Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня проста ахвяры, а змагары. Чаму зварот родных палітвязьняў — гэта добры знак для Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэжым Лукашэнкі вынаходзіць усё новыя спосабы прымусіць беларусаў і беларусак сядзець моўчкі і рабіць выгляд, што мы ні на што ня здатныя. Рандомныя арышты і пасадкі, адбіраньне дзяцей, заявы пра арышты на падставе здымкаў з сусьветна вядомага фатабанку. Усё гэта робіцца для таго, каб мы ня верылі ні ў саміх сябе, ні адно ў аднаго.

Часам мне пачынае здавацца, што яны дасягаюць сваёй мэты. Мы сварымся паміж сабой, абвінавачваем адно аднаго ў няправільнай барацьбе ці ў адсутнасьці барацьбы ўвогуле. Але, на шчасьце, знаходзяцца людзі, якія абвяргаюць сумныя тэндэнцыі. Апошні прыклад — гэта зварот родных палітвязьняў да беларускіх і замежных палітыкаў.

Яны кажуць пра неабходнасьць перамоваў з рэжымам і нагадваюць, што нават падчас генацыду ўкраінскага народу Ўкраіна вядзе перамовы з Расеяй, каб вяртаць дадому палонных абаронцаў. Родныя беларускіх палітвязьняў бачаць, што цяперашнія стратэгіі беларускіх дэмакратычных сілаў і палітыкаў іншых краін не прыносяць плёну ў справе вызваленьня зьняволеных. І замест таго, каб проста абвінавачваць кагосьці ў кепскай працы, яны аб’ядноўваюцца і прымаюць агульныя рашэньні. Яны просяць дапамогі.

У цяперашняй сытуацыі гэта вельмі добры знак для грамадзтва. Бо людзі, якія знаходзяцца ў надзвычай уразьлівым становішчы, адмаўляюцца быць выключна ахвярамі і паказваюць, што яны змагары. Яны ня хочуць моўчкі чакаць, пакуль скончыцца вызначаны так званым судом тэрмін зьняволеньня, а хочуць «муляць вочы» і беларускім палітыкам, і замежным.

Натуральна, дзяржаўныя прапагандысты могуць і, хутчэй за ўсё, выкарыстаюць зварот родных палітвязьняў у якасьці аргумэнту, нібыта людзі больш не давяраюць дэмакратычным сілам, і нібыта сярод пратэстоўцаў ёсьць вялікі раскол, і нібыта жаданьне перамоваў — гэта сынонім шкадаваньня пра самі пратэсты. І дужа важна, каб мы з вамі не павяліся на гэтыя хітрыкі прапаганды. Пошук новых стратэгій — гэта добра і правільна, а жаданьне родных палітвязьняў займаць актыўную пазыцыю нягледзячы ні на што — гэта знак таго, што рэжыму не ўдаецца ўсіх запужаць.

Апошнія гады ў нас нячаста бываюць нагоды для радасьці, але гэты зварот — акурат такая нагода.

Чаго рэжым увесь час дабіваецца? Каб мы ўсе маўчалі. Як хатні тыран хоча, каб родныя маўчалі пра ягоныя абразы і фізычны гвалт, так і Лукашэнка хоча, каб мы рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. Ён запужвае сем’і палітвязьняў і тэрарызуе саміх зьняволеных за любую публічнасьць. Бо яму трэба, каб яны маўчалі.

А яны не пагаджаюцца маўчаць і заяўляюць пра сябе на ўвесь сьвет. Палітвязьні ёсьць, іх становіцца ўсё болей, рэжым зьдзекуецца зь іх і зь іх сем’яў безьліччу розных спосабаў. І таму родныя зьняволеных просяць палітыкаў пераглядзець падыходы да вырашэньня праблемы. Не трымацца за адну тактыку, а спрабаваць новае, калі старое не працуе.

Зрэшты, пра гэта ад пачатку і прасіла адна з найбольш вядомых жанчын-палітвязьняў Марыя Калесьнікава. Дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці гэтую ўладу.

Здавацца — нельга.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG