Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не люблю сарказму ў дачыненьні да беларусаў». Вялікае інтэрвію зь лідэрам гурту «Ногу свело» Пакроўскім пра Лукашэнку, Гуцэрыева і Вільню


Максім Пакроўскі, лідэр расейскага гурту «Ногу свело»
Максім Пакроўскі, лідэр расейскага гурту «Ногу свело»

Максім Пакроўскі, лідэр расейскага гурту «Ногу свело», ад пачатку вайны ва Ўкраіне асудзіў расейскую агрэсію. Адзін за адным ён выпускаў кліпы ў падтрымку Ўкраіны і супраць вайны.

Пакроўскі не выбіраў выразаў: «Русские, мы все про...ли». «Украина — моя вторая половина», — гэта асабістая гісторыя Максіма, маці якога з украінскага Дніпра.

Музыка пагаварыў са Свабодай пра актуальныя сёньняшнія падзеі і паразважаў пра будучыню.

«Падсьцілалі газэткі, бо так выхавалі»

— Максім, калі Ўкраіна для вас «другая палова», то што такое Беларусь?

— Беларусь заўсёды роднай была, бо мы частка адной славянскай тусовачкі. Канечне, паездкі ў Беларусь, канцэрты, ня толькі ў Менск, былі для нас вельмі многім. Нам было ў Беларусі вельмі добра. У 2020 годзе адбыліся крывавыя падзеі ў вашай краіне. Наш кліп «Молчание ягнят» сталі ўспрымаць як падтрымку пратэстаў у Беларусі, мы ні на долю сэкунды не адмаўлялі гэтага, хоць часам нагадваем, што там узятыя кадры і расейскіх пратэстаў. Калі мы выказаліся на гэтую тэму, то атрымалі ад вашых суграмадзян такую колькасьць дабра і ўдзячнасьці. Гэта ж усё легла не на пустое месца, а базіс нашай любові да Беларусі. Я лічу вас абсалютна роднымі.

— Беларусы — гэта ягняты?

— Я не люблю крытыкаваць і выказваць свае меркаваньні пра іншы народ. Я не люблю сарказму ў дачыненьні да беларусаў, што яны падсьцілалі на лаўкі газэткі, перад тым як на іх залезьці. Мухі — асобна, катлеты — асобна. Падсьцілалі газэтку, бо выхаваныя, бо так вучылі! Так, мы, і расейцы, і беларусы, маглі б зрабіць нешта інакш, але гэта доўгая размова, чаму ў нас не атрымалася, а ва ўкраінцаў атрымалася. І пра ролю Савецкага Саюзу, і пра прыгоннае права, і г.д.

— Памятаеце сваю рэакцыю на пратэсты ў Беларусі?

— Канечне, і памятаю, як мы жыва абмяркоўвалі гэта ў нашай сям’і. Я памятаю, як мы з маёй жонкай Таняй абмяркоўвалі кадры, калі «бацька» (не крыўдуйце на мяне за гэтае слова, я яго бяру выключна ў двукосьсе), нелегітымны прэзыдэнт Лукашэнка скакаў з аўтаматам. Тацяна мне казала: «Ты паглядзі, гэта ж усё! Ён усё, ён сябе вычарпаў!» Я кажу, гэта сьмешна, але ён прыляцеў у прэзыдэнцкі палац і ён будзе падпісваць указы, хоць і нелегітымны. Мы ўсё вельмі блізка бралі да сэрца. Я ўвогуле не кажу пра людзей, якія зьведалі гвалт — гэта нешта. Памятаю, як пытаўся, ці больш людзей выйшла? Жонка кажа, што не, але ўсё адно шмат. Канечне, хацелася б, каб выходзіла больш, але я разумею іх рызыкі і страхі.

Максім Пакроўскі
Максім Пакроўскі

«Добрыя, не гаўністыя людзі»

— Ці можна гаварыць пра нейкую асобную эстэтыку беларускага пратэсту?

— Гэтыя гісторыі з кветкамі — гэта вельмі кранае. Калі я быў падлеткам, то чытаў кнігі Аляксандра Волкава. І сярод іншага ў яго была краіна Жавуноў — добрыя такія людзі. Вось, дарагія беларусы, вазьміце з маіх словаў самае добрае, лепшае. Гэта вось эстэтыка добрага народу, які жыве, усьміхаецца, узьбівае выдатную сьмятану, пры гэтым пастаўляе плянэце мазгі ў ІТ-індустрыі. Добрыя, не гаўністыя людзі, якія б маглі жыць і жыць, сябравалі б, разьвіваліся, дапамагалі б іншым, калі б ім далі.

— Кіраўнік BySol Андрэй Стрыжак у сваім фэйсбуку напісаў, што вы даўно знаёмыя. Адкуль? Можа, данацілі на нейкія праекты?

