Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя арыштанты Акрэсьціна: «Затрыманыя, якія праходзяць праз ГУБАЗіК, пабітыя ў 60-70% выпадкаў»


Машына міліцыі каля ЦІП на Акрэсьціна. Архіўнае фота
Машына міліцыі каля ЦІП на Акрэсьціна. Архіўнае фота

Былыя арыштанты расказалі «Вясьне» пра ўмовы ўтрыманьня ў менскім ЦІП на Акрэсьціна ў сьнежні, пра тое, каго цяпер затрымліваюць сілавікі і як зьмянілася сытуацыя з затрыманымі па палітычных матывах у сувязі з вайной ва Ўкраіне.

«Затрыманыя, якія праходзяць праз ГУБАЗіК, — зьбітыя ў 60-70% выпадкаў»

Паводле аднаго былога арыштанта, у ЦІП на Акрэсьціна, па яго адчуваньнях, тры «палітычныя» мужчынскія камэры і адна «палітычная» жаночая. У камэры на шасьцёх утрымліваюць да 30 мужчын, на чатырох — да 20 чалавек. Паводле падлікаў былога вязьня, з 30 чалавек у камэры было толькі два, якія затрымліваліся ў 2020 годзе, і тры чалавекі вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы. Па-ранейшаму ў камэрах не выключаюць сьвятло і будзяць у дзьве і чатыры гадзіны ночы.

«Асноўная маса людзей на Акрэсьціна — гэта тыя, каго затрымліваюць за камэнтары і рэпосты. Ёсьць тыя, каго затрымалі за піва: іх вязуць на афармленьне пратаколу за знаходжаньне ў стане алькагольнага ап’яненьня і расьпіцьцё сьпіртных напояў, але ў аддзяленьні глядзяць іх тэлефоны і знаходзяць там фота са сьцягам або камэнтар. Усё — стаў палітычным.

Гэтак жа працягваюць вылоўліваць тых, хто быў у 2020 годзе. Як правіла, апазнаюць па фота. Як я зразумеў, яны бяруць чалавека, глядзяць фота зь мітынгаў і, калі ёсьць сумесныя фота зь сябрамі, знаёмымі, калегамі, то пачынаюць адпрацоўваць іх. Міліцыянты выцягваюць усе паведамленьні з тэлеграма. Ніякіх узломаў накшталт тэлеграма няма. Людзі пападаюцца самі праз фота і неабароненасьць сваіх пэрсанальных зьвестак. Такое адчуваньне цяпер, што тыя каго затрымлівалі ў 2020 годзе, ці сядзяць, ці выехалі. Цяпер даціскаюць камэнтатараў і рэпосьнікаў.

Былі выпадкі, калі людзей затрымлівалі пасьля перасячэньня мяжы. Напэўна, тых, хто выехаў пасьля 2020-га, занесьлі ў асобную базу. Гэтак жа затрымліваюць футбольных фанатаў з тату».

«Маральна забівае невядомасьць»

Як адзначае былы арыштант, «каруселяць» (перазатрымліваюць пасьля «сутак» і судзяць паводле новых пратаколаў) 10-15% ад колькасьці затрыманых у камэры.

«Затрыманыя, якія праходзяць праз ГУБАЗіК, пабітыя ў 60-70% выпадках. Былі пабітыя патэльняй хлопцы. Чаму патэльня,незразумела. У міліцыі ў асноўным лаюцца матам, ня бʼюць. Але ўсё залежыць ад затрыманага.

Б'юць, як правіла, дома, калі няма нікога. На Акрэсьціна бачыў у хлопцаў сінякі на нагах, у раёне сьцёгнаў. Радзей сустракаюцца задзірыны на твары.

Але самае страшнае, як па мне, дык гэта невядомасьць. Чалавек адразу атрымлівае „суткі“, а потым дазнаецца ў камэры пра „каруселі“, камэнтары і магчымасьць „заляцець“ на крыміналку. Маральна забівае невядомасьць... Прасьцей перажыць пабіцьцё і „суткі“, але ведаць, што ты сапраўды выйдзеш на волю. А тут ты не ведаеш, паедзеш на „Валадарку“ ці дадому. Гэта катаваньне».

«Ня так моцна лаюцца за падпіскі на Nexta, як за падпіскі на ўкраінскія навінавыя парталы»

«На судзе стаіш у кайданках перад ноўтбукам. Побач міліцыянт у тэлефоне гуляе. Усіх „кантрольных“ (яны так называюць палітычных) перавозяць у кайданках. Любое перамяшчэньне — у кайданках.

Удзельнічаюць у судзілішчах, як правіла, хто ва ўсім гэтым ужо замазаны. Судзьдзі і сьведкі ўжо не надзяваюць масак. Балаклавы надзявае АМАП і ГУБАЗ. Тыя хто афармляюць, ГАМ, РАУС, ім ужо ўсё роўна — яны ўжо зьлітыя ў інтэрнэт і не хаваюцца.

Многіх працягваюць звальняць зь дзяржаўных арганізацый за „суткі“ і калі дзесьці засьвяціўся. Ёсьць нават прыватнікі, якія баяцца браць на працу палітычных».

Былы арыштант адзначае «вельмі цікавую» рэакцыю міліцыі на ўкраінскую тэму.

«Ня так моцна лаюцца за падпіскі на Nexta і Матольку, як за падпіскі на ўкраінскія навінавыя парталы. Цяпер тэматыка Украіны іх больш турбуе. Опэрупаўнаважаныя на допыце часта запытваліся, хто зь сяброў, сваякоў ваюе ў гарачых пунках, хто са знаёмых цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне. Тэма Ўкраіны для іх вельмі страшная. Яны баяцца супраціву са зброяй.

Паколькі яны працуюць па адмашцы зьверху, то, адпаведна, яны дапускаюць сцэнар пройгрышу РФ у вайне. Бо ніхто ня ведае, як будуць працаваць УСУ. А паколькі ўцягнутая і Беларусь, то яны думаюць, што УСУ або полк Каліноўскага могуць зайсьці на нашу тэрыторыю».

«На трэці-пяты дзень захворваюць усё»

Мужчына, які нядаўна вызваліўся зь ЦІП, расказаў, што цяпер хварэюць усе арыштанты:

«Вірус ходзіць. На трэці-пяты дзень захворваюць усе».

Яшчэ адзін мужчына, які ў 2022 годзе двойчы трапляў на «суткі», дапаўняе, што «людзі там хварэлі заўсёды»:

«Гэта не залежыць ад надворʼя. Ад таго, што людзі сьпяць на падлозе і скразьняк у камэры, людзі захворваюць».

Лекі арыштантам выдаюць у асноўным зь іхных перадач. Гэта адзінае, што даходзіць ад сваякоў на Акрэсьціна.

«Заўсёды ёсьць так званы эвакуацыйны чамаданчык»

Паводле былых вязьняў, сёньня, на фоне бясконцых рэпрэсіі, даводзіцца жыць з пастаянным пачуцьцём няўпэўненасьці.

«Калі жывеш у Беларусі, то ўжо на аўтамаце глядзіш у вокны пры выхадзе. Выкарыстоўваеш новыя тэлефоны пасьля затрыманьня. Ужо заўсёды ёсьць так званы эвакуацыйны чамаданчык. Прывыкаеш жыць у такім тэмпе. Але папраўдзе, калі сілавікі захочуць, то цябе затрымаюць.
Адзінае, што хачу сказаць: трэба зносіць усё інстаграмы і тэлеграмы, то бок выдаляць акаўнты і мяняць тэлефоны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG