Дакумэнт вызначае парадак і ўмовы выдачы заключэньня (дазвольнага дакумэнту) на вываз культурных каштоўнасьцяў, а таксама пісьмовага паведамленьня аб тым, што такі дакумэнт не патрабуецца.
Заключэньне выдаецца Міністэрствам культуры, а пісьмовае апавяшчэньне — яшчэ і структурнымі падразьдзяленьнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, якія ажыцьцяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сфэры культуры, або ўпаўнаважанымі імі па ўзгадненьні зь Міністэрствам культуры арганізацыямі культуры.
Вывозіць могуць асобную культурную каштоўнасьць або калекцыю, або камплект. Дазвольны дакумэнт або пісьмовае апавяшчэньне выдаецца адпаведна.
Вываз ажыцьцяўляецца юрыдычнымі асобамі і ІП, а таксама фізычнымі асобамі ў якасьці тавараў для асабістага карыстаньня ў адпаведнасьці зь міжнароднымі прававымі актамі, якія складаюць права Эўразійскага эканамічнага зьвязу.
Дапускаецца толькі часовы вываз за межы Беларусі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў (або тых, якім прапануецца надаць такі статус), культурных каштоўнасьцяў, якія складаюць бібліятэчны фонд краіны або ўключаны ў музэйны фонд. Гэта датычыцца і тых каштоўнасьцяў, якія маюць асаблівае значэньне для гісторыка-культурнай і археалягічнай спадчыны краіны, беларускай нацыянальнай культуры, вываз якіх прывядзе да значнага зьбядненьня беларускай нацыянальнай культуры.
Напрыклад, гэта культурныя каштоўнасьці, створаныя да 1950 году выдатнымі беларускімі і замежнымі мастакамі і скульптарамі, жывапісныя іконы, створаныя да 1900 году, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя да 1930 году на беларускай тэрыторыі. Вываз дапушчальны толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі Беларусі. Пры гэтым абавязковы адваротны ўвоз у тэрмін, адзначаны ў заключэньні.
Не патрабуецца дазвольны дакумэнт або пісьмовае апавяшчэньне пры вывазе:
- чарцяжоў (за выключэньнем архіўных дакумэнтаў, створаных 50 гадоў таму і больш);
- друкаваных выданьняў (за выключэньнем створаных 100 гадоў таму і больш) з дарчымі надпісамі асобам, якія ажыцьцяўляюць вываз;
- прамысловых вырабаў, якія не зьяўляюцца культурнымі каштоўнасьцямі;
- вырабаў народных мастацкіх рамёстваў і сувэнірных вырабаў, упрыгожаных уручную;
- прынтаў на палатне і паперы;
- сямейных фатаграфій;
- работ, выкананых дзецьмі;
- асабістых узнагарод, на нашэньне якіх ёсьць ордэнскія кніжкі або ўзнагародныя пасьведчаньні, якія вывозяцца самім узнагароджаным.
Пастанова набыла моц з 1 студзеня 2023 году.