Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нэпале разьбіўся пасажырскі самалёт, на борце былі 72 чалавекі


На месцы трагедыі
На месцы трагедыі

Самалёт авіякампаніі Yeti Airlines, які ляцеў у горад Покхара з Катманду, разьбіўся раніцай 15 студзеня на ўзьлётна-пасадачнай паласе міжнароднага аэрапорта Покхара ў Нэпале. На месцы крушэньня пачаўся пажар, паведамляюць агенцтвы Reuters і AFP.

На борце знаходзіліся 72 чалавекі: 68 пасажыраў і 4 чальцы экіпажу, паведаміў прадстаўнік авіякампаніі.

Як мінімум 67 чалавек загінулі ў выніку крушэньня самалёта, паведаміла паліцыя, піша AFP. Раней выданьне таксама паведаміла са спасылкай на памочніка кіраўніка адміністрацыі акругі Каскі Гурудата Дхакала, што «некаторых выжылых адправілі ў бальніцу для лекаваньня».

Сярод пасажыраў было 15 замежнікаў: 5 індыйцаў, 4 расейцы, 2 карэйцы, па адным — пасажыры з Ірляндыі, Аргентыны, Аўстраліі і Францыі. ТАСС са спасылкай на амбасадара Расеі ў Нэпале Аляксея Новікава паведаміў, што ўсе чацьвёра расейцаў загінулі.

У сеціве зьявілася відэа, на якім бачны самалёт за некалькі хвілінаў да крушэньня.

Самалёт ATR72 павінен быў вылецець з аэрапорта Покхара ў сталіцу Нэпалу Катманду, але загарэўся на ўзьлётнай паласе. Прычыны катастрофы пакуль не вядомыя. Паводле папярэдняй інфармацыі, распаўсюджанай СМІ, у самалёта загарэўся рухавік, пілёт накіраваў яго ў горную цясьніну, каб адвесьці ад населенага пункта.

Гэта найбуйнейшая авіякатастрофа ў Нэпале з 2018 году, калі пры прызямленьні ў аэрапорце Катманду пацярпеў крушэньне самалёт, які ляцеў са сталіцы Бангладэш Дакі. Тады загінуў 51 чалавек з 71, хто знаходзіўся на борце. Нэпал лічыцца краінай, рызыкоўнай для авіяпералётаў, з прычыны свайго высакагорнага рэльефу і зьменлівых ўмоваў надвор'я.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG