэрам? Таму што: „О, ён жа ў сэрыяле „Салдаты“ быў! Дык ён вайну падтрымлівае? Трэба паглядзець, як ён гаворыць нейкую лухту!“»

Важна не баяцца рабіць кантэнт на розныя тэмы, мяркуе Ягор. Жонка Ягора Дар’я вядзе свой блог у Instagram і здымае відэа для Youtube пра жыцьцё ў эміграцыі і SMM.

«Напрыклад, мая жонка пачала здымаць у Youtube на беларускай мове. Яна была ў шоку, што людзі глядзяць, пішуць: „О, нарэшце такі кантэнт зьявіўся на беларускай мове“. Зараз для нас, беларусаў, важна падтрымліваць беларускую мову любымі шляхамі. Калі вы хочаце здымаць нейкія відэаблогі і вам здаецца, што гэта будзе так па-дурному выглядаць, не хвалюйцеся і здымайце, бо гэта важна. Варта памятаць, што на любы кантэнт знойдзецца свой глядач. Людзі проста праз тое, што вы здымаеце па-беларуску, скажуць вам дзякуй».

Ягор называе сваіх улюбёных беларускіх блогераў.

«Самы любімы — гэта ютуб-канал маёй жонкі, — усьміхаецца хлопец. — Я яе падтрымліваю, яна робіць важную справу. Штодня я гляджу „Жыцьцё-маліну“ з тымі, хто мяне цікавіць. Таксама „Вусы Скарыны“ — шоў Цімоха Акудовіча, ён усё расказвае лёгкай мовай, я думаю, нават дзецям гэта будзе цікава. Яшчэ гляджу „Честнок“ і Хадасевіча. Астатняе — гэта экстрэмісцкія СМІ, якія і так усе ведаюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG