Іх у эфіры Свабоды Premium абмяркоўваюць культуроляг Максім Жбанкоў і кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.
Паводле Жбанкова, рэпрэсіі супраць артыстаў — гэта зачыстка публічнай прасторы за тое, што ў 2020 годзе ўлада была страшэнна напалоханая. На яго думку, рэжым існуе ў стане ваенных дзеяньняў супраць народу і патрабуе надзвычайных сродкаў, адным зь якіх стаў «культурніцкі тэрор».
«Гэта прымус для маўчаньня, для гульні ў хованкі, адмовы ад пазыцыі. Кожная таталітарная ўлада, а ўлада ў Беларусі для мяне менавіта такая, успрымае культуру як зброю, як палітычны рэсурс, сродак і інструмэнт палітычнай улады. І таму змаганьне супраць поп-артыстаў мае сваю дзівацкую і дзікунскую лёгіку. Паводле гэтай лёгікі, кожны нязгодны мае свайго гаспадара, замову на антыдзяржаўны акт. І таму змаганьне супраць бяскрыўдных артыстаў — гэта змаганьне супраць варожых уплываў і культурніцкай інтэрвэнцыі. Улада ўспрымае „культурку“ як поле бою», — лічыць Жбанкоў.
На яго думку, сёньня ў Беларусі адбываецца вяртаньне да часоў «культурнага партызанства», калі музычная творчасьць ператвараецца ў падпольную справу, з кансьпірацыяй і сакрэтнымі канцэртамі і культурніцкім тэрорам.
На думку Халезіна, рэпрэсіямі супраць культуры ўлада прадэманстравала, што хутчэй, чым дэмакратычнае крыло грамадзтва, зразумела, што беларуская культура — гэта больш, чым культура.
«І культура гэта прадэманстравала на справе. Постэры Ўладзімера Цэсьлера становяцца маніфэстамі, або калі спэктаклі „Свабоднага тэатру“ нельга не забараніць, або літаратура, якую трэба трактарам укачаць у зямлю. Улады зразумелі, што культура ўжо ня толькі клапоціцца пра сябе, як яны спрабавалі навязаць. Культура стала зьвязваць у адно вельмі розныя плятформы, у адзін канцэпт, і стала дэкляраваць аб’яднаньне, у адрозьненьне ад часткі палітычнага сэгмэнту, частка якога працуе на разьяднаньне. А культура кажа, што мы павінны аб’яднацца ўсе, без размоваў, бо мы стаім перад абліччам вандалаў, і мы гэтых вандалаў павінны ўціхамірыць», — сказаў кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін.
На яго думку, беларускім творцам цяпер неабходна вывучаць дасавецкі і савецкі досьвед, карыстаючыся найноўшымі тэхналёгіямі, а таксама ставіцца да вымушанай эміграцыі як да новых магчымасьцяў.