Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм Courage беларускага рэжысэра Палуяна атрымаў узнагароду «The Cinema for Peace»


Аляксей Палуян
Аляксей Палуян

Фільм адзначылі ў катэгорыі «Найлепшы палітычны фільм 2022 году». Рэжысэр парадаваўся, што ў сьвеце яшчэ памятаюць пра беларускі супраціў, раз узнагародзілі фільм.

Аляксей Палуян паведаміў пра атрыманьне ўзнагароды ў сваім фэйсбуку: «Пад канец жахлівага году прыходзяць добрыя навіны: Courage атрымаў узнагароду The Cinema for Peace ў катэгорыі „Найлепшы палітычны фільм 2022 году“. Вельмі прыемна асэнсоўваць, што пра беларускі супраціў у сьвеце яшчэ памятаюць. Выстаім! Абавязкова!»

Вядомая дакумэнтальная стужка Courage («Сьмеласьць») аб пратэставым жніўні 2020-га атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Найлепшы палітычны фільм» на The Cinema for Peace 2022 з фармулёўкай «натхняльны і матывуючы дакумэнтальны фільм пра мірнае паўстаньне нацыі супраць несправядлівасьці і жорсткага задушэньня дэмакратычных рухаў».

З часу прэм’еры на Бэрлінскім кінафэстывалі ў 2021 годзе фільм прагучаў на многіх міжнародных кінафорумах і трапіў у пракат некалькіх краін сьвету.

Стужка апавядае пра трох беларускіх актораў у летнія месяцы пратэставага году. Галоўныя героі — акторы Свабоднага тэатру Марына Якубовіч, Дзяніс Тарасенка і Павал Гарадніцкі. Усе яны былі вымушаныя выехаць з краіны.

Ініцыятыва «Кіно для міру» імкнецца з дапамогай фільмаў уплываць на ўспрыманьне і вырашэньне глябальных сацыяльных, палітычных і гуманітарных праблем нашага часу — і асабліва супрацьстаяць вайне і тэрору. У 2008 годзе гэтая ініцыятыва дапамагла заснаваць Фонд «Кіно для міру», міжнародную некамэрцыйную арганізацыю, мэтай якой зьяўляецца садзейнічаньне пераменам з дапамогай кіно і падтрымка фільмаў і сяброў кінасупольнасьці, якія спрабуюць нешта зьмяніць.

Фільм Courage быў сёлета ў шырокім сьпісе намінантаў на прэмію «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы дакумэнтальны фільм», аднак у фінальны сьпіс намінантаў ня трапіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG