Сьцьвярджаецца, што падчас узлому з кампутарнай сеткі клінікі скапіявалі шмат дадзеных, у тым ліку і інфармацыю аб ПЦР-тэставаньні на каранавірус Аляксандра Лукашэнкі і яго сына Мікалая.
Журналісты zerkalo.io пацікавіліся, што пра гэта кажуць у самой клініцы.
Пад выглядам пацыента журналістка парталу патэлефанавала ў кол-цэнтар клінікі. Там адказалі, што ня ў курсе ні пра які ўзлом і выцекі. Фрагмэнт размовы:
— Хакеры ўзламалі сетку і атрымалі вялікую колькасьць дадзеных, дзе гарантыя таго, што мае аналізы ня зьявяцца ў інтэрнэце? Мне ўжо пачынаць турбавацца?
— Я першы раз такое чую, у нас ніякай інфармацыі аб тым, што наш сайт быў ускрыты і наша база выцекла, няма. Калі б была нейкая інфармацыя, то мы б у тым ліку ёю валодалі. На дадзены момант інфармацыі пра выцек дадзеных няма.
— Але зьявіліся дакумэнты з QR-кодамі, сапраўды такія ж, якія ў вас на сайце. Мне б не хацелася, каб мае дадзеныя трапілі ў інтэрнэт. Нейкае расьсьледаваньне з гэтай нагоды ідзе?
— Я пакуль не гатовая адказаць вам на гэтае пытаньне, ператэлефануйце пазьней, будзем удакладняць гэтую інфармацыю, калі ўвогуле нейкая інфармацыя ёсьць.
Калі журналісты патэлефанавалі пазьней, адміністратар клінікі заявіла, што ніякага ўзлому не было.
— Я ня ведаю, што пішуць у інтэрнэце, у нас усё ў парадку, ніякай інфармацыі [пра ўзлом] няма. Вы ведаеце, што ў інтэрнэце могуць пісаць усё што заўгодна.
- Хакеры 31 сьнежня заявілі, што атрымалі шмат зьвестак з кампутараў Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, у прыватнасьці, даведкі з вынікамі ПЦР-тэстаў на наяўнасьць SARS-Cov-2 Аляксандра Лукашэнкі і яго сына Мікалая. Дактары, чые дадзеныя пазначаныя ў даведках, сапраўды працуюць у гэтым мэдцэнтры. Яго галоўны ўрач — Ірына Абельская, у журналісцкіх расьсьледаваньнях і недзяржаўных СМІ яе называюць маці Мікалая Лукашэнкі.
- У якасьці доказу хакеры разьмясьцілі на галоўнай старонцы сайта віншаваньне з Новым годам, у якім яны нагадваюць пра турмы, набітыя палітвязьнямі, і абяцаюць Лукашэнку разьвіваць сваю дзейнасьць: «І тактыка барацьбы атрымае дынаміку ў тых нэгатыўных сцэнарах, якіх Вы баіцеся».
- Мяркуючы па датах, тэсты Аляксандра і Мікалая Лукашэнкі былі зробленыя напярэдадні іх візытаў у Расею. Лукашэнка сустракаўся з расейскім прэзыдэнтам пяць разоў у 2021 годзе і восем разоў — у 2022-м.