— Наша знаёмства было віртуальнае. Для мяне не было сумневаў, якога маштабу чалавек Андрэй Стрыжак, калі нас прадставіў адзін аднаму журналіст «Новой газеты» Ян Шэнкман. Пасьля таго ж, як і так кашмарная сытуацыя стала яшчэ больш кашмарнай 24 лютага, добрыя людзі сталі неяк знаёміцца, аб’ядноўвацца, ствараць нешта. Што тычыцца данатаў, то так, гэта было. Першае знаёмства з Стрыжаком было, калі ў 2020 годзе онлайн ладзіўся «Партызанфэст». У нас ёсьць і далейшыя пляны наконт каапэрацыі ў зборы сродкаў. Гэта яшчэ не адбылося, але, спадзяюся, будзе. У хуткім часе пасьля нашага інтэрвію я лячу на Кіпр, дзе вазьму ўдзел у шоў, сродкі зь якога пойдуць на палявы шпіталь для ўкраінскіх салдатаў. Магчыма, мы ўсё гэта будзем рабіць у каапэрацыі з Андрэем Стрыжаком.

«Вільня прыўкрасная»

— Мы запісваем інтэрвію ў Вільні. Што вы тут робіце?

Максім Пакроўскі
Максім Пакроўскі

— У нас частка сям’і цяпер тут жыве зь дзьвюх пасьлядоўных прычын: 1) вайна, наша антываенная дзейнасьць і немагчымасьць пакідаць блізкіх у Маскве; 2) у Вільні мы, бо тут абсалютна выдатная абстаноўка, цудоўныя праваабаронцы, які дапамагаюць такім, як мы. Наша сям’я — гэта грамадзяне сьвету. Але мая мама — гэта грамадзянка Расеі, хоць і ўкраінка з паходжаньня. Нам вельмі дапамаглі з Freedom House, таму мае сваякі тут.

— Вільня ім падабаецца?

— Вільня прыўкрасная. Тут абсалютна неверагодная атмасфэра. Нават калі ня браць прагрэсіўную інтэлігенцыю, якая прыехала сюды зь Беларусі і Расеі. Таксама тут шмат украінцаў. Тут вельмі добры народ. Маме падабаецца, бо шмат хто вольна размаўляе па-расейску. Нам тут падабаецца, бо шмат хто гаворыць і па-расейску, і па-ангельску. Цёплы горад. Яшчэ адна частка нашай сям’і жыве ў Нью-Ёрку, пасьля ЗША Вільня нас добра так расслабляе, ня робіць з нас курыц вараных, а проста мы жывём крыху больш разьмерана.

— З хэйтам не сутыкаліся з боку літоўцаў?

— Ведаеце, не. Мае тут жывуць паўгода, яны такога ня бачылі ад літоўцаў ці кагосьці яшчэ. Мы з жонкай і дачкой тут другі раз усяго ў Вільні. Літоўскі спакой, нешматслоўнасьць і неэмацыйнасьць — так. Учора мы рэгістравалі мамачку па нейкіх сацыяльных пытаньнях, зайшлі, пастукаліся, там нас сустрэла спакойная, строгая жанчына. Выдатна гаворыць па-расейску зь літоўскім акцэнтам. Няма і блізка такога, каб казалі: «Рускія, валіце адсюль». Я вельмі спадзяюся, што такога і ня будзе. А нават калі і будзе, то гэта не тэндэнцыя.

«Гуцэрыеў расьпешчаны лёсам і грашыма»

— Хацелася б пагаварыць пра чалавека, які стаў блізкім да Аляксандра Лукашэнкі і быў блізкім да вас, — алігарха Міхаіла Гуцэрыева.

— Пра Сафарбекавіча я магу гаварыць вельмі шмат, таму давайце больш канкрэтныя пытаньні.

— Знайшоў артыкул «Расейскі рокер, якога ўтрымліваў сябра Лукашэнкі, цяпер узносіць Белмайдан». Для вас не было супярэчнасьцяў?

— Ён мяне ніколі ня ўтрымліваў. Я рабіў усё ці для творчага інтарэсу, ці зарабляў сваім гарбом. Гэтаксама мяне ўтрымлівае любы, хто купляе білет на канцэрт «Ногу свело». Я ні разу не абмяркоўваў з Гуцэрыевым усе гэтыя гісторыі. Я ведаў, што ён у добрых адносінах з Назарбаевым. Я мала што ведаў пра іх адносіны з Лукашэнкам. Ды нават калі б і ведаў, то наша зь ім супрацоўніцтва скончылася да 2020 году. Зразумела, мы ня дзеці, і Лукашэнка варыць кашу ў Беларусі ня першы год. Я калісьці гаварыў у інтэрвію Ірыне Шыхман: я не адракаюся і не здаю Гуцэрыева, гэты чалавек ставіўся да мяне вельмі добра. Усе мы жывём па-рознаму, мы ўсе робім памылкі, я праз адно інтэрвію расказваю пра нашы канцэрты ў анэксаваным Крыме. Няма анёлаў, няма людзей, што ня робяць памылак. Мне вельмі пашанцавала, калі мы з жонкай намотваем колы па Брукліне, то часта кажам: «Божа, як добра, што мы цяпер ні ад кога не залежым». Я перастаў стасавацца з Гуцэрыевым у 2018 годзе. Калі б ён прасіў мяне сёньня закрыць рот на гэтую тэму, то гэта было б вялікім выпрабаваньнем. І я ўдзячны яму, што ён пазбавіў мяне ад такога выбару. Я ня ведаю, ці выдаліў бы відэа «Молчание ягнят», калі б папрасіў Гуцэрыеў. Добра быць сьмелым задняй датай, але мне здаецца, што не, ня выдаліў бы.

— Які Гуцэрыеў у жыцьці?

— Я не магу сказаць, што ведаю яго вельмі добра. Вядома, ён расьпешчаны лёсам і грашыма. Ён усьведамляе сваю выключнасьць у той сыстэме каштоўнасьцей, у якой ён жыве. У яго ёсьць сур’ёзныя элемэнты сантымэнтальнасьці. Нейкі час ён жыў у Лёндане з прычын невясёлых. Сафарбекавіч — добры, забаўны, імпульсіўны. Мне асабліва ў ім імпануе тое, што ён наіўны. І гэтая наіўнасьць дазваляла яму пісаць такія вершы, якія былі добрымі ў наіўнасьці. Я вельмі зычу яму не згубіць гэтую наіўнасьць. Я за яго перажываю, я хачу яму дабра. Цяпер у яго ня самая зайздросная сытуацыя. Ягонае імя цяпер вельмі асацыюецца з Лукашэнкам, я не ведаю, ці хацеў бы ён сёньня, каб гэтых сувязяў не было. Ніякіх промняў падтрымкі я яму ня шлю, але зычу толькі дабра, калі ён гатовы стаць на сьцежку дабра.

«Неадназначна хіба, што ў Беларусі фігачаць людзей?»

— Уражаньне, што з пачаткам вайны вы занялі адназначную праўкраінскую пазыцыю. А не было думак у кірунку «ня ўсё так адназначна»?

Максім Пакроўскі
Максім Пакроўскі

— У мяне «ня ўсё так адназначна» было да пачатку вайны і да ўзьнікненьня гэтай фразы «ня ўсё так адназначна». Адбывалася гэта таму, што я забаўляў сябе падчас візытаў у Расею праглядам прапагандысцкіх каналаў. Я часта падбягаў да экрану, мог схапіцца за тэлевізар, калі гэта вадкакрышталічны, то там на пысах могуць узьнікаць такія сьмешныя сінякі. Ты нібыта глядзіш, каб пацешыцца, даць шчаўбан камусьці, але адначасова слухаеш. Таксама я тады паглядаў на ютубе дастаткова дэмакратычныя амэрыканскія СМІ, я глядзеў лекцыю нейкага чыкаскага прафэсара, якая была прачытаная ці да анэксіі Крыму, ці адразу пасьля. Ён у тым ліку крытычна разглядаў целарухі НАТО. У мяне зьбіралася інфармацыя, якая прыводзіла да «ня ўсё так адназначна». Потым яна, вядома, скідалася. І для мяне ад 24 лютага ўсё вельмі адназначна. Але і да 24 лютага, пачакайце. Хіба неадназначна, што Навальнаму «Навічком» трусялі падмазалі? Неадназначна хіба, што ў Беларусі фігачаць людзей? 24 лютага — гэта ўжо дзесяцікротная абарона думак і мозгу.

— Гэта цяжка ўспрымаць, што ваша краіна — агрэсар?

— Так, гэта вельмі цяжка ўсьведамляць. Сур’ёзную дапамогу мне аказвае знаходжаньне нашай сям’і. Мы працавалі даўно над тым, каб быць грамадзянамі сьвету. Мая жонка і нашы дзеці — гэта грамадзяне Эўразьвязу. Дачка — грамадзянка трох краін. Я грамадзянін дзьвюх краін. Гэта ня толькі пашпарты, але і прывычкі, сацыялізаванасьць. Гэта не зьмяншае боль, што Расея — агрэсар. Але гэта нейкая больш-менш дзейная вакцына, лекі.

«Лукашэнка — ліс, ён лепш разумее рэальнасьць за Пуціна»

— Вы разумееце, што ў галовах Пуціна і Лукашэнкі?

