Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка даў пасаду экс-чыноўніку Мінабароны Беларусі, якога сваякі з Украіны прасілі не ваяваць супраць радзімы


Былы памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва Алег Воінаў (справа)
Былы памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва Алег Воінаў (справа)

Ягоныя сваякі пасьля нападу Расіі на Ўкраіну запісалі відэазварот да Воінава, заклікаючы не ваяваць супраць радзімы самому і паўплываць на сваё камандаваньне.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Алега Воінава дырэктарам дэпартамэнту архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі Беларусі. З 10 траўня 2022 году ён кіраваў Нацыянальным гістарычным архівам.

Генэрал-маёр Алег Воінаў раней працаваў памочнікам міністра абароны ў пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва.

Алегу Воінаву 55 гадоў, яго ўнесьлі ў адзін з санкцыйных спісаў Эўразьвязу. Нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Днепрапятроўску (цяпер Дніпро). У 1984 годзе паступіў у Новасібірскую вышэйшую Ваенна-палітычную агульнавайсковую вучэльню. Службу праходзіў у Беларускай вайсковай акрузе. У 2015 годзе яму прысвоілі званьне генэрал-маёра.

Ягоныя сваякі, якія і цяпер жывуць ва Ўкраіне, пасьля нападу Расеі запісалі відэазварот да Воінава, заклікаючы не ваяваць супраць радзімы самому і паўплываць на сваё камандаваньне.

Жыхар украінскага гораду Дніпро Глеб Воінаў раней запісаў эмацыйны відэазварот да свайго роднага брата Алега, які займаў пасаду начальніка дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва ў Мінабароны Беларусі.

Як піша партал Informator.ua, да свайго сваяка Глеб Воінаў вырашыў зьвярнуцца ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну.

«Ты, Алег, нарадзіўся і вырас у Дніпры. Цяпер ты служыш у Беларусі, займаеш пасаду памочніка міністра абароны Рэспублікі Беларусь у пытаньнях вайсковага супрацоўніцтва. Цяпер у нас у краіне ідзе вайна, і я б хацеў, каб ты па меры сваіх сіл і магчымасьцяў прыклаў як мага больш намаганьняў, каб спыніць гэтае кровапраліцьце. Гэта поўнае вар’яцтва. Украінскі народ будзе сваю зямлю абараняць», — сказаў Глеб Воінаў.

У запісе відэазвароту ўзяла ўдзел і жонка Глеба:

«Тут жыве твая мама, напэўна, самы родны і дарагі для цябе чалавек, — сказала жанчына. — Мы нічога ня ведалі пра тое, што будзе вайна. Пра тое, што вы хочаце ўзяць у ёй удзел. Як ты будзеш глядзець у вочы нам? Мы табой ганарыліся, мы не жадаем, каб нам было сорамна, што нашыя сваякі жывуць у Беларусі. У цябе таксама ёсьць дзеці, сын, дачка. Як вы можаце гэта дапусьціць? Вы можаце паўплываць на гэта. Гэта ў вашых сілах. Тут цячэ кроў нашых дзяцей, іх забіваюць, а вы робіце выгляд, што гэтага ня ведаеце? Тут страшна, што адбываецца, мы ў пекле. Будзеце гарэць у пекле і вы».

Пра рэакцыю Алега Воінава на зварот сваякоў з Украіны нічога не вядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG