Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік Скарыну, вывіхнутая нага будучага прэзыдэнта ў менскім гатэлі і апэрацыі пратэстоўцам. 30 гадоў дыпадносінам Чэхіі і Беларусі


12 лістапада каля беларускай амбасады ў Празе адбылася акцыя памяці Рамана Бандарэнкі
12 лістапада каля беларускай амбасады ў Празе адбылася акцыя памяці Рамана Бандарэнкі

30 гадоў таму, 5 студзеня 1993-га, былі ўсталяваныя дыпляматычныя адносіны паміж Чэскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь.

Гэтыя нататкі не прэтэндуюць на ахоп усяго спэктру беларуска-чэскіх адносінаў і нават не прыгадваюць усе важныя падзеі; аўтар закранае толькі некаторыя зь іх — якія, тым ня менш, адлюстроўваюць няпростыя і ў нечым нават кантрастныя ўзаемадачыненьні паміж двума народамі.

Строга кажучы, дыпляматычныя адносіны паміж Менскам і Прагай існавалі і да 5 студзеня 1993-га, амаль год — як паміж Рэспублікай Беларусь і Чэхаславацкай Фэдэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Але 1 студзеня 1993 ЧСФР мірна падзялілася на Чэхію і Славаччыну, і Прага зь Менскам зрабілі тое, што на сучаснай мове можна назваць «рэбрэдынгам» дыпляматычных адносінаў.

Магіла прэзыдэнта Рады БНР, Пётры Крэчэўскага на Альшанскіх могілках у Празе
Магіла прэзыдэнта Рады БНР, Пётры Крэчэўскага на Альшанскіх могілках у Празе

Калі ж зазірнуць у гісторыю яшчэ далей, то ўбачым дыпляматычную місію БНР у Празе ў 1920-я гады і прысутнасьць у горадзе над Влтавай цягам дзесяцігодзьдзяў прэзыдэнтаў Рады БНР; магілы Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі на Альшанскіх могілках даўно зрабіліся месцам паломніцтва для тых, каму дарагія ідэалы беларускай Незалежнасьці.

І ўсё ж, прынята лічыць, што адлік дыпадносінаў сучаснай Беларусі і сучаснай Чэхіі бярэ пачатак менавіта з гэтай даты — 5 студзеня 1993.

Пра значэньне, якое Менск надаваў адносінам з Прагай, сьведчыць хоць бы тое, што на пасаду беларускіх амбасадараў прызначаліся асобы, якія валодалі доволі саліднай асабістай палітычнай вагой. Першым быў Міхаіл Марыніч — былы мэр Менску і міністар зьнешнеэканамічных сувязяў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Другім амбасадарам быў старшыня Гомельскага аблвыканкаму і таксама парлямэнтарый Мікалай Вайцянкоў. У часы Макея, з 2015-га па 2021-ы дыпляматычную місію ўзначальваў колішні член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета Валер Курдзюкоў.

Увогуле, пачыналася ўсё вельмі салідна і ўзаемна добразычліва: чэскія ўлады станоўча адгукнуліся на ініцыятыву міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі ушанаваць у Празе памяць Францішка Скарыны, і ў 1996 годзе (калі Краўчанка ўжо ня быў міністрам, а Беларусьсю ўжо два гады кіраваў Лукашэнка) на Градчанах адкрылі помнік беларускаму кнігадрукару (скульптар Эдуард Астаф’еў). А на будынку Нацыянальнай бібліятэкі ў праскім Клімэнцінуме ўсталявалі шыльду з выявай Скарыны і тэкстам на беларускай мове.

Помнік Францішку Скарыну ў Празе
Помнік Францішку Скарыну ў Празе

Адносна стабільна і незалежна ад палітычных узаемадачыненьняў разьвівалася эканамічнае супрацоўніцтва. Пікам эканамічных узаемасувязяў паміж краінамі можна лічыць 2013 год, калі імпарт Чэхіі ў Беларусь дасягнуў амаль паўмільярда даляраў (у той час як экспарт беларускіх тавараў у Чэхію быў у пяць разоў меншы).

У 2021-м аб’ём гандлёвага абароту паміж краінамі складаў 384 мільёны даляраў, прычым імпарт і экспарт былі практычна роўнымі. Пры гэтым аб’ём інвэстыцыяў з Чэхіі ў Беларусь за той жа год павялічыўся на 4,6 мільёна даляраў; з улікам больш чым сотні зарэгістраваных у Беларусі чэскіх фірмаў гэта няшмат.

Вядома, і палітычныя, і эканамічныя стасункі паміж Беларусьсю і Чэхіяй разьвіваліся б куды больш інтэнсіўна і плённа, калі б Беларусь пайшла шляхам палітычных і эканамічных рэформаў, ад якіх яна адмовілася пасьля 1994 году.

Чэхія зь яе багатымі традыцыямі змаганьня за дэмакратыю і за права самастойна выбіраць свой лёс, зламанае ў 1938 гітлераўскімі, а ў 1968 — савецкімі танкамі, адмоўна ўспрымае парушэньні прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

Падзеі 2020 году апусьцілі ўзровень афіцыйных адносінаў паміж Прагай і Менскам на самую нізкую кропку за трыццаць гадоў. Фармальна, у Менску існуе пасольства Чэхіі, а ў Празе — пасольства Беларусі, аднак у рэальнасьці дыпляматычныя адносіны замарожаныя: кіраўніцтва Беларусі ўспрымае Чэхію як як недабразычлівую краіну.

Нягледзячы на гэта, Прага праз сваю дыпляматычную місію падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасьць. Пасольства Чэхіі ў жніўні 2022-га, нароўні з амбасадамі іншых краінаў ЭЗ, пацьвердзіла непрызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў жніўні 2020-га году і чарговы раз запатрабавала вызваленьня палітычных вязьняў, а ў кастрычніку павіншавала Алеся Бяляцкага з прысуджэньнем яму Нобэлеўскай прэміі міру. У траўні 2022-га амбасадар Чэхіі Томаш Пэрніцкі і іншыя кіраўнікі дыпмісіі ўсклалі вянок да труны першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча — тым часам як улады Рэспублікі Беларусь цырымонію пахаваньня праігнаравалі і нават ня выказалі спачуваньня сям’і нябожчыка.

Шлях да салідарнасьці

Затое ўзаемаадносіны паміж беларускай і чэскай грамадзянскай супольнасьцю дасягнулі вышыні менавіта пасьля 2020 году. Між іншым, такое стаўленьне чэскіх палітыкаў да лёсу беларускай дэмакратыі было не заўсёды салідарным.

Калі ў красавіку 1996-га, пасьля жорсткага разгону праціўнікаў беларуска-расейскай інтэграцыі, Зянон Пазьняк сустракаўся на Праскім градзе з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Чэхіі Мэдэкам і кіраўніком МЗС, старшыні БНФ было сказана, што, па-першае, Чэхія занадта далёка ад Беларусі; а па-другое, у Маскве ёсьць Ельцын, які абавязкова навучыць Лукашэнку дэмакратыі. Адзінае, пра што ўдалося тады дамовіцца Пазьняку — што Чэхія будзе прымаць выключаных зь беларускіх ВНУ студэнтаў (трэба аддаць належнае, чэхі сваё абяцаньне выканалі ўжо ў тым жа 1996-м).

І вось такі шлях да салідарнасьці: ад меркаваньня, што Беларусь занадта далёка ад Прагі, каб блізка да сэрца ўспрымаць разгон маніфэстантаў на менскіх праспэктах у 1996-м — да дзяржаўнай дапамогі дзясяткам параненых у выніку гвалтоўных дзеяньняў сілавікоў у 2020-м.

Пасьля жнівеньскіх падзеяў 2020-га чэхі, сапраўды, прадэманстравалі вялікую салідарнасьць зь беларускім народам.

Мне прыгадваецца гіганцкі білбард з партрэтам зьняволенага супрацоўніка Радыё Свабода Ігара Лосіка на аўтастрадзе, якая вядзе з аэрапорту ў Прагу.

Бязьвіз і візавы «бан»

Маладыя людзі могуць не паверыць, але ў 90-я і ў самым пачатку 2000-х беларусам для наведваньня Чэхіі віза была не патрэбная; да 90 дзён на тэрыторыі краіны можна было знаходзіцца свабодна.

