Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэя Карпянкова, кіруе «красавец». Што за дзіцячы вайскова-патрыятычны клюб «Рысь» узнагародзіў Лукашэнка


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Сярод ляўрэатаў штогадовай прэміі «За духоўнае адраджэньне» і спэцпрэміі Лукашэнкі сёлета апынуўся вайскова-патрыятычны клюб «Рысь», які дзейнічае пры частцы 3214 унутраных войскаў.

Свабода паглядзела, што вядома пра гэтую структуру, хто ёй кіруе і апякуецца.

«Не для саплівых змагароў»

Клюб «Рысь» аб’ядноўвае дзяцей ва ўзросьце ад 9 да 16 гадоў. На базе вайсковай часткі 3214 яны атрымліваюць навыкі рукапашнага бою, вучацца карыстацца зброяй, вывучаюць пачаткі ваеннай парамэдыцыны, зь імі праходзяць ідэалягічныя заняткі. Для дзяцей нават пашылі адмысловую форму.

Упершыню інфармацыя пра «Рысь» зьявілася на тэлеграм-канале прапагандыста Рыгора Азаронка. 28 жніўня 2021 году ён зьмясьціў абвестку пра набор дзяцей.

«Гэта не для саплівых змагароў! Гэта для воінаў і абаронцаў», — напісаў Азаронак.

Раней у падобныя ўтварэньні набіралі толькі хлопчыкаў, у «Рысь» жа сталі прымаць і дзяўчатак. Заняткі для дзяцей праводзяць афіцэры і салдаты вайсковай часткі.

Першы арганізацыйны сход прайшоў 19 верасьня 2021 году. Дзецям адразу сталі паказваць снайпэрскія вінтоўкі, гранатамёты, аўтамат Калашнікава, бронекамізэлькі і шлемы.

Афіцыйным днём нараджэньня арганізацыі стала 2 кастрычніка 2021 году, гэтую дату яшчэ адзначаюць як «Дзень адзінства народаў Беларусі і Расеі».

Нават рысі з Расеі

Рысь ужо больш за два дзясяткі гадоў зьяўляецца сымбалем вайсковай часткі 3214 ва Ўруччы. Той самай, якой калісьці кіраваў Дзьмітры Паўлічэнка, а байцы неаднаразова ўдзельнічалі ў разгонах акцый пратэсту.

Самі спэцназаўцы называюць рысь «беларускім леапардам». Гісторык і прапагандыст Ігар Марзалюк на адкрыцьці клюбу казаў, што «рысь з даўніх часоў была сымбалем элітных вайсковых фармаваньняў, на рахунку якіх шмат перамог».

Найхутчэй жа карані ідуць з Расеі. Яшчэ ў час першай чачэнскай вайны вядомасьць набыў спэцназ зь Северску, які меў назву «Рысь».

Сёньня на базе вайсковай часткі жывуць двое рысяў — Фэнікс і Фіёна. Абаіх прывезьлі ў Беларусь з Расеі.

Флэш-моб супраць «злачыннага бяспамяцтва»

Самай яркай і запамінальнай акцыяй вайскова-патрыятычнага клюбу стаў запіс відэароліку, дзе дзеці гавораць наступныя фразы: «У нас найлепшы прэзыдэнт», «Я буду абараняць Беларусь», «Вораг ня пройдзе», «Спэцназ — сіла, я пайду ў спэцназ», «Таварыш прэзыдэнт, мы не падвядзём», «Змагары, нават не спадзявайцеся».

У канцы восені клюб «Рысь», як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, запусьціў флэш-моб «супраць злачыннага бяспамяцтва народаў, якія атрымалі магчымасьць жыць пад мірным небам дзякуючы ахвярам савецкіх салдатаў».

У рамках акцыі розныя вядомыя ў Беларусі асобы ўскладаюць кветкі да помнікаў часоў Другой сусьветнай вайны. Заняткі ў клюбе праходзяць двойчы на тыдзень: дзьве гадзіны ў будны дзень і чатыры на выходных.

Цяпер прапрацоўваецца магчымасьць наданьня ўдзельнікі «Рысі» льготаў пры паступленьні ў ВНУ.

Карпянкоў ці Лукашэнка?

На адным з прамацыйных відэа «Рысі» гаворыцца, што ініцыятарам стварэньня клюбу зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка. Ва ўсіх іншых публікацыях ідэю аддаюць камандуючымі ўнутранымі войскамі, намесьніку міністра ўнутраных спраў Мікалаю Карпянкову.

Менавіта Карпянкоў — галоўны VIP-госьць на большасьці мерапрыемстваў «Рысі». Карпянкоў у мінулым быў кіраўніком ГУБАЗіКу, пры ім упраўленьне стала выконваць функцыі палітычнай паліцыі. Сам Карпянкоў выходзіў на разгон акцый пратэсту ў 2020 годзе, дзе асабіста браў удзел у біцьці людзей.

Кіраўніком клюбу «Рысь» зьяўляецца маёр Руслан Шыг. Ён ураджэнец Пінску. Падчас пратэстаў 2020 году Шыг быў сярод тых спэцназаўцаў, хто ахоўваў Лукашэнку. Фраза пра «красаўцаў», якую тады сказаў Лукашэнка, тычылася і Шыга.

«Калі Лукашэнка выйшаў зь верталёта і пайшоў у наш бок — гэта было моцна. Вельмі важна ўсьведамляць, што тыл прыкрыты і табе ня трэба распыляцца ў думках: „А што будзе, калі?“ Была задача, сродкі яе выкананьня — і ты», — успамінаў Шыг.

На той момант ён быў намесьнікам камандзіра батальёна спэцназу ў ідэалягічнай рабоце. Цяпер Шыг — намесьнік начальнік аддзяленьня в/ч 3214.

У іншым інтэрвію сілавік расказваў, што ад 9 жніўня браў удзел у затрыманьні ўдзельнікаў маршаў. Ён сказаў, што ў дэманстрантаў з сабой былі дубінкі, біты, выбухоўка, бэнзін і іншае.

«Усялякія „лідэркі“ з краіны ўцяклі. А мой прэзыдэнт тут, побач з намі. Кінутая апазыцыя выглядала вельмі ўбога», — казаў Шыг.

На старонцы Шыга ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» стаіць цытата савецкага пісьменьніка, ляўрэата Сталінскай прэміі Аляксандра Сьцяпанава:

«Радзіма — абстрактнае, але вялікае паняцьце. Яго часта нават не ўсьведамляеш, але ў канчатковым выніку ўсё робіш менавіта для яе...»

Хто яшчэ засьвяціўся?

Пры клюбе «Рысь» існуе апякунская рада. Сьпіс яе ўдзельнікаў невядомы. У адным зь відэа сябрам апякунскай рады называецца публіцыст Аляксандар Шпакоўскі, вядомы сваім удзелам у расейскіх ток-шоў. Там Шпакоўскі называе расейскую армію «нашай».

Шмат разоў у мерапрыемствах «Рысі» ўдзел браў гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Прыяжджаў кіраўнік Менгарвыканкаму Ўладзімер Кухараў, былая кіраўніца Беларускага саюзу жанчын Алена Богдан і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG