Пасьля першага затрыманьня сілавікі пабілі Вадзіма Баранава і пашкодзілі ягоныя дакумэнты, паведамляе «Палеская Вясна». Гэта перашкодзіла Вадзіму зноў выехаць за мяжу.
У выніку праз час на яго завялі крымінальную справу, паведамляюць праваабаронцы. Цяпер ён у гомельскім СІЗА № 3, паводле зьвестак праваабаронцаў, яго вінавацяць у «пагрозах гвалтам» Лукашэнку.
Баранаў знаходзіўся ў Польшы і прыехаў дадому да маці. Раніцай 8 ліпеня яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Прычына — нібыта ў 2020 годзе ён хадзіў на мітынгі, а ў 2022-м фатаграфаваў вайсковую тэхніку і здымкі дасылаў у Telegram-каналы.
Крыніцы «Палескай Вясны» сьцьвярджаюць, што пры затрыманьні Вадзіма пабілі і пашкодзілі ягоныя дакумэнты — пашпарт, працоўную кніжку і пасьведчаньне кіроўцы. Праз сапсаваныя дакумэнты ён ня мог вярнуцца ў Польшчу. Пракуратура і Сьледчы камітэт на скаргу затрыманага адказалі, што дакумэнты «ён сам недзе згубіў і беспадстаўна скардзіцца».
Пасьля аднаўленьня дакумэнтаў, у дзень, калі атрымаў новую польскую візу, Вадзім пайшоў у РАУС, каб спытаць пра свой канфіскаваны міліцыяй тэлефон. Там яго зноў затрымалі і склалі 6 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
«Судзьдзя Ярмоленка Элеанора забірала пратаколы да таго часу, калі супраць грамадзяніна завялі крымінальную справу», — паведамляюць праваабаронцы.
Справу на Баранава завялі паводле артыкулу 366 Крымінальнага кодэксу («Гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак»). Спачатку — паводле часткі 1 гэтага артыкулу («Гвалт альбо пагроза гвалтам у адносінах службовай асобы»), затым — паводле ч. 2 («тыя ж дзеяньні ў адносінах прэзыдэнта»).
Першага кастрычніка яго этапавалі ў СІЗА Гомля. Паводле абвінавачаньня яму могуць прысудзіць да 8 гадоў зьняволеньня.
Раней Вадзім Баранаў працаваў на Мазырскім НПЗ.