У звароце былы кандыдат на прэзыдэнта заклікае сваіх прыхільнікаў «ня падаць духам, дапамагаць адзін аднаму», а таксама палітвязьням і іх блізкім. «У цёмныя часы лепш трымацца разам», перакананы палітык.
— Што б не адбылося са мной, я абсалютна ўпэўнены ў кожным з вас. Вы павінны ведаць, што ўсё, што мы робім, усё, што робіце вы кожны дзень дзеля таго, каб гаварыць праўду, каб аб’яднацца адзінадумцам, каб захоўваць чалавечыя каштоўнасьці, гэта не дарма. Гэта важна, патрэбна і гэта ўсё роўна крокі да перамогі. Ужо ня проста да перамогі пераменаў у Беларусі, да перамогі чалавечага над нечалавечым. Вельмі важна працягваць. Вельмі важна, нягледзячы на ўсе падзеі, якія адбываюцца цяпер тут у нас ці ва Ўкраіне, не забываць, што за кратамі знаходзяцца палітвязьні, іх трэба падтрымліваць і падтрымліваць іх семʼі. Не забываць, што працягваюць дзейнічаць мясцовыя супольнасьці і трэба разам зь імі абʼядноўвацца і прасоўваць нашы каштоўнасьці. Што б са мной не адбылося, калі раптам гэтая мая прамова будзе апошняй перад ня ведаю калі наступнай, я хачу сказаць, што я ў вас, у нас, у нашу справу моцна веру. І верыў усе гэтыя гады. Таму пайшоў кандыдатам на прэзыдэнта, таму раблю тое, што я раблю, і таму буду працягваць".
13 студзея Сьледчы камітэт Беларусі заявіў пра затрыманьне палітыка Андрэя Дзьмітрыева. Паводле Сьледчага камітэту, Андрэй Дзьмітрыеў нібыта «браў актыўны ўдзел у вулічных беспарадках, якія праходзілі на тэрыторыі Менску ў жніўні-верасьні 2020 году». Пра віну Дзьмітрыева Сьледчы камітэт напісаў:
«Таксама ўстаноўлена, што падазроны 599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, зь іх 33 — пасьля 2020 году. Сьледзтва мяркуе, што наяўнасьць кантактаў у Дзьмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сьведчыць аб каардынацыі яго палітычнай дзейнасьці з-за мяжы. Ёсьць інфармацыя, што затрыманы кантактаваў зь Дзяржаўным сакратарыятам ЗША і асабіста зь ягонай былой кіраўніцай Гілары Клінтан».
Паводле СК, цяпер Дзьмітрыеў зьяўляецца падазраваным па арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
- 11 студзеня сілавікі затрымалі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева. Пазьней адвакат Дзьмітрыева паведаміў ягоным калегам, што той у турме на Акрэсьціна. Падрабязнасьці затрыманьня пакуль невядомыя.
- Дзьмітрыеў балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
- У 2021 годзе Вярхоўны суд пазбавіў рэгістрацыі кампанію «Гавары праўду», якая дзейнічала 11 гадоў. Тады Андрэй Дзьмітрыеў, які быў адным з кіраўнікоў «Гавары праўду», паведамляў, што ўдзельнікі кампаніі вырашылі стварыць новую арганізацыю «Робім разам» і спрабавалі зарэгістравацца.