Прычыны ўвядзеньня візавага рэжыму даволі красамоўна адлюстроўвае фрагмэнт з матэрыялу Радыё Свабода ў пачатку 2000-га:

«Увядзеньня візаў для тройкі постсавецкіх краінаў (Беларусі, Расеі і Ўкраіны — СН) на працягу апошняга часу актыўна дамагалася Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі. Паводле міністэрства, грамадзяне менавіта гэтых краінаў ускладняюць сытуацыю на рынку працы і крымінагенную абстаноўку. Прычым, і гэта агульнавядома ў Чэхіі, асноўны ўплыў на чорным рынку працы маюць украінцы, а ў крымінальных справах вызначаецца руская мафія. Беларусы ні ў першай, ні ў другой статыстыцы ня маюць прыкметнай ролі. Адзінае, чым хіба Беларусь вызначаецца — гэта прытокам палітычных уцекачоў. Магчыма, гэта і стала падставай для ўключэньня Беларусі ў кампанію так званых «праблемных краінаў» (Радыё Свабода, 25 студзеня 2000 г.)

Як бачыце, Беларусь апынулася ў сьпісе «праблемных» краінаў, як кажуць, «за кампанію»; сумная іронія палягала ў тым, што колькасьць беларусаў, якія прасілі палітычнага прытулку ў Чэхіі, у той час налічвала адзінкі. Ды і само па сабе імкненьне паставіць заслону на шляху гэтых адзінак ня надта сумяшчалася зь іміджам дэмакратычнай краіны, тысячы ўцекачоў зь якой пасьля падзеяў 1968 году былі прынятыя заходнімі краінамі.

Ад 2020 году два дзесяцігодзьдзі візавая палітыка Прагі ў дачыненьні да грамадзян Беларусі заставалася нязьменнай і мала чым адрозьнівалася ад іншых краінаў Эўразьвязу і Шэнгенскай зоны. Аднак пасьля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022-га яна зрабілася надзвычай жорсткай: атрымаць чэскую візу звычайнаму беларусу надзвычай складана, калі ўвогуле магчыма. Калі ж улічыць, што ў сакавіку 2022-га былі спыненыя паштовыя адпраўленьні з Чэхіі ў Беларусь — камунікацыі паміж умоўным простым чэхам і умоўным простым беларусам могуць адбывацца выключна праз тэлефон ды Інтэрнэт. Найбольш пакутуюць ад гэтага беларусы, якія стала жывуць у Чэхіі і ня могуць з палітычных прычынаў наведаць сваіх родных у Беларусі (адпаведна, іх родныя ня могуць іх наведаць у Чэхіі).

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што візавыя абмежаваньні (у тым ліку і для беларускіх студэнтаў) былі ўведзеныя ледзь не на наступны дзень пасьля таго, як у часе візыту Сьвятланы Ціханоўскай у Прагу кіраўнікі Чэхіі абяцалі ёй, наадварот, візавыя паслабленьні.

Неафіцыйна прадстаўнікі чэскіх уладаў візавы «бан» для беларусаў тлумачаць засьцярогамі, што спэцслужбы (найперш расейскія) могуць заслаць сваіх агентаў. Магчымасьць цалкам рэальная. Але, па-першае, нішто не перашкаджала расейскаму ФСБ ці беларускаму КДБ рабіць гэта ў папярэднія дзесяцігодзьдзі. Па-другое, у спэцслужбаў непараўнальна больш магчымасьцяў зрабіць гэта праз грамадзян Украіны, для якіх задоўга да вайны дзейнічае рэжым бязьвізавага ўезду ў Чэхію: агульнавядома, што на тэрыторыі так званых «ДНР» і «ЛНР» расейскія спэцслужбы восем гадоў дзейнічалі як у сябе дома (што праўда, гэтак жа камфортна пачувалі і пачуваюць яны сябе і ў Беларусі).

Але ня будзем далей разьвіваць тэму, якая тычыцца ўнутранай бясьпекі Чэскай Рэспублікі і бясспрэчна зьяўляецца яе сувэрэнным правам. Адзначым толькі, што на сёньняшні дзень рэальных пэрспэктыў нейкага вырашэньня візавай праблемы не праглядаецца.

«Какой ещё Гавал?»

Вацлаў Гавэл шмат для каго зьяўляецца ня толькі сымбалем «аксамітнай рэвалюцыі», але і Чэхіі як дэмакратычнай краіны ўвогуле. Усе, хто прыбывае ў Прагу паветраным шляхам, чуюць гэтае імя, калі стуардэсы паведамляюць, што самалёт выканаў пасадку ў міжнародным аэрапорце імя Вацлава Гаўла.

Гісторыя дачыненьняў Гаўла зь беларускай дэмакратыяй і ў часе ягонага прэзыдэнцтва, і пасьля сыходу з пасады (Гавэл катэгарычна спыніў размовы пра тое, што ў якасьці выключэньня ягонае прэзыдэнцтва варта б працягнуць на яшчэ адзін тэрмін) — багатыя на падзеі і на асобы. Пра іх можна было б напісаць кнігу, і дзіўна, што такая пакуль не зьявілася.

Вось толькі малая частка тэмаў для такой кнігі.

У пачатку 1999-га Гавэл прымаў у Праскім градзе дэлегацыю беларускай апазыцыі, у тым ліку экс-старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча.

Вацлаў Гавэл і Станіслаў Шушкевіч
Вацлаў Гавэл і Станіслаў Шушкевіч

12 верасьня 2001 Гавэл ў прэзыдэнцкім палацы на Праскім градзе сустрэўся з Васілём Быкавым. Гэта было адзінае заплянаванае загадзя мерапрыемства, якое ў той дзень у графіку кіраўніка краіны-сябра NATO не было скасавана (днём раней тэрарысты атакавалі Нью-Ёрк і Вашынгтон). Неўзабаве Гавэл запрасіў Быкава ў Чэхію, і апошнія месяцы свайго жыцьця Васіль Ўладзімеравіч правёў у Празе.

У 2004-м, напярэдадні Дня волі, Вацлаў Гавэл удзельнічаў у канфэрэнцыі «Беларусь — наш новы сусед», якая прайшла ў Сэнаце Чэскай Рэспублікі і ставіла мэтай запабегчы адмежаваньню Беларусі ад Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы пасьля пашырэньня ЭЗ.

У 2005 годзе Вацлаў Гавэл уручыў прэмію рэдактару «Нашай Нівы» Андрэю Дынько, а ў 2006-м — кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

Вацлаў Гавэл і Алесь Бяляцкі
Вацлаў Гавэл і Алесь Бяляцкі

У сакавіку 2008-га, напярэдадні Дня волі, Вацлаў Гавэл прыняў у сваім офісе дэлегацыю Рады БНР на чале зь Івонкай Сурвілай. На сустрэчы Гавэл выявіў сябе ня столькі як былы палітык, колькі як дзейны драматург тэатру абсурду: значную частку гутаркі ён цікавіўся псыхічнымі адметнасьцямі кіраўніка Беларусі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла гутарыць з Вацлавам Гаўлам
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла гутарыць з Вацлавам Гаўлам

Адносіны Вацлава Гаўла, які набыў славу драматурга задоўга да таго, як зрабіўся дысыдэнтам, з калектывам «Свабоднага тэатру», цягнуліся аж да ягонай сьмерці. Гавэл спрыяў трупе, якая была пазбаўленая магчымасьці адкрыта выступаць на сцэнічных пляцоўках Беларусі, запрашаў іх да сябе на дачу (знакаміты Градзічэк на поўначы Чэхіі).

Самы апошні свой аўтограф Вацлаў Гавэл за некалькі дзён да сьмерці паставіў на лісьце, адрасаваным беларускім палітычным вязьням.

На аўтара ж гэтых радкоў з усіх сустрэчаў з Вацлавам Гаўлам найбольшае ўражаньне зрабіла тая, якая самым непасрэдным чынам была зьвязаная якраз з дыпляматычнай місіяй Рэспублікі Беларусь у Чэхіі.

І ўразіў якраз ня Гавэл, а супрацоўнік беларускай амбасады.

У сакавіку 2006 году Вацлаў Гавэл разам зь іншымі заснавальнікамі ініцыятывы «Грамадзянская Беларусь» прыехаў да амбасады Беларусі, якая месьціца ў праскім раёне Троя. У руках экс-прэзыдэнта была пэтыцыя супраць разгону ў Менску акцыі на Дзень волі і парушэньняў правоў чалавека і з патрабаваньнем (гэта ішло першым пунктам) адстаўкі Лукашэнкі.

