У Менскім абласным судзе вынесьлі прысуд 40-гадоваму «рэйкаваму партызану» Віталю Мельніку зь Менскага раёну.
Мужчыну асудзілі на 13 гадоў калёніі асаблівага рэжыму і абвінавацілі ў тэрарызьме, незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, наўмысным пашкоджаньні сродкаў сыгналізацыі і іншага транспартнага абсталяваньня, а таксама публічнай абразе Лукашэнкі.
Працэс вяла судзьдзя Анжаліка Данілава.
У зьняволеннага таксама канфіскавалі аўтамабіль Peugeot Partner і мабільны тэлефон iPhone.
У пракуратуры адзначылі, што мужчына абвінавачваўся ў тым, што ў ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 году на перагоне Навасады — Барысаў каля вёскі Стайкі Барысаўскага раёну падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня. У выніку адбылося затрыманьне 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Падчас сьледзтва ў мужчыны знайшлі два пісталеты і боепрыпасы да іх, акрамя таго, выявілі тры паведамленьні ў інтэрнэце, у якіх зьмяшчаліся абразы Лукашэнкі.
Хто такі Віталь Мельнік
Вядома, што Мельнік жыў у вёсцы Хадакова Менскага раёну, мае маленькае дзіця. Сямʼя лічыць, што Віталь ня мае дачыненьня да выстаўленых артыкулаў, і зьвязвае яго затрыманьне з помстай мясцовага судзьдзі, а таксама тым, што раней у Віталя была судзімасьць.
Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазьней высьветлілі, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Перасоўваецца мужчына на мыліцах.