«Я заўсёды ставіўся да крамы як не да камэрцыйнага праекту, а як да грамадзка-палітычнага. Інакш бы ня змог выцягваць яе столькі часу. Высьветлілася, што і органы да яе ставіліся такім жа чынам. На працягу апошніх двух гадоў мяне перасьледавалі ня толькі таму, што я пратэставаў. Было стабільнае адчуваньне, што ціск зьвязаны менавіта з работай крамы», — адзначыў Казакевіч.
Паводле яго словаў, пачаліся праверкі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, аддзелу апэратыўна-вышуковай работы падатковай інспэкцыі, пагрозы завядзеньня крымінальных спраў.
«Калі я выйшаў пасьля чарговага затрыманьня за распаўсюд „экстрэмісцкіх матэрыялаў“, крама была ўжо зачынена. Мне далі дзесяць дзён на вываз тавару. Паралельна міліцыянты прымушалі выдаліць усе фота- і відэаматэрыялы пра краму з інтэрнэту, старонкі ў сацсетках. Хацелі, каб сам факт існаваньня крамы не захаваўся», — расказаў гаспадар «Росквіту».
Пасьля гэтага яго запрасілі ў падатковую інспэкцыю, дзе завялі справу за нібыта незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Адной з падставаў стала тое, што «Росквіт» працягваў працаваць тыя некалькі дзён, пакуль гаспадар знаходзіўся за кратамі.
«Па гэтым артыкуле дастаткова сур’ёзнае пакараньне. Яны мне наўпрост казалі пра замову. Таму было зразумела, што гэтым ня скончыцца, калі справа трапіць у эканамічны суд. Я зразумеў, што чакаць яго ня варта — тады б я ня змог зьехаць, карыстацца банкаўскімі карткамі, мабільнай сувязьзю, правамі кіроўцы. Прыняў рашэньне пра тэрміновую эвакуацыю», — сказаў Казакевіч.
«Ёсьць людзі, якіх выціснуць цяжка і прасьцей пасадзіць, а ёсьць тыя, каго наадварот. Падобна, што я з апошніх, — адзначыў суразмоўца. — Стала зразумела, што ў хуткім часе я апынуся ці за мяжой, ці за кратамі. Я ніколі не хацеў зьяжджаць, нават ня маю візы, але быў вымушаны».
Увосень дома і ў краме Казакевіча адбыліся ператрусы. Першапачаткова паведамлялася, што заведзена крымінальная справа, але пасьля стала вядома пра адміністрацыйную.
- 28 лістапада суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну (Брэсцкая вобласьць) прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт сайта і старонкі «Росквіту» ў «Інстаграме» (490 падпісчыкаў).
- Улады пад рознымі падставамі зачыняюць крамы па продажы нацыянальнай (не дзяржаўнай) сымболікі. З 15 лістапада 2021 года ў няволі заснавальнік крамы Symbal. by Павел Белавус. Абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве», «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня», «удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».