Гавэл і сэнатары разьлічвалі ня толькі перадаць зварот, але выказаць сваю пазыцыю ў размове з кіраўнікамі дыпляматычнай місіі — ясна ж, што такога шаноўнага госьця і ягоных спадарожнікаў запросяць на кубак кавы, гэтак зрабілі б нават у амбасадзе якой-небудзь афрыканскай дыктатуры (ніводзін пасол ня ўпусьціць магчымасьць пагутарыць з экс-кіраўніком краіны сваёй акрэдытацыі, гэта яму толькі плюс у вачах кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства).

Але перад амбасадай разыгралася сцэна ў стылі абсурдысцкіх п’есаў Гаўла.

Брама была зачыненая. На званкі ніхто не выходзіў. Гавэл папрасіў мяне выступіць у ролі своеасаблівага пасярэдніка. Я сказаў у дамафон, што тут — Вацлаў Гавэл, ён і ягоныя сябры-сэнатары хацелі б сустрэцца з супрацоўнікамі амбасады.

— Кто-кто? — перапытаў мужчынскі голас

— Вацлаў Гавэл, — паўтарыў я.

— Какой ещё такой Гавал? — пачулася з дамафону.

Калі б я ня быў удзельнікам гэтага дыялёгу, ніколі б не паверыў у яго рэальнасьць.

Вацлаў Гавэл ля брамы беларускай амбасады ў Празе, сакавік 2006. Фота Ўладзіслава Яндзюка
Вацлаў Гавэл ля брамы беларускай амбасады ў Празе, сакавік 2006. Фота Ўладзіслава Яндзюка

З другой нашай спробы ўжо жаночы голас параіў апусьціць пэтыцыю ў скрыню каля брамы, што Вацлаў Гавэл і зрабіў пад тэлевізійныя камэры.

Напэўна, адзіным, хто меў профіт з таго візыту, быў ваш пакорны слуга: увечары сюжэт пра няўдалую спробу Гаўла патрапіць у беларускую амбасаду паказалі ўсе вядучыя каналы чэскага тэлебачаньня, і сусед, які гадамі мяне «наўпрост не заўважаў», з раніцы наступнага дня пачаў першым са мной вітацца.

Чаму сарвалася сустрэча Лукашэнкі з Зэманам

Вацлаў Гавэл — самы славуты, але не адзіны чэскі палітык, які меў добрыя адносіны з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Сьпікер чэскага парлямэнту Пэтэр Пітгард вітаў Зянона Пазьняка; лідэр Грамадзянскай партыі і прэм’ер-міністар Чэхіі Топаланэк падпісваў дамову аб супрацоўніцтве з партыяй БНФ і назваў Вінцука Вячорку прыкладам палітыка, на якога хацеў бы быць падобным; міністар замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг прымаў дэмакратычных экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і лідэраў дэмакратычных партый; віцэ-сьпікер Сэнату, былы дысыдэнт Ян Румл спрыяў актывістам моладзевага руху.

Міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, Аляксандар Мілінкевіч і Зянон Пазьняк, травень 2009, Прага.
Міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, Аляксандар Мілінкевіч і Зянон Пазьняк, травень 2009, Прага.

Лідэры беларускай апазыцыі рэгулярна запрашаюцца на міжнародны аўтарытэтны «Форум-2000» у Празе, пачатак якому паклаў яшчэ Гавэл: яны бралі ўдзел у канфэрэнцыях, прысьвечаных палітычнай і прававой ацэнцы злачынстваў камунізму.

У часе сваіх візытаў у Прагу Сьвятлана Ціханоўская мела сустрэчы з практычна ўсімі кіраўнікамі Чэскай Рэспублікі, уключна з прэзыдэнтам Мілашам Зэманам.

Некалькі месяцаў таму Зэман прымаў у праскім градзе прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхіі.

Апошняй прыкметнай падзеяй 2022 году ў дачыненьні да апанэнтаў лукашэнкаўскага рэжыму было заснаваньне Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам у Праскім замку — рэзыдэнцыі кіраўніка Чэхіі. Травень 2022.
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам у Праскім замку — рэзыдэнцыі кіраўніка Чэхіі. Травень 2022.

Між іншым, на сёньняшні дзень Зэман — адзіны прэзыдэнт Чэхіі, які наведаў Беларусь. Праўда, зрабіў ён гэта ў красавіку 2002-га, яшчэ да абраньня прэзыдэнтам, калі быў прэм’ер-міністрам. Але ня як кіраўнік ураду, а ў якасьці старшыні Камітэту Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу за мір, бясьпеку і правы чалавека — на запрашэньне старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада». Плянавалася гутарка з Лукашэнкам, аднак Зэман паставіў умову, каб на ёй прысутнічаў і Статкевіч, і сустрэча не адбылася. Правал напаткаў і ініцыятыву аб сумеснай дыскусіі ўладаў і апазыцыі, якую Зэман абмяркоўваў зь беларускімі сацыял-дэмакратамі.

У давяршэньне ўсяго, Зэман тады аступіўся ў ванным пакоі ў гатэлі «Беларусь», сур’ёзна вывіхнуў нагу і быў вымушаны наступныя дні хадзіць зь кіёчкам.

Больш Зэман ў Менск не прыяжджаў.

Культурніцкая дыпляматыя — без афіцыйнай дыпляматыі

Ня менш зьмястоўныя, чым палітычныя, былі і і культурніцкія дачыненьні Беларусі і Чэхіі — праўда, таксама з мінімальным удзелам афіцыйнага Менску.

Прага трывала ўвайшла ў кантэкст беларускай культуры ня толькі ў зьвязку з постацямі Скарыны, паэтэсы Ларысы Геніюш, сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага, літаратуразнаўцы і перакладчыка Вацлава Жадліцкага, — але і новымі імёнамі. У сталіцы Чэхіі прайшлі дзясяткі творчых сустрэчаў з удзелам Уладзімера Арлова, Сьвятланы Алексіевіч, Уладзімера Някляева, Альгерда Бахарэвіча, Барыса Пятровіча, Насты Кудасавай, Юліі Цімафеевай, Андрэя Хадановіча — сьпіс можна доўжыць. Менавіта ў Празе рыхтаваліся да друку большасьць з выданьняў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе», тут распачало працу выдавецтва «Вясна», якое, сярод іншага, вярнула чытачу літаратурную спадчыну Мойшэ Кульбака.

У 2017 годзе беларусы Чэхіі адзначылі 500-годзьдзе выданьня Скарынам у Празе «Бібліі», а ў 2021 — 505-ю.

Беларускія літаратары рэгулярна ўдзельнічаюць у штогадовым міжнародным кніжным кірмашы «Svět knihy», а ў Брне некалькі гадоў дзейнічае грамадзкая «Амбасада беларускай культуры» на чале з багемістам Сяргеем Сматрычэнкам.

Аднак гэта — як практычна ўсё, пералічанае ў гэтым тэксьце — робіцца без удзелу дыпляматычнай місіі Рэспублікі Беларусь у Чэхіі.

Можна сказаць, што дзяржаўны апарат Беларусі ня ўдзельнічае ў разьвіцьці палітычных ды культурных узаемадачыненьняў паміж беларускім і чэскім народамі.

... Фінляндыя, Эстонія, Нямеччына, Чэхія, Румынія, Вугоршчына, Малдова, Славаччына, Манголія, Казахстан, Азэрбайджан. Агульнае паміж гэтымі такімі рознымі краінамі адно: ніхто зь іх не мяжуе зь Беларусьсю, але яны мяжуюць з краінамі-суседзямі Беларусі. І бадай ні зь якімі іншымі краінамі гэтага сьпісу ў беларускай грамадзянскай супольнасьці няма больш шчыльных і даўніх дачыненьняў, чым з Чэхіяй.

За некалькі дзесяцігодзьдзяў беларусы і чэхі напрацавалі такі багаты досьвед у розных сфэрах ад культуры да правоў чалавека, што гэты патэнцыял абавязкова адыграе — ня можа не адыграць — станоўчую ролю тады, калі Беларусь як дзяржава вернецца ў супольнасьць дэмакратычных краінаў Эўропы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG