Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвялі абавязковую атэстацыю гідаў і аўдыёгідаў. Якія яшчэ навацыі ў законе «Аб турызьме»


Стары замак у Горадні
Стары замак у Горадні

З 1 студзеня ў Беларусі ўступіў у сілу новы закон «Аб турызьме», а таксама шэраг іншых дакумэнтаў, прынятых у яго разьвіцьцё.

Што мяняецца ў турыстычнай галіне, расказаў БелТА галоўны юрысконсульт Дэпартамэнту турызму Міністэрства спорту і турызму Аляксандар Крэчатаў. Сярод новаўвядзеньняў: пры аказаньні паслуг у сфэры міжнароднага выязнога турызму турапэратары павінны выбраць адзін з трох спосабаў:

  • першы — дамова страхаваньня адказнасьці турапэратара;
  • другі — банкаўская гарантыя на падставе дамовы паміж турапэратарам і банкам;
  • трэці — удзел у фондзе адказнасьці турапэратараў.

Акрамя таго, новы закон разьмяркоўвае адказнасьць паміж турапэратарам і турагентам. Паводле Аляксандра Крэчатава, турапэратар адказвае за свае туры, іх якасьць і аб’ём паслуг. Турагент як прадстаўнік турапэратара нясе адказнасьць за кантакты з турыстамі, належнае заключэньне дамоваў і правільнасьць інфармацыі ад усіх бакоў. На турагента таксама ўсклалі адказнасьць за прыём і своечасовы перавод грошай ад турыста на разьліковы рахунак турапэратара.

Дакумэнты вызначаюць і тое, як трэба фармаваць і весьці рэестар суб’ектаў турыстычнай дзейнасьці. Пералік суб’ектаў будзе адкрытым і агульнадаступным, ён будзе разьмяшчацца на сайце Міністэрства спорту і турызму.

Турыстычныя інфармацыйныя цэнтры цяпер могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, у тым ліку турыстычнай.

Атэстацыя гідаў і аўдыёгідаў

Што да экскурсійнага абслугоўваньня, тут увялі атэстацыю мабільнай праграмы як аўдыёгіда для экскурсій па ўнутраных турыстычных маршрутах Беларусі. Праходзіць працэдуру трэба не радзей за адзін раз на паўгода. Ацэньваць будуць як зьмест тэксту, так і тэхнічнае забесьпячэньне.

Устаноўлена забарона на ажыцьцяўленьне экскурсійнага абслугоўваньня без праходжаньня фізычнымі асобамі прафэсійнай атэстацыі, якая пацьвярджае кваліфікацыю экскурсавода, гіда-перакладчыка.

Паводле новых правілаў, уведзеных пастановай ураду № 839 ад 7 сьнежня, ня змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці), арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), арт. 367 КК (паклёп у дачыненьні Лукашэнкі), арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 КК (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў) і іншых артыкулаў.

Таксама пад забарону трапілі экскурсаводы, якія маюць адміністрацыйныя прысуды паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне), арт. 24.22 КаАП (распаўсюд сродкамі масавай інфармацыі загадзя лжывых зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць Лукашэнкі).

Перасьлед экскурсаводаў і гідаў

У 2022 годзе сілавікі арыштавалі некалькіх гідаў, крымінальны перасьлед зазналі Ігар Хмара, Валерыя Чарнаморцава і Аксана Манкевіч.

Хмару асудзілі ў лістападзе паводле арт. 342 КК на 2,5 года «хатняй хіміі». Яго затрымалі, калі ён праводзіў экскурсію па Менску. Манкевіч і Чарнаморцава чакаюць судоў у СІЗА, артыкул той самы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG