Пра гэта баўгарскай службе Свабоды паведаміла яго адвакатка. У прэс-цэнтры суда пацьвердзілі рашэньне.
Грамадзяніна Ўкраіны Трафімчука затрымалі 19 лістапада 2022 году на мяжы пры спробе ўехаць у Баўгарыю з Румыніі. Тады памежная паліцыя высьветліла, што ён знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола па запыце Беларусі. Разам зь ім ехалі жонка і трое дзяцей. Ва Ўкраіне сям’я ўжо ня мае дома, бо яго разбурыла бомба на пачатку вайны.
Дзьмітро ехаў у Баўгарыю, каб адтуль дабрацца да Турэччыны, дзе ён мог бы жыць са сваёй сямʼёй. У апошнія месяцы ён разам з жонкай займаўся валянтэрскай дапамогай жыхарам Харкаўскай вобласьці, паведамляе выданьне BNT.
Згодна з заявай Беларусі аб затрыманьні, Дзьмітро нібыта быў замешаны ў схеме крадзяжу асабістых і банкаўскіх рэквізытаў замежных грамадзян. Аднак, па словах самога Дзьмітрыя і яго жонкі, справа была сфабрыкаваная, а доказы падтасаваныя.
З таго часу 38-гадовы мужчына знаходзіўся пад вартай у Баўгарыі. У пачатку сьнежня суд у Вялікім Тырнаве адхіліў хадайніцтва Трафімчука аб вызваленьні пад хатні арышт. Прычыны палягалі ў тым, што ён мог уцячы і схавацца.
У шэрагу гарадоў Баўгарыі пасьля арышту прайшлі акцыі пратэсту ў яго абарону. Па словах пратэстоўцаў, украінец зьяўляецца бежанцам і зьбірае гуманітарную дапамогу для сваёй радзімы, а абвінавачваньне супраць яго надуманае.
30 сьнежня мінулага года раённы суд гораду Руса разгледзеў запыт аб экстрадыцыі і адмовіў у ім.
Улады Беларусі ня могуць дамагчыся павагі да правоў чалавека ў турмах, тлумачыць суд сваё рашэньне. Ён лічыць, што пісьмовыя запэўніваньні Беларусі ў тым, што Трафімчук ня будзе падвяргацца гвалту, катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зьневажаючаму годнасьць абыходжаньню, не могуць быць дасягнуты.
Рашэньне можна было абскардзіць на працягу 5 дзён у апэляцыйным судзе, але тэрмін скончыўся, і яно не было абскарджана. Зараз Трафімчук вызвалены з-пад варты і знаходзіцца з сямʼёй.
Трафімчук адмаўляе, што рабіў што-небудзь супрацьзаконнае і неправамернае. Сваякі гавораць, што ён не ведаў, што знаходзіцца ў вышуку, што яго абвінавачваюць у злачынстве ў Беларусі. Яны таксама лічаць, што яго жыцьцё будзе ў небясьпецы, калі Баўгарыя дазволіць яго экстрадыцыю.
«Экстрадыцыя ў Беларусь небясьпечная для жыцьця Зьмітра. Яго могуць забіць», — распавяла журналістам баўгарскай Свабоды ягоная жонка Вікторыя Трафімчук.