— Мне здаецца, што ў іх розныя рэчы ў галовах. Па маіх адчуваньнях, Лукашэнка — такі ліс. Ён рэальнасьць разумее крыху больш, чым Пуцін. А вось Пуцін больш у сабе. Вялікая верагоднасьць, што Пуцін знайшоў сабе апраўданьне. Я ня ведаю як, праз шаманаў, патрыярхаў. Але без разуменьня, што ён нясе нейкую звышмісію, вельмі цяжка пасылаць сотні тысяч на сьмерць. І гэта ня толькі пра гэтыя апошнія крывавыя 10 месяцаў. У яго ў галаве дакладнае перакананьне, і яно падтрымліваецца тымі, хто побач. А сьвет жа не ідэальны, і ў Эўропе ня толькі ўсё добрае робіцца, і ў ЗША. Штаты зусім не ідэальнае грамадзтва, там вар’яцкая колькасьць праблем. Але амэрыканскія праблемы для мяне даказваюць, што можна жыць далей з гэтымі праблемамі і заставацца чалавекам, а грамадзтва можа разьвівацца і заставацца цывілізаваным. Але гэтыя недахопы Пуціным перабольшваюцца і лічацца сыгналам да дзеяньня. Пры гэтым скажу, што гэта ніяк не апраўдвае ягоныя злачынствы.

— Што ня так з расейскім рокам? Чаму нават Пугачова падтрымала Ўкраіну, а многія расейскія рокеры выступаюць на Z-канцэртах?

— Я апошні чалавек, каму трэба задаваць пытаньне на гэтую тэму. Я музыка, у мяне сваё ў галаве. Мяне не хвалюе, што адбываецца ў расейскім року. Я ніколі не любіў расейскі рок, ён для мяне заўсёды быў энцыкляпэдыяй, Бібліяй няшчырасьці. Як можна было гэтага ня бачыць, не адчуваць? Як для такой колькасьці расейцаў, а таксама, мабыць, беларусаў і ўкраінцаў, гэта было незразумела? Гэта ва ўсім: у голасе, у інтанацыях, у фібрах, ва ўсім! Яны ж казалі самі за сябе, вы паглядзіце, якія мы няшчырыя! Але ж іх слухалі тры краіны, але яшчэ і ў краінах Балтыі, азіяцкіх, Малдове. Я маўчаў, а цяпер у мяне пра гэта пытаюць. Вы ж проста паглядзіце на іх! Расплюшчыце вочы!

— Ці ведаеце вы нешта зь беларускай музыкі? «Ляпіс», Корж, Вольскі?

— Мне крыху сорамна, паколькі я казаў, што не люблю расейскі рок, то я ня вельмі добра ведаю і беларускі. Усіх пералічаных я ведаю ў нейкай ступені. Але не хачу быць камэнтатарам і казаць нешта для таго, каб сказаць. Я ведаю беларускі калектыў БИ-2. Не магу сказаць, што добра ведаю іх творчасьць. Але я ім зычу заставацца беларускім калектывам, быць блізкім зь беларускім народам, а таксама мець сілы падтрымліваць свой народ.

«Зычу Ўкраіне вызваліць усю тэрыторыю»

— Спадзеяцеся на канцэрт ва Ўкраіне?

Максім Пакроўскі
Максім Пакроўскі

— О так! Украінцы вельмі шмат пішуць, што чакаем вас пасьля перамогі. Мы вельмі спадзяёмся, што нас прымуць і сустрэнуць. Я спадзяюся, што нам туды не забаронены ўезд. Я спадзяюся, што дабяруся да Дняпра. Там нарадзілася мамачка.

— Вы добра разумееце па-ўкраінску?

— Не, я разумею, але кепска. Калі вы ў мяне папросіце нешта сказаць, то я дапушчу шалёную колькасьць памылак. Я ведаю пры гэтым, што ў мяне адчуваньне гэтай мовы ёсьць. Калі я пісаў песьню «Лилипутская любовь», то я паміраў як хацеў вэрсію на ўкраінскай мове, але не дарабілі, не дапісалі. А там украінская мова проста так і прасілася. Калі быў жывы мой дзед, дакладней, муж цёткі маёй мамы, ён украінец, які шмат гадоў жыў у Маскве, то я любіў пад каньячок сьпевы дзеда на ўкраінскай.

— Мабыць, папулісцкае пытаньне: ці пераможа Ўкраіна ў вайне?

— Яна ўжо адназначна перамагла. Перамагла маральна. З франтоў мы ведаем, што ўкраінцы малайцы. Як грамадзянін Расеі я не магу зычыць паразы расейскай арміі, але гэта ня значыць, што я не магу зычыць Украіне вызваліць яе тэрыторыі. Усю тэрыторыю, у тым ліку Крым. Калі гаварыць фармальна, то Ўкраіна амаль перамагла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG