Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ ў Кіеве: набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Варабей мае і ўкраінскі пашпарт. СБУ адказала на запыт Свабоды


Мікалай Варабей. Архіўнае фота
Мікалай Варабей. Архіўнае фота

Свабода атрымала адказ на свой запыт ад Службы бясьпекі Ўкраіны, але там пакуль не выдаюць зьвестак сьледзтва.

У пачатку студзеня ўкраінскае выданьне «Обозреватель» паведаміла, што беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей, нягледзячы на ўведзеныя ўладамі Ўкраіны санкцыі супраць яго, па-ранейшаму кантралюе кампанію, якая займаецца рэалізацыяй нафтапрадуктаў ва Ўкраіне. Па зьвестках выданьня, гэтая ўкраінская кампанія таксама прарвалася і на польскі рынак.

«Сетка АЗС UPG, якая дэ-факта належыць беларускаму алігарху Мікалаю Вараб’ю і сыну дыктатара Аляксандра Лукашэнкі Віктару, выйшла на польскі рынак. Кампанія афіцыйна пазыцыянуе сябе як украінская, але, паводле нашых зьвестак, „рэбрэндынг“ зрабілі толькі для таго, каб абыходзіць санкцыі Эўразьвязу дзякуючы падстаўным асобам», — адзначаецца ў артыкуле ўкраінскага выданьня.

Паводле ўкраінскіх журналістаў, Іна Яцэнка, якая працавала з 2020 году фінансавым дырэктарам UPG, ачоліла праўленьне польскага прадпрыемства Baltchem SA Zakłady Chemiczn, а ўласьніца Вікторыя Пятрэнка ўвайшла ў склад рады яго дырэктараў.

Апроч таго, «Обозреватель» сьцьвярджае, што Мікалай Варабей нібыта мае ўкраінскае грамадзянства, і заяўляе, што спэцслужбам трэба гэта праверыць.

Свабода зьвярнулася з афіцыйным запытам у Службу бясьпекі Ўкраіны з просьбай паведаміць, ці расьсьледуецца ва Ўкраіне справа супраць Мікалая Вараб’я, а таксама ягонага сына Мікалая і нявесткі Валерыі, якія зьяўляюцца грамадзянамі Ўкраіны і да вайны былі заснавальнікамі і ўласьнікамі як мінімум дзьвюх кампаній, «БелКазТранс Україна» і «УкрБелНафтопродукт», якія задзейнічаў Варабей-старэйшы ў сваім нафтавым бізнэсе ва Ўкраіне.

Свабода таксама прасіла ўдакладніць, ці мае Мікалай Варабей-старэйшы грамадзянства Ўкраіны і на якой падставе ён яго атрымаў.

«Служба бясьпекі Ўкраіны інфармуе грамадзкасьць аб сваёй дзейнасьці з улікам прававых абмежаваньняў на выдаваньне інфармацыі аб контравыведнай і апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і зьвестак дасудовага расьсьледаваньня. Доступ да гэтых зьвестак можа давацца толькі ў выпадках і парадку, вызначаных заканадаўствам», — адзначаецца ў адказе СБУ на запыт Свабоды.

У той жа час у адказе няма канкрэтнага сьцьвярджэньня, што сьледзтва супраць Мікалая Вараб’я і ягоных сваякоў вядзецца.

Кампанія UPG пакуль не адказала на запыт Свабоды.

З адкрытых крыніц вядома, што сеткай аўтазаправак UPG кіруе прыватнае прадпрыемства «Укрпалетсистем». Да 2022 году гэтая кампанія кіравала ў тым ліку пяцьцю АЗС пад брэндам «Беларуская нафтавая кампанія». У 2021 годзе зьмяніліся бэнэфіцыяры і ўласьнікі кампаніі. Цяпер імі сталі Вікторыя і Ўладзімір Пятрэнкі.

Што цяпер адбываецца з «БНК-Україна»

Маёмасьць «Беларускай нафтавай кампаніі» ва Ўкраіне арыштавалі ў чэрвені 2022 году за датычнасьць да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны.

У лістападзе 2022 году суд пачаў працэс аб банкруцтве кампаніі.

Украінская бізнэс-гісторыя Вараб’я

Пастаўкамі нафтапрадуктаў ва Ўкраіну займаліся дзьве ўкраінскія дочкі беларускіх кампаній («БНК-Україна» і «БЗТ-Україна»), а таксама кампаніі, зьвязаныя зь Мікалаем Вараб’ём, бізнэсоўцам з кола Аляксандра Лукашэнкі.

Продажам беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку займаліся найбуйнейшыя галіновыя кампаніі Ўкраіны — ОККО Group, West Oil Group (гандлёвая марка WOG), UPG. Усе яны мелі пагадненьні аб стратэгічным партнэрстве з украінска-беларускім трэйдэрам «БНК-Україна».

