Свабодзе з дапамогай спадарожнікавага сэрвісу Planet Labs удалося атрымаць якасны здымак таго, што адбываецца на вайсковым палігоне «Лепельскі» ў Віцебскай вобласьці. З пачатку вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны гэта першы здымак такой якасьці, што мы атрымалі.
Актыўнасьць вайскоўцаў на асноўных беларускіх палігонах застаецца да гэтай пары даволі высокая. Палігон «Лепельскі» — адзін зь першых, на які пачалі прыбываць, прыкладна з 18 кастрычніка 2022 году, эшалёны з расейскай тэхнікай і вайскоўцамі пасьля абвяшчэньня сумесных вучэньняў так званай рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі.
На 12 студзеня 2023 году на палігон усё яшчэ працягвалі прыбываць расейскія вайскоўцы. Пры гэтым адбываецца пастаянная праверка 19-й гвардзейскай асобнай мэханізаванай брыгады, што разьмяшчаецца ў вёсцы Заслонава пры палігоне. Напрыклад, 9 студзеня 2023 году танкавы батальён брыгады пачаў марш-кідок да 227-га агульнавайсковага палігону пад Барысавам. Да гэтага 13–18 сьнежня была праведзена праверка гатоўнасьці дзяжурных сілаў гэтай жа брыгады.
На палігоне відаць багата тэхнікі, сярод якой можна заўважыць, верагодна, КАМАЗы, танкі і БМП. Агульная колькасьць тэхнікі — ня менш як 150 адзінак. З усходняга і заходняга бакоў можна пабачыць два палявыя лягеры прыкладна на 14 і 30 намётаў, кожны намёт прыкладна 10 на 5 мэтраў.
На поўнач ад палігону — чыгуначная станцыя «Заслонава», ад яе праз вайсковы гарадок і лес ідзе дарога проста да палігону.
На чыгуначнай станцыі відаць два эшалёны з вагонамі і плятформамі для пагрузкі тэхнікі. Па ценях, якія адкідае гэтая тэхніка, можам меркаваць, што гэта ў асноўным танкі ці БМП, таксама прысутнічаюць грузавыя машыны.
На спадарожнікавым здымку відаць, што на базе захоўваньня тэхнікі частка яе выведзена з гаражоў. Для параўнаньня прыкладаем здымак, зроблены ў пэрыяд з 13 па 18 сьнежня 2022 году. Бачым, што гэтыя гаражы выкарыстоўваюцца для захоўваньня баявых машын пяхоты. Меркавана, на здымку менавіта яны.
Паводле апошняга дасьледаваньня экспэртаў амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), «плян расейскага наступу на поўнач Украіны цяпер застаецца малаімаверным». Пры гэтым экспэрты прызнаюць, што «Крэмль забясьпечвае гнуткасьць плянаваньня». Хоць Масква і «пашырае расейскую вайсковую прысутнасьць у Беларусі», ISW мяркуе, што дадатковыя сілы накіроўваюцца на беларускую тэрыторыю «толькі ў рамках вучэньняў». «На гэты момант няма ніякіх доказаў таго, што Расея стварыла ў Беларусі структуры камандаваньня і кіраваньня, неабходныя для апэратыўнай ударнай групы», — канстатавалі аналітыкі.
На мінулым тыдні стала вядома, што ў Беларусь прыбыла камісія Мінабароны РФ на чале з галоўнакамандуючым Сухапутнымі войскамі Алегам Салюковым.
Былі праінспэктаваныя воінскія часьці і падразьдзяленьні расейскага кампанэнта так званай рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Радыё Свабода сочыць далей за разьвіцьцём сытуацыі на беларускіх вайсковых аб’ектах.
Калі ў вас ёсьць інфармацыя, якой вы можаце з намі падзяліцца, прысылайце, калі ласка, у рэдакцыю.
Наш тэлеграм-бот @SvabodaBelarus_bot
Наш нумар у Signal +380502605369