Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе расказаў кіраўнік ByPol і прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях аднаўленьня правапарадку Аляксандар Азараў.
«Цяпер назіраецца вельмі вялікі ўплыў расейскай прапаганды на беларускае войска. Армія Беларусі рыхтуецца да ўдзелу ва ўкраінскай вайне. Лукашэнка прамывае мазгі беларускім афіцэрам і салдатам, каб беларускія салдаты ўспрымалі расейцаў як братоў, а не як суседнюю дзяржаву. Усё робіцца дзеля таго, каб у беларускіх салдатаў было адчуваньне абавязку, маўляў, мы адзін народ і павінны змагацца з фашызмам ва Ўкраіне, які расейцы там прыдумалі», — расказвае Азараў.
«Мы бачым, што гэты кантэнт робіцца не беларусамі, а расейцамі»
Беларускія салдаты ня лічаць украінцаў за ворагаў. Паводле апытаньня, якое праводзіў ByPol, у выпадку гіпатэтычнага ўдзелу Беларусі ў баявых дзеяньняў, большасьць салдатаў проста б разьбегліся. Менавіта таму і вядзецца апрацоўка салдатаў, каб мэнтальна падрыхтаваць да магчыма ўдзелу ў вайне.
Цяпер у кожнай вайсковай часткі Беларусі ёсьць свой чат у Telegram. ByPol пачаў назіраць за іх зьместам і прыйшоў да высновы, што гэтыя чаты могуць весьці расейцы.
«Там апошнія навіны Z-вайны, публікуюцца кадры забітых украінскіх вайскоўцаў, перамог Расеі, а таксама прапаганда, што Ўкраіну захапілі фашысты і што трэба яе ачысьціць. Мы бачым, што гэты кантэнт робіцца не беларусамі, а расейцамі. Магчыма, гэта робіцца паводле нейкай расейскай мэтадычкі, але магчыма і тое, што некаторыя чаты ўжо проста перадалі расейцам і яны фармуюць успрыняцьце беларускіх вайскоўцаў, што Ўкраіна — гэта вораг, а Расея — саюзьнік», — лічыць Аляксандар Азараў.
У навабранцаў у арміі забіраюць мабільныя тэлефоны, каб яны не маглі самі выбіраць, што чытаць і глядзець. Штодзённа ім паказваюць прапагандысцкія фільмы. Паводле Азарава, нават калі на пачатку службы салдаты скептычна ўспрымаюць творчасьць прапагандыстаў, то пад канец службы большасьць ужо пагаджаецца з тым, што ім паказваюць.
«Мы зьвярталіся да супрацоўнікаў ByPol, якія служаць цяпер у войску. Яны расказвалі, што прыходзяць салдаты, якія ў большасьці падтрымліваюць Украіну і скептычна ставяцца да Расеі. Але праз год некаторыя мяняюць свае погляды», — кажа кіраўнік ByPol.
Паводле Азарава, радыкальны ўхіл у бок расейскай прапаганды пачаўся пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, 24 лютага. Дагэтуль уся прапаганда была скіраваная на тое, што «заходнія спэцслужбы хочуць захапіць уладу ў Беларусі», а «Лукашэнка — гэта гарант незалежнасьці, якога трэба падтрымаць».
«Салдатам прамываюць мазгі ідэямі „русского мира“, каб выхаваць абавязак перад расейцамі»
«Пасьля пачатку вайны ўвесь кантэкст зьмяніўся і ўсё ідзе ў кірунку вайны ва Ўкраіне. Аб пратэстах ужо забыліся, там гэтая тэма ня згадваецца. Нават гістарычныя публікацыі пра так званых нашых герояў там прысьвечаныя Івану Жахліваму або Пятру І. Гэта расейскія героі расейскай прапаганды, але паказваюцца яны нібыта як нашыя», — гаворыць Азараў.
Ён перакананы, што загад пра перавод прапаганды на прарасейскія рэйкі даў сам Лукашэнка, а пазьней праз ідэалягічнае ўпраўленьне Мінабароны, якое стварае кантэнт, палітрукі ў кожнай частцы выконваюць загады і пераказваюць аднолькавы кантэнт, зьверху ўніз.
«Дзеля гэтага была прынятая і дырэктыва нумар 14, якая тлумачыць, каб выхоўваць вайскоўцаў у патрыятычным кірунку. А патрыятычны кірунак для іх — гэта «Расея і Беларусь — адзіная дзяржава, адна гісторыя і адны ворагі», — тлумачыць кіраўнік ByPol.
Азараў кажа, што дэмакратычным сілам неабходна весьці контрапрапаганду, тлумачыць, што беларусы — гэта асобны народ з уласнай гісторыяй. Дзеля гэтага, на яго думку, неабходна разьвіваць сацыяльныя сеткі, ствараць прадукты і даносіць да беларусаў праўдзівую інфармацыю. Змагацца з прапагандай у войску Азараў прапануе і бацькам маладых салдатаў, каб тыя даводзілі дзецям праўдзівыя факты і аналіз. Што тычыцца афіцэраў, то Азараў мяркуе, што яны ў сваёй большасьці жадаюць атрымаць паболей профітаў ад улады і ня вераць, што пасьля зьмены ўлады атрымаюць нешта ад новай. Менавіта таму, на думку Азарава, яны падтрымліваюць Лукашэнку.
У сытуацыі гіпатэтычнага канфлікту з Расеяй толькі частка беларускага войска бараніла б Беларусь, лічыць кіраўнік ByPol, а кіраўніцтва і асноўная маса камандзіраў перайшлі б на бок Расеі.
«Пасьля зьмены ўлады ў Беларусі ўсіх сілавікоў з прарасейскімі поглядамі трэба будзе звальняць і лічыць ворагамі беларускага народу. Іх трэба будзе паставіць на ўлік і назіраць, каб яны ня здрадзілі радзіме і не арганізавалі рэвалюцыю», — перакананы Аляксандар Азараў.