Адпаведныя дакумэнты падпісалі ў Жытоміры ў кастрычніку 2019 году ў рамках Другога форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, на якім адбылася адзіная сустрэча Ўладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі.

У траўні 2021 году ўкраінская служба Радыё Свабода супольна зь «Белсатам» правяла расьсьледаваньне аб тым, як на пастаўках нафтапрадуктаў зарабляе беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей. Ва Ўкраіне супраць ягонага партнэра Віктара Медзьведчука ўвялі санкцыі, а таксама нацыяналізавалі нафтаправод прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (г. Роўна), кантрольны пакет акцый якога належаў Мікалаю Вараб’ю. Ужо ў час вайны Медзьведчука ўвогуле арыштавалі, а потым абмянялі на ўкраінскіх ваеннапалонных.

Як высьветлілася, нафтабізнэсам ва Ўкраіне займаліся і дзеці Мікалая Вараб’я.

У прыватнасьці, кампанія «БелКазТранс Україна» была створаная ягоным сынам Мікалаем у лютым 2018 году, а «УкрБелНафтопродукт» — Валерыяй Варабей: гэта жонка Мікалая, старэйшага сына Мікалая Вараб’я. Пасьля журналісцкага расьсьледаваньня гэтая кампанія таксама «ачысьціліся» ад уласьнікаў.

Транспартаваньнем нафтапрадуктаў з Мазыра (ня толькі беларускіх, а і расейскіх) займаўся яшчэ шэраг кампаній, якія не былі непасрэдна зьвязаныя зь імем Вараб’я, але заўсёды фігуравалі ў ажыцьцяўленьні ўкраінскіх кантрактаў разам з кампаніяй «БЕЛКАЗТРАНС УКРАЇНА», што належала ягонаму сыну. Гэта ўкраінскія ТАА «Белукргаз», «Інтер Глобал», «Катма Груп», «Глобал газ трейдінг» і беларуская «Белэнергомашэкспорт».

Улады Ўкраіны ўвялі санкцыі супраць Мікалая Вараб’я толькі ў кастрычніку 2022 году. У санкцыйным пераліку імёнаў ягоных сына і нявесткі няма.

Зараблялі на вяртаньні экспартных акцызаў і продажы «растваральнікаў»

Як паведамляла Свабода, кожны год Аляксандар Лукашэнка выдае ўказы з грыфам «сакрэтна», у якіх вызначаюцца квоты на экспарт для дзяржаўных і прыватных нафтатрэйдэраў.

«Гэтыя ўказы накіроўваюцца ў „Белнафтахім“, а потым перадаюцца ў „Нафтан“. Там прапісана ўсё — колькі яны экспартуюць, колькасьць паставак безакцызнай і акцызнай прадукцыі, колькасьць сум акцызаў, якія вяртаюцца кампаніям-пастаўшчыкам. Каму больш давяраюць, у таго і большыя квоты. Апошнім часам яны ўжо залежалі ня столькі ад блізкасьці да „цела“, колькі ад магчымасьцяў выбудаваць схемы ва Ўкраіне. І ў Вараб’я сытуацыя больш складаная, чым у драбнейшага пастаўшчыка Валадзько», — расказваў Свабодзе экспэрт у пытаньнях нафтабізнэсу.

Паводле такіх дакумэнтаў, наваполацкі «Нафтан» вызвалены ад аплаты акцызаў пры пастаўках прадукцыі на ўнутраны рынак, але мусіць плаціць экспартныя спагнаньні.

«У ланцужку заўсёды ёсьць прыватная беларуская кампанія, напрыклад кампаніі Вараб’я, Шакуціна ці Валадзько, якія гэты аб’ём экспарту выкупляюць і вязуць па дакумэнтах да мяжы. Менавіта гэтыя кампаніі сплачваюць экспартны падатак, але праз 30 дзён 70% сплачаных экспартных падаткаў ім вяртаюць. Такім чынам, бюджэт Беларусі страчвае 70% экспартных падаткаў. А, напрыклад, „БЗТ“ вяртаюць 100% сплачаных падаткаў. То бок фармальна па статыстыцы экспартны падатак сплачваецца, але потым казначэйства вяртае».

Апроч таго, зараблялі і на продажы «растваральнікаў». Гэта была адна з найбуйнейшых «шэрых» схемаў, якую пракруцілі беларускія ўлады і алігархі. Скарыстаўшыся прагаламі ў заканадаўстве, Беларусь рээкспартавала нафтапрадукты, атрыманыя з расейскай нафты, пад выглядам растваральнікаў, што дазваляла ёй пазьбягаць выплат у расейскі бюджэт мытаў за пастаўкі паліва за межы Мытнага зьвязу. Расея запатрабавала ад Беларусі кампэнсацыю ў 1,5 мільярда даляраў. У выніку скандал удалося замяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG