Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Домрачава выказалася за «спорт па-за палітыкай» і заявіла, што адхіленьне беларусаў і расейцаў ад спаборніцтваў ня скончыць вайну


Дар'я Домрачава. Архіўнае фота
Дар'я Домрачава. Архіўнае фота

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, вядомая беларуская біятляністка Дар’я Домрачава ў інтэрвію часопісу НАК Беларусі выказалася пра вайну, стаўленьне да палітыкі і свайго жыцьця.

У інтэрвію Дар’я Домрачава ня стала падтрымліваць адзін з бакоў канфлікту, адзначыўшы, што марыць пра «мір на зямлі». Яна лічыць, што беларускіх і расейскіх спартоўцаў несправядліва адхіляюць ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

«Я, як і многія, знаходжуся ў зьбянтэжанасьці ад таго, што ў нашы дні вядуцца рэальныя ваенныя дзеяньні, але, як і раней, лічу, што адхіленьне спартоўцаў ад гонак ніякім станоўчым чынам не ўплывае на вырашэньне канфлікту. Сёньня спорт уцягнулі ў палітыку», — сказала Домрачава ў інтэрвію часопісу НАК Беларусі.

Домрачава лічыць, што спорт без палітыкі магчымы.

«Спорт — гэта цудоўна. Палітыка, на мой погляд, ня вельмі. Я ўпэўнена, што многія спартоўцы стаміліся ўжо ад гэтай тэматыкі вакол іх. Спорт павінен абʼядноўваць, а не наадварот».

Падобную пазыцыю Домрачава агучыла і летась у сакавіку.

Сярод іншага Домрачава расказала, што цяпер жыве ў Манака. Там яе дачка Ксенія пайшла ў школу. Экс-біятляністка размаўляе з дачкой на расейскай мове, а муж, таксама славуты ў мінулым чэмпіён у біятлёне Оле-Эйнар Б'ёрндален — на нарвэскай. Паміж сабой сужэнцы размаўляюць па-ангельску.

Апошні раз сямʼя была ў Беларусі летась восеньню.

Гаворачы аб сваёй дзейнасьці, Домрачава падкрэсьліла, што завяршыла карʼеру «ў самы зручны момант».

На Алімпійскіх гульнях у Пэкіне-2022 беларуская зборная, у адрозьненьне ад двух папярэдніх галоўных стартаў чатырохгодзьдзя, засталася без залатых узнагарод. Жаночая частка каманды, дзе Домрачава на папярэдніх Алімпіядах была лідэркай, замены ёй у Пэкіне не знайшлося, не атрымала ніводнага мэдаля. Домрачава, зрэшты, ацаніла першую Алімпіяду без свайго ўдзелу без залішняй крытыкі.

«На мой погляд, гэта была ня самая простая Алімпіяда для нашых спартоўцаў. Каб рабіць высновы і ставіць адзнакі, трэба валодаць дастатковай інфармацыяй аб падрыхтоўцы і ўнутраных сытуацыях. Я ж магу меркаваць толькі збоку. Срэбра Антона Смольскага — гэта адназначна посьпех! Дзяўчатам, як мне здаецца, не зусім удалося справіцца з эмоцыямі, мы бачылі, што не хапіла зусім крыху».

Пасьля падзей лета-восені 2020 году адбывалася падпісаньне ліста ў падтрымку Лукашэнкі з боку спартоўцаў. Адзінай удзельніцай нацыянальнай каманды, якая адмовілася падпісаць ліст, стала Ганна Сола. На той момант у зборнай ужо не было ані Домрачавай, ані яе найбольш пасьпяховай партнэркі, алімпійскай чэмпіёнкі і прызэркі Надзеі Скардзіна. Абедзьве скончылі кар’еру яшчэ ў 2018 годзе. Скардзіна пры гэтым у 2020-м падпісала ліст з асуджэньнем гвалту сілавікоў і за новыя выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG