Сьцісла:
- Беларусь у эміграцыі і лукашэнкаўская Беларусь — дзьве розныя цывілізацыі.
- Зь Беларусі зьехала творчая эліта, інтэлектуальны і культурны цьвет нацыі.
- Дыяспара робіцца чыньнікам захаваньня беларускай ідэнтычнасьці, цывілізацыйнага коду нацыі.
- Лукашэнкаўская Беларусь у культурным пляне хутка ператвараецца ў расейскую правінцыю.
- Ці хопіць у дыяспары сілаў, рэсурсаў захоўваць код беларускай нацыі, каб потым у спрыяльны момант перанесьці яго ў Беларусь? Адказ невідавочны.
Галоўная праблема палягае ў тым, што паралельна пачалі існаваць дзьве Беларусі, дыстанцыя паміж якімі з кожным днём пашыраецца. Гэта Беларусь у эміграцыі і лукашэнкаўская Беларусь. Яны падзеленыя ня толькі геаграфічна, а, што больш важна, каштоўнасна. Можна сказаць, што яны прадстаўляюць розныя цывілізацыі, сусьветы.
Справа нават ня ў масавай эміграцыі. Такія працэсы перажылі шмат якія народы, напрыклад, у нашым рэгіёне — Літва, Латвія, Малдова.
Адрозьненьне беларускай эміграцыі ня толькі ў тым, што яна палітычная, вымушаная. Гаворка пра якасьць чалавечага капіталу. Краіну пакідае найбольш адукаваная, дынамічная, актыўная частка грамадзтва. Можна канстатаваць, што зь Беларусі зьехала творчая эліта, інтэлектуальны і культурны цьвет нацыі.
Фактычна з 2020 году мы ўбачылі новую зьяву. Беларуская дыяспара стала важным чыньнікам палітыкі, грамадзянскай супольнасьці, уплыву на міжнароднае пазыцыянаваньне Беларусі. Калі спрабаваць знайсьці гістарычныя аналёгіі, то можна параўнаць цяперашнюю беларускую сытуацыю з масавай эміграцыяй эліты з Расеі пасьля грамадзянскай вайны ці выезд культурнага слоя краіны ў часы нацысцкай Нямеччыны.
Цяпер можна назіраць новы этап. Дыяспара робіцца чыньнікам захаваньня беларускай ідэнтычнасьці, цывілізацыйнага коду нацыі. Вось, напрыклад, Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры падпісалі кантракт з Эўракамісіяй аб падтрымцы беларускай культуры і мастацтва на 2 мільёны эўра. Арганізацыі прэзэнтавалі праект «ArtPower Belarus: захаваньне беларускай грамадзкай прасторы праз культуру і мастацтва».
Важна адзначыць, што беларуская дыяспара раскіданая па розных краінах. Як трапна нядаўна заўважыў адзін экспэрт, беларусы сёньня — гэта Народ Ізраілеў.
Праблема яшчэ і ў тым, што лёгіка выжываньня беларусаў за мяжой прымушае іх адаптавацца да мясцовых умоваў той краіны, у якой яны жывуць. Зь цягам часу можа адбыцца іх асыміляцыя, як тое здарылася зь мінулымі хвалямі беларускай эміграцыі. Захаваньне этнічнай ідэнтычнасьці эмігрантаў — важная задача грамадзянскай супольнасьці за мяжой.
Усё гэта адбываецца на тле катастрафічных працэсаў у самой Беларусі. Фармуецца таталітарная сыстэма без грамадзянскай супольнасьці, зь мілітарызацыяй грамадзкага жыцьця. У выніку разбурэньня інфраструктуры альтэрнатыўнай Беларусі адбываецца рост даверу да ўладаў. Выкінуўшы праціўнікаў у турму ці эміграцыю, рэжым фармуе соцыюм падданых Лукашэнкі.
У культурным пляне краіна хутка ператвараецца ў расейскую правінцыю. Мэтанакіравана разбураюцца інстытуты, якія падтрымлівалі беларускую ідэнтычнасьць ці проста забясьпечвалі прыстойны ўзровень у розных сфэрах грамадзкага жыцьця. Гэта навука, адукацыя, бізнэс, спорт і інш.
Асабліва пацярпела культура. Ліквідаваны Купалаўскі тэатар, зьнішчана беларускае кнігавыдавецтва, музыкаў садзяць у турму і інш.
Сымбалямі, «народнымі героямі» гэтай Беларусі сталі пэрсанажы кшталту Азаронка і Мукавозчыка.
У ідэалёгіі штучна насаджаюцца наратывы «рускага сьвету» ў агрэсіўнай форме. Беларусаў ператвараюць у «рускіх з знакам якасьці». Улады разглядаюць саму ідэю беларускасьці ў этнакультурнай форме як варожую.
Ці хопіць у дыяспары сілаў, рэсурсаў, крэатыву падтрымліваць, захоўваць беларускую матрыцу, код беларускай нацыі, каб потым у спрыяльны момант перанесьці іх у Беларусь, на родную глебу? Адказ невідавочны. У гэтым і палягае сутнасьць беларускай драмы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.