Мала таго, што мы ня можам выгнаць прэзыдэнта, яны цяпер хочуць, каб мы і мужоў не маглі пазбавіцца!
Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала заявіў, што дзяржава аддае вялікую ўвагу захаваньню інстытуту сям’і, і суды мусяць улічваць гэта, разглядаючы справы аб разводах. Ён упэўнены, што заканадаўства ўсклала на суды асноўную функцыю па прымірэньні сужэнцаў і што гэта ня права судзьдзяў, а «вельмі жорсткі абавязак, які ўвесь час робіцца больш жорсткім».
Праўда, ні ў адпаведным артыкуле Кодэксу РБ аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў, ні ў Кодэксе гонару судзьдзі Рэспублікі Беларусь такога абавязку няма. Але гэта драбяза. Па-першае, у Беларусі закон лёгка пераробліваецца пад ужо існыя рэпрэсіўныя практыкі, а па-другое, тут даўно «не да законаў».
Да такога кшталту заяваў высокапастаўленых асобаў трэба ставіцца як да агучваньня турэмных паняцьцяў — правілаў нефармальных і непісаных, але абавязковых да выкананьня. Парушаць паняцьці — справа недальнабачная, бо пакараньні могуць быць самыя жорсткія.
Але, клянуся, магчымыя пакараньні беларускіх судзьдзяў — апошняе, што мяне цікавіць ва ўсёй гэтай гісторыі з прымусовымі «прымірэньнямі». А найперш для мяне важна, як гэта адаб’ецца на жанчынах, якія хочуць вызваліцца з шлюбу і якім цяпер будуць чыніць дадатковыя перашкоды.
Паводле судзьдзі Вярхоўнага суду Веры Кругавай, у 70% выпадкаў развод ініцыююць жанчыны. А гэта значыць, што «спроба прымірэньня сужэнцаў» будзе ў большасьці выпадкаў зводзіцца да таго, што судзьдзя будзе ўгаворваць жанчыну ўсё ж жыць далей з мужам. А дакладней, будзе ўгаворваць яе напляваць на ўласныя жаданьні і патрэбы дзеля таго, каб дзяржава больш эфэктыўна «захоўвала інстытут сям’і».
Здавалася б, развод нарэшце перастае выглядаць як нейкі нэгатыўны эпізод біяграфіі, якога варта саромецца і баяцца. Шлюб больш не кабала на ўсё жыцьцё, і жэняцца людзі ўсё часьцей не для таго, каб выжыць, аб’яднаўшы фінансы. Сацыёлягі і сэксолягі ўсё часьцей гавораць пра сэрыйную манагамію як найбольш распаўсюджаную цяпер форму рамантычных стасункаў. Але ўлады ў Беларусі маюць свае погляды на сацыяльную дынаміку.
А дынамікі не павінна быць. Не павінна быць аніякіх зьменаў — беларускам і беларусам павінна стаць агіднай сама ідэя, што нешта ў жыцьці можна зьмяніць. І, як у страшным сьне, да нас будуць вяртацца старыя падыходы кшталту «бачылі вочы, што абіралі», «сьцерпіцца-зьлюбіцца» і іншыя патрыярхальныя глупствы.
Дзяржава даўно абмяжоўвае права беларусак на аборт, а цяпер, відаць, прыйшоў час права на развод. Чаго чакаць? Тыдняў без разводаў? Прымусовага перадразводнага кансультаваньня, дзе сужэнцам будуць расказваць: даў Бог шлюб, дасьць і шчасьце ў шлюбе? Ці, можа, судзьдзям дазволяць адмаўляцца разводзіць людзей праз уласныя рэлігійныя перакананьні?
А пацярпелых ад хатняга гвалту таксама будуць угаворваць прабачыць мужу? «Ну так, зьневажаў і біў, але шлюб жа ні ў чым не вінаваты!». Зрэшты, я не зьдзіўлюся. Бо для гэтай дзяржавы людзі — нішто, а статыстыка — усё. Нас яшчэ чакаюць патасныя справаздачы пра тое, колькі шлюбаў «дазволіў захаваць новы падыход».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.