Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падобна да правакацыі. Прычым не беларускай, а расейскай». Украінскі вайсковы экспэрт пра ракету на Берасьцейшчыне


Рэшткі ракеты, якая ўпала ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Каляж. 29 сьнежня 2022
Рэшткі ракеты, якая ўпала ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Каляж. 29 сьнежня 2022

Украінскі вайсковы экспэрт Жданаў пракамэнтаваў Свабодзе падзеньне ракеты ў Берасьцейскай вобласьці.

Ранкам 29 сьнежня многія СМІ паведамілі аб магчымым падзеньні ў вёсцы Гарбаха Янаўскага раёну ракеты з комплексу С-300. Тэлеграм «Пул первого» ўжо адрэагаваў, што адбылося падзеньне ўкраінскай ракеты.

Свабода спыталася ва ўкраінскага вайсковага экспэрта Алега Жданава аб тым, ці магло сапраўды такое здарыцца і якія наступствы можа мець.

«Я думаю, гэта немагчыма, што ўкраінская ракета заляцела на тэрыторыю Беларусі. З боку Беларусі прылётаў па Ўкраіне апошнім часам няма. У нашай СПА проста не было падставаў страляць у бок Беларусі для зьбіцьця ракет. А ракетных войскаў у нас няма апрыёры, таму я ня ведаю, што там магло прыляцець», — сказаў Жданаў.

Ён лічыць, што гэты інцыдэнт больш падобны да правакацыі.

«Прычым, магчыма, накід ідзе нават ня з боку Беларусі, а Расейскай Фэдэрацыі».

Алег Жданаў
Алег Жданаў

Алег Жданаў пацьвярджае, што ракеты С-300 ёсьць на ўзбраеньні і Ўкраіны, і Беларусі з Расеяй. Прычым ва ўсіх краінах устаноўкі аднолькавыя. Вызначыць, чыя менавіта гэта была ракета, дастаткова нескладана.

«Патрэбна толькі знайсьці аскепак ракеты з сэрыйным нумарам. І тады адразу стане зразумела, дзе гэтая ракета выпушчаная, у якім годзе, і ў якой вайсковай частцы яна была. Калі ракета ўпала, то пакажыце яе сэрыйны нумар — і ўсё», — кажа Жданаў.

Экспэрт не выключае, што гэта можа быць правакацыя з мэтай уцягваньня Беларусі ў вайну ва Ўкраіне.

«У нас на мінулым тыдні была інфармацыя аб тым, што ў Беларусь прыбылі байцы прыватнай вайсковай кампаніі „Вагнэр“. Цалкам магчыма, што яны рыхтуюць вайну пад чужым сьцягам, каб максымальна ўцягнуць Беларусь у вайну на баку Расеі».

Тым ня менш аналітык лічыць, што ўсё гэта скончыцца, хутчэй за ўсё, толькі палітычнымі заявамі з боку Лукашэнкі, але не выкарыстаньнем сілавога мэтаду.

«Улічваючы магчымасьці КДБ Беларусі, я ўпэўнены, што Лукашэнка дакладна ведае, чыя гэта ракета і хто яе пускаў», — падсумоўвае Алег Жданаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG