Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хай правядуць за мяжой мітынгі за зьняцьце санкцый». Сябра Савету Рэспублікі агучыў умовы для вяртаньня ў Беларусь палітычных эмігрантаў


Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота

Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Алег Дзьячэнка заявіў, што нязгодныя з уладамі беларусы, якія зьехалі за мяжу, могуць вярнуцца ў Беларусь, калі «раскаюцца».

«Але гэтыя людзі, на мой погляд, павінны стварыць годны плён пакаяньня. Знаходзячыся за мяжой, яны павінны зрабіць крокі насустрач нашай краіне, — заявіў чалец Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, рэктар Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Алег Дзьячэнка ў эфіры СТВ.

Адным з такіх крокаў чыноўнік назваў «удзел у розных мерапрыемствах за мяжой у падтрымку нашай дзяржавы».

«Яны крычалі аб увядзеньні санкцый. Няхай зараз папрацуюць на тое, каб зьняць гэтыя санкцыі. Няхай правядуць мітынгі ў Варшаве, Вільні, іншых заходніх дзяржавах за зьняцьце неправамерных, неабгрунтаваных санкцый супраць нашай краіны. Няхай папрацуюць на нашу краіну, на сваю Радзіму, якую яны кінулі, зь якой яны зьехалі, якую яны палівалі брудам за мяжой. І дзе яны там яшчэ плянуюць вяртацца са зброяй у руках, каб ужо ня з кветкамі, як гэта было ў 2020 годзе, выходзіць на вуліцу, а са зброяй», — сказаў сэнатар.

Дзьячэнка таксама адзначыў, што тыя, хто «сапраўды раскаяўся», павінны стварыць, «як сказана ў Эвангельлі, годны плён пакаяньня».

«Няхай ствараюць у Год міру і стварэньня. А мы, беларусы з хрысьціянскай душой, далей паглядзім», — дадаў ён.

Магчымасьць вяртаньня дадому беларусам, якія зьехалі за мяжу ад перасьледу на радзіме, улады прапануюць апошнім часам усё часьцей.

7 студзеня, наведваючы Сьвята-Елісавецінскі жаночы манастыр, Лукашэнка заявіў, што «час зрабіць крок насустрач людзям, якія памыліліся і зьехалі зь Беларусі».

«Надышоў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады, я як кіраўнік дзяржавы і вы, сьвятары, нашы людзі павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія ці то ашалеўшы, ці то на нейкі час страціўшы арыенціры, памыліліся. І будзе, мусіць, па-нашаму, па-праваслаўнаму, калі мы гэты крок насустрач ім зробім», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле яго, «тыя, хто ўцёк зь Беларусі, сёньня тысячамі зьвяртаюцца да нас, каб іх вярнулі назад на радзіму». Што менавіта Лукашэнка мае на ўвазе пад «крокам насустрач», ён не ўдакладніў. У той жа час ён ускосна даў зразумець, што крымінальны перасьлед тых, хто ўцёк за мяжу, працягнецца, за выключэньнем тых, хто «раскаяўся».

Год таму, у студзені 2022 году, Лукашэнка заявіў, што «многія беглыя расчараваныя тым жыцьцём, у якім яны апынуліся», і параіў ім «каяцца і вяртацца дадому», а таксама намякнуў на магчымыя праблемы з маёмасьцю, якая засталася ў краіне, і на тое, што адседзець па вяртаньні, магчыма, усё ж давядзецца.

Апошнім часам усё больш выпадкаў, калі беларусаў, што вяртаюцца з-за мяжы, затрымліваюць. У сьнежні праваабаронцы паведамлялі пра масавыя затрыманьні беларусаў на мяжы з Польшчай: так, напрыклад, уначы 19 сьнежня з аўтобуса зьнялі каля дзесяці чалавек, тое самае адбывалася і ў маршрутках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG